У дакуменце пералічваюцца палітзняволеныя (Ігар Аліневіч, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Алесь Бяляцкі, Сяргей Каваленка, Дзмітрый Дашкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч, Павел Сырамятаў, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч) і ўтрымліваецца патрабаванне да беларускіх уладаў гарантаваць поўнае аднаўленне іх у грамадзянскіх і палітычных правах.
ПА АБСЕ настойліва заклікае ўлады Беларусі "адмяніць дамашні арышт, накладзены на выпушчаных з турмаў палітычных зняволеных, уключаючы Ірыну Халіп, Уладзіміра Някляева і іншых".
Акрамя таго, афіцыйны Мінск заклікаюць паважаць свабоду перамяшчэння сваіх грамадзян, уключаючы палітычных актывістаў, у Беларусі і за мяжой, а таксама пакласці канец уціску і пераследу грамадзянскай супольнасці, прафсаюзаў, незалежных СМІ і праваабаронцаў.
ПА АБСЕ прапануе беларускім уладам вярнуцца да разгляду заявак аб рэгістрацыі партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і няўрадавай праваабарончай арганізацыі "Вясна", якім было неаднаразова адмоўлена ў рэгістрацыі "без належных падстаў".
Асамблея заклікае Мінск выканаць рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы адносна прафсаюзаў.
ПА АБСЕ выказвае надзею на "выкананне Беларуссю сваіх абавязацельстваў у рамках АБСЕ, уключаючы Капенгагенскі дакумент 1990 года, асабліва адносна парламенцкіх выбараў, і своечасовае накіраванне запрашэння міжнародным назіральнікам для бесперашкоднага адсочвання ўсяго выбарчага працэсу".
У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік адмяніць прыгаворы і вылучаныя абвінавачанні супраць журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю і дазволіць неабмежаванае грамадскае абмеркаванне ключавых грамадскіх і палітычных праблем.
ПА АБСЕ рэкамендуе Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай прыпыніць выкананне свайго плана правядзення чэмпіянату свету ў 2014 годзе ў Мінску да вызвалення ўсіх палітзняволеных.
Акрамя таго, ПА АБСЕ заклікае правесці міжнароднае расследаванне па пытанні абыходжання з палітзняволенымі ў турмах Беларусі, уключаючы сцвярджэнні аб катаваннях такіх былых зняволеных, як Алесь Міхалевіч.
ПА АБСЕ асуджае пакаранне Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, абвінавачаных у арганізацыі тэракта ў мінскім метро і прыгавораных "у выніку суда, які не адпавядаў міжнародна-прававым нормам законнасці".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 7 ліпеня 2012