У склад дэлегацыі ўвайшлі: міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, міністр фінансаў Андрэй Харкавец, начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Нацбанка Аляксей Лясной, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва і гандлю, начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці апарату Савета міністраў Генадзь Мядзведзеў.
Камандзіроўка будзе доўжыцца з 21 па 25 верасня. Яе мэта ў дакуменце ў адкрытым доступе не названа.
Разам з тым вядома, што гэтымі днямі ў Вашынгтоне адбудзецца штогадовы сход кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка.
Нагадаем, урад і Нацбанк Беларусі разлічваюць на новую праграму крэдытнага супрацоўніцтва з МВФ. "Папярэдне вызначалася сума крэдыту ў 5—8 мільярдаў долараў. Але, магчыма, нам такія грошы і не запатрабуюцца. Гэта будзе залежаць ад таго, як МВФ ацэніць нашы дзеянні", — заявіла Ермакова 17 верасня, дадаўшы, што фонд ужо ўхваліў апошнія дзеянні ўрада па выйсці на адзіны курс.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 20 верасня 2011