https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


АБСЕ заклікала Лукашэнку спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да СМІ


Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) заклікала Аляксандра Лукашэнку пакласці канец "беспрэцэдэнтным" рэпрэсіям СМІ пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў лісце прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды прэсы Дуньі Міятавіч, адрасаваным Лукашэнку.
Міятавіч заклікала кіраўніка беларускай дзяржавы зрабіць неадкладныя захады з мэтай без прамаруджвання спыніць арышты, фізічнае насілле і націск у дачыненні да ўсіх журналістаў, незалежна ад іх нацыянальнасці і сімпатый, а таксама зняць усе абвінавачанні супраць прадстаўнікоў СМІ, якія зведваюць судовы пераслед, уключаючы Андрэя Пачобута і Наталлю Радзіну, і ануляваць прыгавор Ірыне Халіп. Апрача таго, Міятавіч заклікала адмяніць папярэджанні газетам "Народная воля" і "Наша ніва" і такім чынам спыніць судовы працэс па іх закрыцці.

Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды прэсы просіць Лукашэнку выступіць з адкрытым зваротам з выказваннем падтрымкі журналістам, незалежна ад іх палітычнай арыентацыі і сімпатый, а таксама заклікаць усе органы правапарадку садзейнічаць, а не перашкаджаць дзейнасці журналістаў і гарантаваць ім шырокі доступ да інфармацыі.

Міятавіч асудзіла дзеянні міліцыі супраць журналістаў падчас акцыі маўклівага пратэсту 29 чэрвеня. У час акцыі былі затрыманы або атакаваны не менш як 12 журналістаў, у тым ліку карэспандэнты BBC, Reuters, Інтэрфакса, Літоўскай і Латвійскай нацыянальных радыёстанцый, БелаПАН, газеты "Наша нiва", "Белгазеты", зазначае прадстаўнік АБСЕ.

"Я звяртаюся да Вас непасрэдна як да найвышэйшай інстанцыі для таго, каб поўнасцю мабілізаваць урад абараніць усіх і кожнага работніка медыя ў Беларусі ад страху, уціску, судовых і адміністрацыйных пераследаў, змяшчэння ў турму, насілля, катаванняў у месцах утрымання пад вартай, а таксама ад закрыцця СМІ. Я веру, што гэта — поўнасцю ў Вашых руках, і я заклікаю Вас рашуча спыніць гэту практыку", — гаворыцца ў звароце.

Паводле слоў Міятавіч, у Беларусі "небяспечнай тэндэнцыяй" стала насілле супраць "шматлікіх журналістаў", чыімі грамадскімі абавязкамі было інфармаваць суграмадзян аб важных палітычных падзеях. "Паведамленні пра тое, што міліцыя і супрацоўнікі службаў бяспекі ў цывільным збіваюць журналістаў, затрымліваюць іх і псуюць іх апаратуру, друкуюцца зараз літаральна кожны дзень", — зазначае аўтар адозвы.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 1 ліпеня 2011
 
Дата публикации:02.07.2011
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:3134
 
Ключевые слова:
СМИ Беларуси Журналистика Права человека ОБСЕ
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме