Дэпутат таксама гарантаваў, што саюзнікі могуць упэўнена праз Вільнюс ажыццяўляць фінансаванне беларускіх апазіцыйных сіл. "Мы падтрымліваем апазіцыянераў, якія жывуць у Літве, умацуем фінансаванне і будзем аказваць палітычную падтрымку", — цытуе Зінгерыса інфармацыйны партал Delfi.
Заява была зроблена пасля экстраннага трохгадзіннага пасяджэння міжнароднага камітэта, на якім абмяркоўваўся скандал з выдачай Мінюстам Літвы ўладам Беларусі інфармацыі аб банкаўскіх рахунках беларускіх апазіцыянераў, у выніку чаго ў Мінску арыштаваны праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Удзельнікі пасяджэння прыйшлі да высновы аб тым, што гэты інцыдэнт з`яўляецца адзінкавым выпадкам, прычына якога — недастатковая каардынацыя дзеянняў розных ведамстваў Літвы.
У выніковай рэзалюцыі прапанавана стварыць міжведамасную рабочую групу для расследавання інцыдэнту з рахункамі беларускіх праваабаронцаў і недапушчэння падобнага ў будучыні.
У дакуменце таксама выказана падтрымка беларускім дэмакратычным сілам. Інцыдэнт з банкаўскімі рахункамі не зменіць такую пазіцыю літоўскай дзяржавы, гаворыцца ў рэзалюцыі.
"Камітэт па замежных справах выказвае глыбокую заклапочанасць, шкадаванне і прабачэнні ў сувязі з гэтымі падзеямі", — заявіў журналістам Зінгерыс.
БелаПАН
Мінск, 10 жніўня 2011