https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: Нам неабыякавая сітуацыя вакол Ірана, мы і самі часам адчуваем нападкі на нашу краіну


Беларусь выступае супраць любога дыктату і навязвання волі звонку, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 6 сакавіка міністра замежных спраў Ірана Алі Акбара Салехі.
"Мы актыўныя праціўнікі ўсялякага дыктату і навязвання волі звонку. Мы супраць таго, каб суверэннай, незалежнай дзяржаве з боку ўказвалі, як ёй развівацца і ў якім кірунку. Упэўнены, што так разумеюць гэта і ў Іране, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Любое кіраўніцтва любой краіны павінна быць нацэленае на тое, каб было лепш і больш стабільна жыць грамадзянам гэтай краіны. І я ведаю, што ваш прэзідэнт, і парламент, і духоўны лідар нацэленыя менавіта на гэта, і мы такую палітыку падтрымліваем".

Паводле слоў беларускага кіраўніка, у Беларусі вельмі ўважліва сочаць за сітуацыяй, якая разгортваецца вакол Ірана. "Яна нам неабыякавая. Мы вельмі разумеем і спачуваем усяму таму, што адбываецца вакол Ірана, таму што і самі часам адчуваем няхай не такія жорсткія нападкі на нашу краіну", — падкрэсліў Лукашэнка.

Гаворачы пра беларуска-іранскія адносіны, Лукашэнка адзначыў, што дарожная карта або праграма двухбаковых дзеянняў вызначана. "У Беларусі не маюць намеру ні на крок адступаць ад гэтай праграмы. І, калі на гэта ёсць воля вашага кіраўніцтва, мы будзем яшчэ больш актыўна ператвараць у жыццё тыя планы, якія мы намецілі на многіх сустрэчах з кіраўнікамі Ірана", — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што расцэньвае цяперашні візіт Салехі перш за ўсё як магчымасць "ацаніць двухбаковыя адносіны на гэтым складаным этапе і ажыццявіць пэўную рэвізію праграм, што рэалізуюцца". "Спадзяюся, што вы з вашым беларускім калегам ажыццявіце такую работу, і я буду ўдзячны, калі яна прывядзе да больш шырокага супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што ў яго склаліся "вельмі добрыя і цёплыя" адносіны з кіраўніком Ірана і яго духоўным лідарам. "Вельмі спадзяюся, што пасля парламенцкіх выбараў, якія, на шчасце, прайшлі ў вас нармальна, Іран стане яшчэ больш стабільным, мабільным і будзе накіраваны ў будучыню ў імя сваіх грамадзян", — сказаў ён.

Салехі ад імя прэзідэнта Ірана запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць гэтую краіну.

Кіраўнік іранскага МЗС таксама падкрэсліў, што для яго вялікі гонар сустрэцца з Лукашэнкам. "Вы вельмі знакаміты ў Іране, і я заўсёды хацеў атрымаць магчымасць сустрэцца з такім цудоўным чалавекам, — сказаў Салехі. — Успрыманне вас нашым народам вельмі пазітыўнае, паколькі вы заўсёды імкнуліся да незалежнасці. І мы ведаем, што імкненне да незалежнасці мае цану і за гэта трэба плаціць. І вы, і ваш народ праяўлялі сапраўды мужнасць на працягу апошніх 20 гадоў. Менавіта гэта дазволіла Беларусі дабіцца высокага статусу на міжнароднай палітычнай арэне".

Ён таксама адзначыў: "Так, вы сутыкаліся з праблемамі, адчувалі ціск, але ў рэшце рэшт вы выйдзеце з сітуацыі пераможцамі, паколькі справядлівасць пераможа".

Кіраўнік іранскага МЗС знаходзіцца ў Беларусі з візітам з 5 па 7 сакавіка. Сёння раніцай Салехі сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 6 сакавіка 2012
 
Дата публикации:06.03.2012
Тематика:Бизнес, Дипломатия
Просмотров:2323
 
Ключевые слова:
Беларусь-Иран
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме