"Услед за патрабаваннем беларускіх улад аб тым, каб кіраўнік місіі ЕС у Мінску і пасол Польшчы пакінулі Беларусь, Вярхоўны прадстаўнік ЕС разам з міністрам замежных спраў Польшчы Радославам Сікорскім вырашылі адклікаць паслоў для кансультацый", — сказала Качыянчыч.
Паводле яе слоў, на экстраннай нарадзе камітэта па палітычных пытаннях і пытаннях бяспекі, якое толькі што завяршылася ў Бруселі, прынята рашэнне адклікаць з Мінска ўсіх паслоў краін ЕС.
"На гэтай нарадзе ў знак салідарнасці і адзінства было вырашана, што паслы ўсіх краін ЕС будуць адкліканыя з Мінска для кансультацый", — сказала прадстаўнік Эштан.
"Акрамя таго, усе беларускія паслы ў ЕС будуць выкліканыя ў міністэрствы замежных спраў краін іх знаходжання", — дадала Качыянчыч.
Нагадаем, некалькі гадзін таму афіцыйны Мінск прапанаваў кіраўніку прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майры Моры і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку "выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый". Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных у адказ на прынятае напярэдадні рашэнне Савета ЕС папоўніць спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў.
27 лютага на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕС у Бруселі ў так званы чорны спіс быў уключаны яшчэ 21 беларускі чыноўнік. Гэта прадстаўнікі судовай сістэмы і праваахоўных органаў. Іх прозвішчы павінны быць апублікаваныя 29 лютага ў Афіцыйным часопісе ЕС.
Першапачаткова ў спісе было 158 імёнаў. Пасля Савет ЕС неаднаразова пашыраў гэты пералік, і цяпер уезд у Еўрасаюз забаронены больш чым 200 беларускім чыноўнікам.
У сакавіку Савет міністраў ЕС разгледзіць поўны спіс беларускіх прадпрыемстваў і бізнесменаў, да якіх могуць быць прымененыя санкцыі ЕС, паведаміла Кэтрын Эштан.
Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 28 лютага 2012