Але вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў ня зьніме ўсіх праблемаў у дачыненьнях Брусэлю зь Менскам.
______________________________
Радыё Свабода: Спадар Більдт, ці думаеце вы, што Ўсходняе партнэрства можа сапраўды дзейнічаць безь Беларусі, якая ў ім фактычна не прысутнічала цягам двух апошніх гадоў?
Карл Більдт: Яно можа дзейнічаць, але, безумоўна, было б лепш, калі б Беларусь удзельнічала ў ім. Аднак гэта залежыць выключна ад Беларусі, а не ад нас.
РС: Што тычыцца палітвязьняў у Беларусі, вы паўтараеце, што ўсе яны павінны быць вызваленыя. А што з вашым іншым патрабаваньнем ― рэабілітацыяй палітвязьняў? Вы ўсё яшчэ гэтага патрабуеце?
КБ: Так, мы патрабуем іх вызваленьня і іх рэабілітацыі. Мы задаволеныя тым, што былі вызваленыя Андрэй Саньнікаў і яго калега. Гэта мы можам толькі вітаць. Але гэта толькі два палітвязьні. Калі я размаўляў з Андрэем Саньнікавым, ён сказаў мне, што ўмовы ў турме, мякка кажучы, далёкія ад задавальняючых. Так што як з палітычнага, так і гуманітарнага гледзішча, мы будзем цьвёрда патрабаваць вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў.
РС: Што міністры замежных справаў Эўразьвязу разумеюць пад словам «рэабілітацыя»?
КБ: Я ня думаю, што мы давалі фармальнае вызначэньне гэтаму слову, але мы напэўна здолеем распазнаць, калі такая рэабілітацыя наступіць.
РС: Вы сказалі, што гаварылі са спадаром Саньнікавым. Які мэсыдж ён перадаў Эўразьвязу?
КБ: Па-першае, ён сказаў, што ён вельмі ўдзячны за падтрымку, якую ён і іншыя палітвязьні атрымалі ад нас. Ён думае, што наша пазыцыя была адной з асноўных прычынаў ― калі ня самай асноўнай ― таго, што ён цяпер адносна свабодны, то бок, знаходзіцца па-за турмою ў Беларусі. Другі мэсыдж, які мы перадалі адзін аднаму, гэта тое, што мы будзем працягваць гэты палітычны курс. Гэта пытаньне вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітычных вязьняў. Пакуль так ня станецца, гэты курс ня зьменіцца.
РС: Калі станецца так, што ўсе астатнія палітвязьні будуць вызваленыя, дык ці тады будуць прыпыненыя санкцыі?
КБ: Калі так станецца, калі ўсе палітвязьні будуць вызваленыя, дык так, мы прыпынім санкцыі і вернемся да сытуацыі, якая была на пачатку сьнежня 2010 году. Гэта ня значыць, што мы зьнімем усе праблемы. Сёлета ў Беларусі будуць парлямэнцкія выбары. Мы будзем заклікаць беларускія ўлады, каб яны запрасілі міжнародных назіральнікаў і правялі гэтыя выбары свабодна і справядліва. Гэтыя патрабаваньні застануцца. Але я кажу тут пра санкцыі, якія зьвязаныя з палітвязьнямі пасьля сьнежня 2010 году.
РС: Некаторыя з амбасадараў Эўразьвязу вернуцца ў Менск на гэтым тыдні, але паціху. Чаму паціху? Чаму ня будзе ніякіх публічных заяваў на гэты конт?
КБ: Таму што гэта не належыць да нашай палітыкі. Мы ніколі не хацелі адклікаць нашых амбасадараў зь Менску. Гэтак зрабіў спадар Лукашэнка, калі ён дэ факта выдварыў двух нашых амбасадараў. Сярод нас існуе прынцып салідарнасьці, і таму мы адклікалі ўсіх нашых амбасадараў. Але рашэньне ў гэтай справе цяпер не на нашым баку, а на баку Лукашэнкі. Ён павінен дазволіць вярнуцца ўсім нашым амбасадарам. Мы хочам, каб яны вярнуліся. Гэта была яго ініцыятыва, каб яны былі адкліканыя.
РС: Ці вы кантактавалі са Швэдзкай хакейнай фэдэрацыяй у сувязі з сустрэчай Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі ў наступным месяцы і пытаньнем хакейнага чэмпіянату ў Беларусі ў 2014 годзе?
КБ: Не, я не кантактаваў. Я думаю, што гэтае пытаньне трэба пакінуць выключна ім. Я думаю, што яны ведаюць нашу думку, і я думаю, што яны ведаюць сытуацыю ў Беларусі. Яны прымуць сваё ўласнае рашэньне.
РС: Калі нічога ня здарыцца ў Беларусі, дык вы будзеце за тое, каб чэмпіянат сьвету па хакеі адбыўся ў гэтай краіне?
КБ: Мне ніколі не хацелася даваць палітычныя парады розным спартовым фэдэрацыям на сьвеце адносна таго, што ім трэба рабіць. Я думаю, што яны адзначылі, што мы ― Рада замежных справаў ЭЗ ― выказалі ў мінулым месяцы сваю заклапочанасьць гэтым канкрэтным пытаньнем.
Радыё Свабода
23 красавіка 2012