Аб гэтым паведаміла журналістам віцэ-міністр замежных спраў Літвы Аста Скайсгірытэ Ляўшкене 9 жніўня ў Вільнюсе пасля пазачарговага пасяджэння міжнароднага камітэта літоўскага сейма, на якім абмяркоўваўся скандал з выдачай Мінюстам Літвы ўладам Беларусі інфармацыі аб банкаўскіх рахунках беларускіх апазіцыянераў.
Вось ужо некалькі гадоў у Літве "дзейнічаюць нефармальныя працэдуры, каб пазбягаць падобных пастак", піша інфармацыйны партал Delfi. "З 2008 года існуе традыцыя, калі любая ўстанова, якая атрымала далікатны запыт з-за мяжы, кансультуецца з МЗС. І МЗС раіць: дзейнічайце так ці інакш у адным або іншым выпадку. У гэтым выпадку, на жаль, такога запыту (з Мінюста) не было", — паведаміла Ляўшкене.
Нагадаем, 6 жніўня МЗС Літвы заявіла, што рэкамендавала літоўскім ведамствам не падаваць Беларусі інфармацыю, якую можна выкарыстаць супраць апазіцыі. "Па ініцыятыве МЗС у чэрвені і ліпені былі арганізаваныя міжведамасныя нарады на беларускую тэму, на якіх абмяркоўвалася, як абараніць асоб, звязаных з беларускай апазіцыяй. Ледзь атрымаўшы сігналы аб магчымым выкарыстанні інструментаў прававой дапамогі супраць членаў грамадзянскай супольнасці, МЗС звярнулася ў іншыя літоўскія ўстановы з просьбай не падаваць Беларусі падобную інфармацыю, якая магла б быць выкарыстаная для пераследу апазіцыі", — гаварылася ў заяве.
У сваю чаргу, міністр юстыцыі Літвы Рэмігіюс Шімашус заявіў журналістам: "Можа быць, і былі нейкія нарады, але Міністэрства юстыцыі не інфармавалася аб гэтым і нічога аб гэтым не ведае". Ён выказаў шкадаванне наконт таго, што знешнепалітычнае ведамства Літвы "не патурбавалася інфармаваць Міністэрства юстыцыі аб тым, што ёсць зона рызыкі, звязаная з прадастаўленнем прававой дапамогі і што ў цэлым на ўсе запыты Беларусі трэба глядзець спецыфічна".
Няўзгодненасць літоўскіх ведамстваў пацягнула за сабой арышт 4 жніўня ў Мінску вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. На падставе атрыманай ад Мінюста Літвы інфармацыі аб банкаўскім рахунку Бяляцкага дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі інкрымінуе праваабаронцу ўхіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры. Яму пагражае пазбаўленне волі тэрмінам на сем гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Беларускія праваабаронцы, вымушаныя працаваць у сябе на радзіме нелегальна ў сілу спецыфікі дзейных законаў, сцвярджаюць, што сродкі, якія паступаюць на іх рахункі ў літоўскіх банках, выкарыстоўваліся для аказання дапамогі рэпрэсаваным грамадзянам і іх сем`ям.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 10 жніўня 2011