"Нейкі час таму прэзідэнт ЗША казаў пра тое, што трэба пачаць перазагрузку ў адносінах з Расіяй, — нагадаў кангрэсмен. — Зараз мы можам казаць аб перазагрузцы [адносінаў з Беларуссю]. ЗША і ўсім краінам трэба паглядзець на сітуацыю з боку і падумаць, як можна палепшыць адносіны. Апошнім часам адносіны паміж ЗША і Беларуссю, ЗША і Расіяй развіваліся ў не вельмі пазітыўным кірунку і гэту праблему трэба вырашаць сумесна".
Супрацоўніцтва дзвюх краін у сферы навукі можа пасадзейнічаць "вяртанню нашых адносінаў у пазітыўнае рэчышча", сказаў Рорабакер. Паводле слоў кангрэсмена, вярнуўшыся на радзіму, ён у першую чаргу будзе "гаварыць аб уражаннях", якія ў яго склаліся пасля паездкі ў Беларусь. "Нас спрабуюць пераканаць, што Беларусь і Расія варожыя нашай краіне, але падчас свайго візіту я не знаходжу гэтаму пацвярджэння", — сказаў амерыканскі палітык.
"Я ў першую чаргу буду гаварыць пра тое, што людзі тут добрыя, цудоўныя і не жадаюць нам зла. Прадстаўнікі ўрада мяне запэўнівалі, што Беларусь хоча паляпшэння адносінаў. Трэба сказаць, што асвятленне Беларусі ў нашай прэсе — негатыўнае, таму, калі я вярнуся, я паспрабую гэта выправіць", — паабяцаў Дана Рорабакер.
Дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША прыбыла ў Беларусь 2 жніўня. Паездка праходзіць па ініцыятыве амерыканскага боку. У першы дзень візіту кангрэсмены наведалі месца гібелі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты і тэрыторыю былога нацысцкага канцлагера ў Малым Трасцянцы.
3 жніўня дэлегацыя сустрэлася з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і намеснікам міністра замежных спраў Аляксандрам Гур`янавым. На сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Рорабакер прапанаваў Беларусі і ЗША павысіць узровень дыпламатычнага прадстаўніцтва, а таксама вярнуць пасла ЗША ў Мінск і пасла Беларусі — у Вашынгтон. У сваю чаргу Лукашэнка запэўніў гасцей, што Беларусь была і будзе зацікаўленая ў падтрыманні паўнацэннага супрацоўніцтва з ЗША.
У панядзелак амерыканскія кангрэсмены таксама сустрэнуцца з кіраўніком Нацыянальнага банка Паўлам Калаурам. Завершыцца візіт 4 жніўня.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 3 жніўня 2015
Мінск, 3 жніўня 2015