У інтэрв`ю нямецкаму часопісу Focus, фрагменты якога прыводзіць агенцтва DTS, Пофала зазначыў, што людзі, якія выступілі за свабоду і дэмакратыю, "збітыя дубінкамі, знявечаныя і кінутыя ў турму". Паводле яго слоў, выбар Аляксандрам Лукашэнкам шляху насілля "нельга зразумець і апраўдаць".
Пофала падкрэсліў, што ў межах Еўрасаюза Германія "выкарыстоўвае ўсе магчымыя дзеянні і не будзе мірыцца з тым, што ў сэрцы Еўропы парушаюцца правы чалавека". "Таму мы павінны, у прыватнасці, вярнуцца да забароны на ўезд і мэтанакіраваных санкцый", — заявіў кіраўнік ведамства Ангелы Меркель.
31 студзеня міністры замежных спраў краін ЕС разгледзяць пытанне аб санкцыях у адносінах да Беларусі. У сувязі з гэтым Пофала заклікаў да адзінай лініі паводзін: "Мы павінны выкарыстаць такія арганізацыі, як ЕС, Савет Еўропы і АБСЕ, каб дзейнічаць разам".
Прадстаўнік нямецкіх улад зноў запатрабаваў ад Лукашэнкі вызвалення палітзняволеных. "Першым крокам павінна стаць па меншай меры забеспячэнне неадкладнага і бесперашкоднага доступу да іх адвакатаў і сваякоў, а таксама поўнае медыцынскае забеспячэнне", — сказаў Пофала.
У пачатку лістапада Рональд Пофала наведаў Мінск, дзе заявіў, што адносіны Беларусі з Еўропай будуць залежаць ад таго, наколькі прэзідэнцкія выбары ў краіне пройдуць сумленна і свабодна. Пры гэтым, паводле яго слоў, Беларусь, як і раней, далёкая ад свабодных выбараў "у тым сэнсе, як мы гэта разумеем".
"Упэўненасць у тым, што працэс выбараў не сфальсіфікаваны, з`яўляецца асновай дэмакратычнай легітымацыі Беларусі", — падкрэсліў Пофала ў інтэрв`ю БелаПАН у сярэдзіне лістапада.
6 студзеня ў тэлефоннай гутарцы з лідарам руху "За Свабоду" Аляксандрам Мілінкевічам" кіраўнік ведамства федэральнага канцлера заявіў, што пазіцыя ФРГ у дачыненні да беларускіх вязняў сумлення застаецца нязменнай: усе яны павінны быць выпушчаныя на волю ў адпаведнасці з прынцыпамі прававой дзяржавы, а сваякам зняволеных павінна быць дадзена магчымасць наведаць іх.
Пофала падкрэсліў, што Германія будзе цвёрда адстойваць гэтую пазіцыю, пакуль ахвяры рэпрэсій не будуць вызвалены.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 24 студзеня 2011