Беларусь прапануе сфарміраваць энергетычны парадак дня ААН па дасягненню ўстойлівага развіцця. Аб гэтым заявіла першы сакратар галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Беларусі Таццяна Ляшкова, выступаючы па тэме "Выкараненне ў галіне прамысловага развіцця" на Другім камітэце Генеральнай Асамблеі ААН.
Беларуская дэлегацыя падтрымала неабходнасць развіцця міжнароднага супрацоўніцтва па энергетычнай тэматыцы для надання ўстойлівага характару глабальнай эканоміцы і прамысловаму сектару. Таццяна Ляшкова падкрэсліла, што ў пытанні пашырэння доступу да энергетычных паслуг асобную ўвагу трэба ўдзяляць краінам, што сталі на шлях развіцця, і краінам з сярэднім узроўнем даходу.
Беларускі дыпламат адзначыла, што Беларусь падтрымлівае неабходнасць прыняцця практычных мер па рэалізацыі дамоўленасцей, якія былі дасягнуты ў ходзе праведзенай у чэрвені 2012 года Канферэнцыі ААН па ўстойліваму развіццю ("Рыа+20"). Ініцыятыва "Зялёная індустрыяльная платформа", якая была прадстаўлена на канферэнцыі, можа стаць лакаматывам развіцця "зялёнай" прамысловасці і пераводу эканомікі на экалагічныя рэйкі.
Таццяна Ляшкова адзначыла намаганні ААН па прамысловаму развіццю (ЮНІДА) па пошуку мадэлей садзейнічання перадачы энергетычных тэхналогій і прапанавала адаптаваць для магчымага прымянення ў глабальных маштабах вопыт стварэння ў 2009 годзе пры падтрымцы ЮНІДА рэгіянальнага цэнтра Эканамічнай супольнасці краін Заходняй Афрыкі (ЭКОВАС) па аднаўляльнай энергетыцы і энергаэфектыўнасці.
Прадстаўнік Беларусі асабліва падкрэсліла неабходнасць хутчэйшай рэалізацыі рашэнняў, прынятых на канферэнцыі "Рыа+20". Беларускі дыпламат прапанавала, каб у якасці аднаго з інтэлектуальных алгарытмаў для выканання рашэнняў "Рыа+20" стала фарміраванне ў інтарэсах усіх дзяржаў - членаў ААН энергетычнага парадку дня ААН па дасягненню ўстойлівага развіцця.
Таццяна Ляшкова высока ацаніла дзейнасць ЮНІДА і генеральнага дырэктара гэтай арганізацыі Кандэ Юмкелы па развіццю новай і аднаўляльнай энергетыкі ў мэтах забеспячэння доступу краін да сучасных энергетычных паслуг па ўсім свеце.
8 лістапада 2012, Мінск
БЕЛТА