https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


"Мы не палохаем інвестараў лічбамі": як аднаўляюць касцёл Святога Роха


Гэты год стаў пераломным у гісторыі касцёла – завяршылася рэстаўрацыя знутры і пачалося добраўпарадкаванне звонку.
Дэндрарый, музей рэтра-аўтамабіляў і дзіцячая пляцоўка — гэта апісанне не сучаснага забаўляльнага цэнтра, а самага старога прыхода ў Мінску — залатагорскага, які займае каля двух гектараў зямлі. Такім, па планах настаяцеля прыхода ксёндза-каноніка Юрыя Санько, ён стане прыкладна праз пяць гадоў.

Усё пачалося з архітэктурнай памылкі

Сродкі на ўнутраную рэстаўрацыю касцёла Найсвяцейшай Тройцы, больш вядомага мінчанам як касцёл Святога Роха на Залатой Горцы, збіралі талакой. Замест патрэбных 21 тысячы беларускіх рублёў сабралі нават крыху больш — 22 200.

Касцёл пачалі рэстаўраваць з-за расколінаў у сценах. Падчас праведзенага аналізу высветлілася, што нагрузка ад даху ішла не вертыкальна на сцены, а на скляпенні, якія літаральна "разрывалі" сцены. Архітэктурная памылка пачала праяўляцца каля дзесяці гадоў таму — у 2015 годзе дах замянілі, а ў гэтым — расшылі ўсе вялікія расколіны, пакрылі тынкоўкай і пафарбавалі.

У парафіі вырашылі не спыняцца на дасягнутым і пачалі добраўпарадкаванне прыкасцёльнай тэрыторыі. Старт працы дало пасольства Польшчы ў Беларусі — выдаткавала сродкі на дзіцячую пляцоўку. Такіх у Мінску толькі дзве — адна на зачыненай тэрыторыі, другая — каля касцёла Святога Роха. Сюды можа прыходзіць любы жадаючы. У сонечныя дні пляцоўка не пустуе, дзеці з самых першых дзён аблюбавалі гэтае месца.

"У гэтым годзе мы хочам прывесці ў парадак каля аднаго гектара зямлі. Гэта вельмі вялікая праца", — падкрэсліў ксёндз Юрый.

Многае зроблена з дапамогай прыхажан. Людзі не толькі прыносяць грошы, але і самі з захапленнем працуюць тут падчас суботнікаў. Кожную суботу да касцёла прыходзіць каля сарака чалавек.

"Канешне, укладку пліткі і іншыя спецыфічныя работы робяць наёмныя людзі, але львіную долю пытанняў дапамаглі вырашыць менавіта парафіняне", — распавёў Юрый Санько.

"Частку надмагільных пліт знайшлі на сметніку ў Сенніцы"
Галоўная мэта добраўпарадкавання тэрыторыі вакол касцёла — захаваць могілкі, якія былі тут многа гадоў таму. Яны распрасціраліся да крамы "Акіян" і займалі частку вуліцы Казлова.

"На пачатку добраўпарадкавання тэрыторыі атрымалі дакументы ад былога інвестара, які хацеў будаваць тут дамы. Калі тут праводзілі даследванні і рабілі шурфы, знайшлі магілы двух дарослых людзей і адно дзіцятка. Мы рады, што можам зрабіць тут паркавую зону і быць упэўненымі ў тым, што магілы ніколі не будуць апаганеныя", — дадае настаяцель прыхода.

Надмагільныя пліты ад былых могілак засталіся толькі на ўваходзе на прыкасцёльную тэрыторыю. Іх тут было каля дванаццаці, а частку прывезлі са сметніка ў Сенніцы.

"Надмагільныя пліты знаходзяцца каля галоўнай алеі, каб кожны чалавек, які сюды прыходзіць, ведаў, што раней тут былі могілкі. Але трэба разумець, што пахаванні людзей знаходзіліся тут паўсюль", — падкрэсліў Санько.

Якім будзе касцёл 2.0?

Планы ў ксёндза Юрыя грандыёзныя. Да канца года будзе скончана цэнтральная алея, узмоцнены газон і пляцоўка для сцэны.

У цэнтры будзе ўсталявана скульптурная выява Уваскрослага Хрыста з пазначэннем, што раней тут былі залатагорскія могілкі, а па перыметры — стацыі Крыжовага шляху, які Хрыстос прайшоў пад цяжарам крыжа.

Увесну на тэрыторыі Аптэчнага саду плануецца пасадзіць першыя зёлкі, каб потым з іх рабіць лекавыя зборы.

На месцы гаражоў адкрыецца музей рэтра-аўтамабіляў. Зараз тут прадстаўлена толькі частка экспазіцыі, якая з цягам часу будзе павялічвацца. Непадалёк будзе працаваць гурток рэстаўрацыі аўтамабіляў для моладзі, дзе кожны жадаючы зможа ўзяць на сябе ролю сапраўднага рэстаўратара. Адпачыць госці прыкасцёльнай тэрыторыі змогуць у невялічкім кафэ.

Усё гэта толькі першая чарга добраўпарадкавання. У адпаведнасці з другой тут з`явіцца парк з дрэвамі, якія ўзгадваюцца ў Бібліі і растуць у нашых шыротах, плошча Багародзіцы, а таксама адукацыйны цэнтр з класамі для вывучэння асноў хрысціянскай рэлігіі.

"Хуткасць рэалізацыі ўсіх праектаў залежыць ад многіх фактараў. Гаворка ідзе не толькі пра добраўпарадкаванне, але і пра зацвярджэнне дакументаў, пошук інвестараў і праходжанне экспертыз. Калі б не трэба было ўсё гэта рабіць, то праца рухалася б значна хутчэй. Дарэчы, праект першай чаргі ўзгаднялі каля года", — тлумачыць ксёндз Юрый.

Як будуць збіраць сродкі, у касцёле Святога Роха пакуль не ведаюць. Магчыма, пры дапамозе інвестараў, ёсць варыянт і краудфандынга.

"Вялікага бюджэту няма. Мы стараемся не палохаць інвестараў вялікі лічбамі. Цяжка казаць пра пэўныя сумы, бо ў адным выпадку размова ідзе аб аднаўленні будынка ў 400 квадратаў, а ў іншым — аб добраўпарадкаванні аднаго гектара зямлі. Наш дэвіз: з усяго свету па нітцы — і атрымліваецца прыгожая кашуля", — упэўнены ксёндз.

Sputnik, 19 верасня 2018
 
Дата публикации:19.09.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:371
 
Ключевые слова:
Религия Христианство Реставрация Касцёл Святога Роха Мінск
 
 


Комментарии