"За апошнія два гады пры ўсіх няпростых пытаннях паміж нашымі краінамі ў палітычнай сферы колькасць беларуска-амерыканскіх сумесных прадпрыемстваў павялічылася на 100, і сёння ў Беларусі 382 сумесныя кампаніі. Яны розныя па сваёй эканамічнай плацежаздольнасці, ёсць як дастаткова паспяховыя, так і невялікія. Мы мяркуем, што гэта той кірунак, які трэба развіваць", — прыводзіць словы кіраўніка беларускага ўрада прэс-служба Савета міністраў.
Мясніковіч паведаміў, што паміж Беларуссю і ЗША складваецца "нядрэнны аб`ём тавараабароту". Параметры знешнеэканамічнай дзейнасці дзвюх краін, на яго думку, "вельмі абнадзейваюць", бо назіраецца пазітыўная дынаміка развіцця. "Ёсць шмат пытанняў, якія можна было б вырашыць, каб сумесны бізнес беларускіх і амерыканскіх кампаній быў больш актыўным. Мы будзем усяляк садзейнічаць, каб развівалася супрацоўніцтва ў сферы паслуг, бо ўжо ёсць добрыя напрацоўкі і праекты ў галіне камп`ютарных паслуг. Гэта гаворыць аб шматграннасці нашага ўзаемадзеяння", — падкрэсліў прэм`ер-міністр.
Кіраўнік урада адзначыў, што беларускі бок надае вялікае значэнне канструктыўнай падтрымцы з боку ЗША работы Беларусі па ўваходжанні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, а таксама сумеснай працы па многіх пытаннях у ААН. Спрашчаюцца працэдуры выдачы віз для асобных катэгорый беларускіх і амерыканскіх грамадзян.
Мясніковіч нагадаў, што першы беларуска-амерыканскі інвестыцыйны форум адбудзецца 22 верасня гэтага года ў Нью-Ёрку. "Мы запрашаем узяць удзел у гэтым мерапрыемстве прадстаўнікоў вядучых амерыканскіх кампаній і, безумоўна, будзем удзячныя, калі ад вас паступяць адпаведныя рэкамендацыі амерыканскаму бізнесу, каб сумесна абмеркаваць актуальныя пытанні, у тым ліку гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, а таксама прадумаць, як уцягнуць у гэтую працу міжнародныя фінансавыя істытуты", — сказаў ён.
Акрамя таго, Мясніковіч прапанаваў прадумаць магчымасць пашырэння савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і ЗША. Ён падкрэсліў, што беларускі бок будзе прыкладаць максімум намаганняў, каб ствараць камфортныя ўмовы для рэалізацыі сумесных праектаў і развіцця супрацоўніцтва.
Скот Роланд у сваю чаргу адзначыў, што ЗША разглядаюць магчымасць пашырэння двухбаковых адносін з Беларуссю ў сферах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 11 верасня 2014