"У парадак дня нашых адносін з Еўрасаюзам мэта бязвізавага перамяшчэння ў двухбаковым парадку пакуль не ўключана, — цытуе Мартынава РІА Новости. — Мы цяпер канцэнтруемся на тэме малога памежнага перамяшчэння".
Міністр адзначыў, што ў пытанні "малога памежнага руху дасягнуты прагрэс", дадаўшы, што "ў Беларусі падпісаны пагадненні з усімі суседзямі — краінамі-ўдзельніцамі Еўрасаюза". Пры гэтым ён паведаміў, што з беларускага боку гэтыя пагадненні ратыфікаваны парламентам, аднак пытанне іх ратыфікацыі з боку некаторых дзяржаў-суседзяў з ліку членаў ЕС яшчэ застаецца адкрытым.
У краіне, паводле слоў кіраўніка МЗС, ідзе вялікая тэхнічная праца па рэалізацыі гэтых пагадненняў на практыцы. Мартынаў згадаў пра выдачу спецыяльных карт для памежнага насельніцтва 50-кіламетровай зоны.
Малое памежнае перамяшчэнне, на яго думку, значна зменіць жыццё прыкладна мільёна чалавек па розныя бакі межаў.
Нагадаем, у канцы мая старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Ігар Рачкоўскі паведаміў, што Беларусь тэхнічна будзе гатовая да пачатку малога памежнага руху з Літвой і Латвіяй пасля 1 ліпеня.
Ён удакладніў, што непасрэдна малы памежны рух пачнецца праз 30 дзён пасля абмену міністэрствамі замежных спраў нотамі аб выкананні ўнутрыдзяржаўных працэдур па набыцці моцы адпаведных пагадненняў. Рачкоўскі адзначыў, што ў першую чаргу гаворка ідзе пра ўвядзенне малога памежнага руху з Літвой і Латвіяй. Паводле яго слоў, з Польшчай, з якой у Беларусі таксама ёсць пагадненне аб спрошчаным парадку перамяшчэння грамадзян праз мяжу, "вырашэнне пытання тармозіцца".
Праект малога памежнага руху прадугледжвае, што жыхары сумежных краін, якія пражываюць у 50-кіламетровай зоне ад агульных межаў, змогуць наведваць тэрыторыю іншай дзяржавы без візаў праз пункт спрошчанага пераходу.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 20 чэрвеня 2011