https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Хілары Клінтан супраць Лукашэнкі


"Разам з еўрапейскімі партнёрамі мы будзем працягваць рабіць усё магчымае супраць рэжыму Лукашэнкі. Я маю на ўвазе санкцыі і забарону на перамяшчэнне", — заявіла дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан 6 снежня ў Вільнюсе на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці.
Як паведаміла БелаПАН удзельніца сустрэчы, рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, у складзе дэлегацыі былі праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Таццяна Равяка, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, кіраўнік рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацый Сяргей Мацкевіч, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Жанна Літвіна, дырэктар Беларускага дома правоў чалавека ў Вільнюсе Ганна Герасімава. На сустрэчы таксама павінна была прысутнічаць вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Кэтрын Эштан, аднак яна прыбыла ў сталіцу Літвы са спазненнем.

"Для мяне вялікі гонар сустрэцца з вамі, — сказала Клінтан. — Няма больш цяжкай працы, чым тое, што вы робіце, што вы спрабуеце пабудаваць дэмакратыю ў сваёй краіне. Мы ведаем, што мінулы год быў вельмі цяжкім для народа Беларусі. Мы ведаем, што кожны дзень адбываюцца арышты, прымаюцца рэпрэсіўныя законы, зведваюць пераслед актывісты грамадзянскай супольнасці. Мы працягваем заклікаць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітзняволеных. Гэта больш за 50 чалавек, якія знаходзяцца ў турме або так ці інакш абмежаваны ў свабодзе".

Наталля Радзіна, якая з`яўляецца фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года і атрымала палітычны прыстанак у Літве, пачала выступленне з асабістай гісторыі, акцэнтаваўшы ўвагу на становішчы палітзняволеных і заклікаўшы ЗША зрабіць усё магчымае, каб Еўрасаюз увёў эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

"Сёння ў беларускіх турмах працягваюць знаходзіцца 15 палітзняволеных, уключаючы двух кандыдатаў у прэзідэнты — Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча, — заявіла Радзіна. — Нам неабходна ратаваць гэтых людзей з турмаў любой цаной. Існуе рэальная пагроза жыццю кандыдата ў прэзідэнта Андрэя Саннікава і лідара "Маладога фронту" Дзмітрыя Дашкевіча. Іх сёння працягваюць катаваць і жорстка абыходзіцца з імі. Каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Дзмітрый Бандарэнка можа стаць інвалідам. Ён перанёс цяжкую аперацыю на пазваночніку і ходзіць сёння ў турме на мыліцах".

"Пазіцыя ЗША ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі сёння адзіная правільная і маральная. Але неабходна, каб да эканамічных санкцый супраць рэжыму далучыўся Еўрасаюз. Для гэтага Еўропе неабходна адмовіцца ад куплі беларускіх нафтапрадуктаў. Гэтыя грошы ідуць на ўтрыманне дыктатуры і яе рэпрэсіўнага апарату. Пазіцыя ЕС і ЗША павінна быць адзінай і моцнай. ЗША павінны выкарыстаць усе свае рычагі ўплыву, каб Еўрасаюз таксама ўвёў рэальныя, а не сімвалічныя эканамічныя санкцыі", — сказала Радзіна.

Таццяна Равяка спынілася на сітуацыі з адвакатамі ў Беларусі, у якіх адбіраюць ліцэнзіі. Паводле яе слоў, рэпрэсіі супраць адвакатаў пазбаўляюць беларусаў права на абарону. Пасля арышту Алеся Бяляцкага беларускія праваабаронцы самі маюць патрэбу ў абароне, пад пагрозай ліквідацыі апынуўся і Беларускі Хельсінкскі камітэт — апошняя афіцыйна зарэгістраваная беларуская праваабарончая арганізацыя.

Равяка паведаміла Клінтан, што ў Беларусі прыняты рэпрэсіўныя законы, якія фактычна забараняюць правядзенне любых акцый пратэсту і аказанне замежнай дапамогі грамадскім арганізацыям.

Старшыня БАЖ Жанна Літвіна заявіла, што з-за эканамічнага крызісу "беларускія ўлады ўзмацнілі кантроль над грамадствам, насаджаюць страх, умацоўваюць спецслужбы". Больш агрэсіўнай становіцца афіцыйная прапаганда. "Аднак уладам усё цяжэй кіраваць грамадствам. У людзей ёсць вялікае жаданне атрымліваць інфармацыю без цэнзуры. І, нягледзячы на рэпрэсіі, мы, незалежныя журналісты, працуем. Таму што ведаем, што сёння самае галоўнае — даць людзям інфармацыю", — сказала Літвіна.

Валянцін Стэфановіч выказаў занепакоенасць перспектывай стварэння Еўразійскага саюза і актыўнай падтрымкай Аляксандрам Лукашэнкам гэтай ініцыятывы Уладзіміра Пуціна і Дзмітрыя Мядзведзева.

"З`яўленне такога кшталту ваенна-палітычных саюзаў небяспечна для незалежнасці Беларусі. Лукашэнка, ратуючы сваю ўладу, пачаў распродаж незалежнасці Беларусі. Было вялікай памылкай некаторых еўрапейскіх палітыкаў сцвярджаць, што Лукашэнка — гарант незалежнасці. Гарантам ён ніколі не быў. Ён гатовы да распрадажы сваёй краіны", — сказаў Стэфановіч.

Паводле яго слоў, Лукашэнка не вырашыў эканамічных праблем з атрыманнем расійскіх крэдытаў і грошай ад продажу прадпрыемстваў. "Гэтых грошай недастаткова. Так што нават у гэтай сітуацыі ідэя задзейнічаць эканамічныя рычагі супраць Лукашэнкі застаецца актуальнай. І, вядома, гэта павінен зрабіць Еўрасаюз", — заявіў праваабаронца.

Выслухаўшы прадстаўнікоў Беларусі, Хілары Клінтан зазначыла, што ЗША будуць пастаянна ўзнімаць пытанне вызвалення палітзняволеных. Найперш па гуманітарных падставах павінны быць вызвалены людзі, чыё здароўе ў небяспецы, сказала дзяржсакратар.

Паводле яе слоў, павінна быць больш каардынацыі як паміж ЗША і ЕС, гэтак і паміж грамадзянскай супольнасцю Амерыкі і Еўропы, каб падтрымаць тых, хто вельмі рызыкуе ў Беларусі.

Намеснік дзяржсакратара ЗША Майкл Познер, які прысутнічаў на сустрэчы, заявіў: "Мы павінны падвоіць нашы намаганні і больш цесна працаваць з ЕС у гэтым пытанні".

Адразу пасля сустрэчы з беларускімі актывістамі Клінтан зрабіла публічную заяву: "Незразумела, як сёння, у снежні 2011 года, у Еўропе рэжым Лукашэнкі робіць тое, што ён робіць. Таму мы ўсе зацікаўлены гаварыць яшчэ больш жорстка".

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 6 снежня 2011
 
Дата публикации:06.12.2011
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:2794
 
Ключевые слова:
Беларусь-США Оппозиция Санкции Евросоюза Визовый режим Нефтепродукты
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме