Намеснік дырэктара кабінета спікера сената Здзіслаў Іваніцкі паведаміў Польскаму агенцтву друку (ПАП), што інцыдэнт адбыўся на беларуска-польскім пагранічным пераходзе "Кузніца-Брузгі" каля 9 раніцы 22 красавіка.
"Сенатар ехаў з дыпламатычным пашпартам, у якім супрацоўнікі беларускай пагранслужбы паставілі пячатку "ўезд забаронены", — сказаў Іваніцкі.
Гогач павінен быў прысутнічаць у Гродне на фінале дыктоўкі па польскай мове з удзелам беларускіх палякаў. Адзін з абавязкаў польскага сената — клопат аб паляках замежжа.
Іваніцкі адзначыў, што 23 красавіка магчымая рэакцыя ўрада Польшчы на гэты інцыдэнт.
Нагадаем, падобны выпадак адбыўся 21 лютага, калі шэсць членаў камісіі сейма па сувязях з палякамі замежжа накіроўваліся ў Гродна для сустрэчы з прадстаўнікамі не прызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў. На пагранпераходзе "Кузніца-Брузгі" дэпутатам было адмоўлена ва ўездзе без тлумачэння прычын і нягледзячы на наяўнасць у іх дыпламатычных пашпартаў.
Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 23 красавіка 2012