Ваенная камісія Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК) падрыхтавала для Міністэрства абароны прапановы аб павышэнні гатоўнасці арміі да супрацьстаяння знешняй агрэсіі.
Кангрэс прапануе "вызначыць галоўным патрабаваннем для ваеннаслужачых пры атэстацыях і прызначэннях на вышэйшыя пасады іх гатоўнасць абараняць дзяржаўную незалежнасць Беларусі ад пагроз з усіх без выключэння кірункаў". Прапанавана таксама павысіць выдаткі на абарону да ўзроўню не меншага за 2% ВУП, а зарплату прафесійным вайскоўцам — да ўзроўню, які б забяспечваў даход на кожнага члена сям`і ў памеры не меншым за мінімальны спажывецкі бюджэт.
Беларускі нацыянальны кангрэс лічыць неабходным рэалізаваць канцэпцыю тэрытарыяльных войскаў.
Акрамя таго, БНК прапануе: "у ідэалагічнай працы ў арміі абапірацца перш за ўсё на тысячагадовую ваенную гісторыю беларускага народа без выключэнняў з яе дзеля задобрывання іншых дзяржаў"; "прысвойваць воінскім часцям назвы месцаў знакамітых перамог нашых продкаў і імёны іх славутых палкаводцаў"; "замовіць серыю фільмаў, прысвечаных значным падзеям нашай ваеннай гісторыі і яе найбольш выбітным палкаводцам".
Дакумент таксама змяшчае прапанову распрацаваць, надрукаваць вялікім накладам і выдаваць усім ваеннаабавязаным даведнік па ваеннай падрыхтоўцы, у якім павінен быць гістарычны раздзел, раздзел па ваеннай падрыхтоўцы і раздзел з рэкамендацыямі па дзеяннях у выпадку варожай агрэсіі. Акрамя таго, прапануецца стварыць тэматычны інтэрнэт-рэсурс, размясціўшы на ім навучальныя відэаролікі, у тым ліку створаныя пры ўдзеле беларусаў, якія маюць нядаўні вопыт удзелу ў рэальных баявых дзеяннях.
Гэтыя прапановы вайсковая камісія БНК ўжо накіравала ў Міністэрства абароны.
"Калі рэакцыя на нашы прапановы засведчыць негатоўнасць рэжыму прымаць рэальныя і аператыўныя меры, каб выправіць становішча ў арміі, то патрыятычная частка грамадства будзе вымушаная шукаць свае шляхі для павышэння здольнасці беларускага народа абараняць сваю дзяржаўнасць", — адзначыў Статкевіч.
Рашэнне аб стварэнні ваеннай камісіі БНК было прынятае 7 снежня. Яе галоўнай мэтай былы палітвязень назваў "захаванне і ўмацаванне незалежнасці Беларусі". Задачамі камісіі, паводле слоў палітыка, з`яўляюцца "аналіз пагроз, распрацоўка для кіраўніцтва ваенных структур дзейнай улады прапаноў па павышэнні псіхалагічнай і маральнай падрыхтаванасці арміі дзеля гатоўнасці даць адпор магчымай агрэсіі з любога кірунку, а таксама правядзенне работы па падрыхтоўцы грамадзян да абароны незалежнасці краіны".
Раней Статкевіч накіроўваў міністру абароны Андрэю Раўкову пытанні адносна антыдзяржаўных поглядаў большай частцы афіцэраў беларускай арміі. У сваім адказе міністр заявіў, што афіцэрскі корпус арміі "адданы Беларусі і гатовы абараняць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу ў любых умовах абстаноўкі". Пры гэтым выказаныя Статкевічам сумненні з нагоды адданасці беларускіх афіцэраў сваёй Радзіме, на думку Раўкова, "не служаць справе арганізацыі бяспекі суверэннай незалежнай Беларусі".
Атрыманне адказу з Мінабароны, лічыць Статкевіч, сведчыць пра занепакоенасць з боку ўлады. "Яны кажуць, што ўсё добра, але разумеюць, што гэта не так. Сваім лістом яны даюць сігнал Расіі, што ў нас усё добра, не лезьце сюды. Па-другое, яны спрабуюць даць ўстаноўку сваім уласным сілавым структурам, што павінна быць так і так. Па-трэцяе, гэта спроба супакоіць грамадства, па меншай меры яго патрыятычную частку", — сказаў ён. Пры гэтым дыялог з уладай па пытаннях абараназдольнасці і незалежнасці Статкевіч назваў "высокай каштоўнасцю".
Беларускі нацыянальны кангрэс створаны з ініцыятывы групы грамадскіх і палітычных дзеячаў у мэтах кансалідацыі апазіцыі. У яго аргкамітэт увайшлі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч, Міхаіл Пастухоў. Зараз кангрэс дзейнічае ў форме савета, першае пасяджэнне якога прайшло 28 мая.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 14 снежня 2016
Мінск, 14 снежня 2016