Міністэрства замежных спраў Беларусі вядзе маніторынг сітуацыі ў Японіі пасля землетрасення і цунамі. "Сітуацыя даволі складаная. У сувязі з гэтым мы рэкамендуем беларускім грамадзянам устрымацца ад паездак у гэту краіну да стабілізацыі абстаноўкі", — падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС.
Пры гэтым ён адзначыў, што асаблівую заклапочанасць выклікае абстаноўка на японскіх атамных станцыях "Фукусіма-1" і "Фукусіма-2".
"Мы ўважліва аналізуем афіцыйную інфармацыю кампетэнтных органаў Японіі і экспертаў МАГАТЭ", — сказаў Андрэй Савіных.
МЗС рэкамендуе беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца ў прэфектурах Міягі, Фукусіма і Іватэ, пераехаць у паўднёвыя раёны краіны або пакінуць Японію рэгулярнымі рэйсамі.
Андрэй Савіных падкрэсліў, што цяпер прапрацоўваецца варыянт дзеянняў на выпадак пагаршэння абстаноўкі.
Звязда
18 сакавіка 2011