Паводле слоў парламентарыя, камітэт заняў такую пазіцыю, абмеркаваўшы заяву прэзідэнта суседняй краіны Аляксандра Лукашэнкі пра перадачу зняволеных ЕС.
"Камітэт па замежных справах разглядаў апошнюю заяву А.Лукашэнкі пра палітзняволеных, якія цяпер, мабыць, не без яго ініцыятывы знаходзяцца ў турмах Мінска. Палітзняволеным пасля яго выказвання, якое, калі гэта праўда, гучыць так: "Калі ЕС жадае іх забраць, вышлем іх заўтра", наш камітэт гаворыць, што калі палітзняволеныя гэтага пажадаюць, то мы гатовы іх прыняць, але толькі з улікам іх пажадання", — прыводзіць словы Зінгерыса журналістам інтэрнэт-рэсурс Delfi.lt.
"На жаль, як бачым, не суды, а беларускія кіраўнікі ў аднабаковым парадку вырашаюць лёсы людзей. Калі гэта так, Літва гатова да пасрэдніцтва", — адзначыў палітык.
"Мы ў першую чаргу заклікаем вызваліць усіх палітзняволеных адразу і без усякіх умоў. І лічу, што гэта пазіцыя будзе ўхвалена на найбліжэйшых пасяджэннях з удзелам міністраў замежных спраў краін ЕС, бо мы не можам пакінуць па-за ўвагай такія сур`ёзныя парушэнні правоў чалавека, якія мелі месца пасля 19 снежня, калі дастойныя палітычныя і культурныя дзеячы Беларусі апынуліся за кратамі. Таму мы, з`яўляючыся часткай ЕС, адкрываем для іх свае дзверы, але толькі калі яны самі гэтага пажадаюць", — сказаў Зінгерыс.
Аляксандр Лукашэнка 7 ліпеня ў Шклове (Магілёўская вобласць) заявіў, што гатовы ўсіх, каго на Захадзе лічаць палітзняволенымі, пагрузіць у вагоны і адправіць у ЕС.
"А калі ў ЕС іх хочуць да сябе забраць — заўтра білет выпішам і адправім, не пытанне, — прапанаваў Лукашэнка. — Хай забіраюць, калі яны такія заступнікі па палітзняволеных. Заўтра ў адзін вагон пасадзім — я прыму рашэнне — усіх, і нават тых, хто сёння застаўся на волі і мыкаюць на плошчах, яны спецыяльна правакуюць. Усіх, за каго яны рупяцца, заўтра ў вагон — і туды. Калі хутчэй — самалёт выдзелім, перакінем імгненна, хай забіраюць. Але вось убачыце, як яны на гэта адрэагуюць".
БелаПАН
Мінск, 13 ліпеня 2011