Мяркуючы па абнародаванай інфармацыі, рашэнне аб вяртанні кіраўнікоў місій было прынята еўрапейскімі дыпламатамі за зачыненымі дзвярыма ў Бруселі на гэтым тыдні. "У мяне яшчэ няма інструкцый, але я чакаю атрымаць іх у панядзелак", — цытуе EUobserver пасла краіны ЕС у Беларусі.
Нагадаем, сёлета католікі святкуюць Вялікдзень 8 красавіка.
Адзін з еўрапейскіх дыпламатаў сказаў сайту, што паслы вернуцца, калі беларускі бок будзе сябе правільна паводзіць. "Вядома, адсюль вынікае пытанне: што значыць "правільна"? Але, па ідэі, гэта павінна адбыцца", — адзначыў ён.
Нагадаем, 31 студзеня 2011 года на пасяджэнні ў Бруселі Савет ЕС зацвердзіў спіс прадстаўнікоў беларускай дзяржавы, чый уезд у Еўрасаюз забаронены і чые актывы на яго тэрыторыі павінны быць замарожаны. На думку членаў савета, гэтыя асобы садзейнічалі парушэнню правоў чалавека ў Беларусі. Спіс неаднаразова пашыраўся, і цяпер у ім больш чым 200 прозвішчаў. Санкцыі ЕС таксама тычацца 32 беларускіх прадпрыемстваў. Праводзячы такую палітыку, Еўрасаюз дабіваўся вызвалення і рэабілітацыі ў Беларусі палітзняволеных.
28 лютага беларускія ўлады рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва Еўрасаюза Майры Моры і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку "выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці ціску і санкцый". У Мінск для кансультацый былі адкліканыя пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Еўрасаюзе Андрэй Еўдачэнка і пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак. У адказ краіны ЕС адлікалі сваіх паслоў з Мінска.
Прадстаўнікі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі заяўляюць, што ўлады краіны стварылі спіс грамадзян, невыязных па палітычных прычынах. Так, у ноч з 27 на 28 сакавіка ўлады прадухілілі выезд з краіны апазіцыянераў Анатоля Лябедзькі, Сяргея Калякіна і Аляксандра Атрошчанкава, якія накіроўваліся ў Брусель на сустрэчу з еўракамісарам па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Штэфанам Фюле.
У выніку, як сказаў адзін з беларускіх актывістаў, на сустрэчы было "поўна лабістаў" Лукашэнкі. Але затрымання апазіцыянераў было недастаткова для невяртання паслоў. Паслы не вернуцца, калі, напрыклад, загіне апазіцыянер Сяргей Каваленка, які трымае ў турме галадоўку, адзначае EUobserver.
Адзін з еўрапейскіх дыпламатаў сказаў, што патэнцыяльнае вяртанне паслоў не павінна разглядацца як палітычны падарунак: "Мы гатовыя ўводзіць далейшыя санкцыі, калі сітуацыя не палепшыцца".
Яшчэ адзін еўрапейскі дыпламат сказаў: "Калі паслы будуць у Беларусі, гэта дапаможа нам працаваць там больш эфектыўна і атрымліваць справаздачы больш высокай якасці".
Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 31 сакавіка 2012