https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Навукова даказана: у Беларусі ўмелі апрацоўваць воўну 5 тысяч гадоў таму


Сучасная археалогія выкарыстоўвае розныя навуковыя дысцыпліны для таго, каб дакладна ўстанавіць факты. Як маленькая костачка стала сведкай вялікага тэхналагічнага прарыву.
Беларускія навукоўцы не першы год даследуюць унікальны помнік археалогіі – Крывінскі тарфянік. Артэфакты з дрэва, косці, рога з каменнага веку дайшлі да нас у добрай захаванасці.

Дзякуючы звычайным утылітарным рэчам можна ўзнавіць побыт старажытных людзей, ацаніць іх навыкі і развіццё тэхналогій, якія існавалі тысячы гадоў таму. Дэталёвая рэканструкцыя мінулага ўяўляе сабой асаблівую цікавасць для вучоных.

І тут узнікае першая складанасць: як інтэрпрэтаваць тую ці іншую знаходку і хто можа гэта зрабіць. Для гэтага і існуе такі метад, як трасалогія. Пры яго дапамозе вывучаюцца сляды, якія застаюцца на прадметах пры іх вырабе і выкарыстанні.

Навуковы тандэм

Падчас археалагічных экспедыцый на Крывінскі тарфянік загадчык аддзела археалогіі першабытнага таварыства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Максім Чарняўскі сабраў вялікую калекцыю артэфактаў.

Значная іх частка адносіцца да паўночнабеларускай археалагічнай культуры, якая існавала ў эпоху позняга неаліту – ранняй бронзы на тэрыторыі Паазер’я ў Беларусі, поўдні Пскоўскай вобласці, паўночным захадзе Смаленскай вобласці і на паўднёвым усходзе Латвіі.

Сярод знаходак у калекцыі асабліва вылучаліся спецыфічныя маленькія касцяныя зубчыкі. Каб зразумець, дзеля чаго яны выкарыстоўваліся, трэба было правесці цэлы шэраг дадатковых даследаванняў.

Максім Чарняўскі ў тандэме з навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры РАН Ганнай Малюцінай пры дапамозе эксперымента змаглі ўстанавіць, як іх выкарыстоўвалі нашы далёкія продкі якіхсьці 5 тысяч гадоў таму.

Першасная апрацоўка воўны

"Мы пачалі збіраць гэтыя маленькія зубчыкі вышынёй каля трох сантыметраў. На іх бачны рэшткі клею. Яны былі апушчаны хутчэй за ўсё ў драўляную аснову. Мы прыйшлі да высновы, што гэта былі зубцы для часання воўны", - сказала Ганна Малюціна.

Па словах расійскага вучонага, гэта ўнікальныя рэчы, таму што такіх знаходак не рабілі нідзе ў арэале паўночнабеларускай археалагічнай культуры. Кажучы навуковай мовай – гэта карды.

"Сляды на касцяных зубцах дазваляюць нам з упэўненасцю і дакладнасцю казаць, што яны апрацоўвалі воўну. Атрымліваецца, у канцы III – пачатку II тысячагоддзя да нашай эры тут была апрацоўка поўсці", - падкрэсліла трасолаг.

Еўрапейская тэхналагічная прастора

Навукоўцы з Беларусі і Расіі зрабілі рэплікі прылад працы, або, як кажуць археолагі, наборныя інструменты, з якімі яны на практыцы даказалі, што 5 тысяч гадоў таму ў беларускім Паазер’і часалі воўну.

Эксперымент паказаў, што на кардах у ходзе часання воўны застаюцца сапраўды такія ж сляды зносу, якія былі выяўлены на зубцах, знойдзеных у ходзе археалагічных даследаванняў.

Таксама ў папярэднія гады археолагі знаходзілі косці коз і авечак, якія маглі быць для старажытных людзей крыніцай сыравіны, а ў дадзеным выпадку – канкрэтна воўны.

У ходзе вывучэння еўрапейскіх знаходак на наяўнасць падобных прылад працы ўдалося ўстанавіць, што ў Швейцарыі на тарфяным археалагічным помніку канца III тысячагоддзя была знойдзена драўляная дзяржальна з дзірачкамі.

Гэта дае магчымасць выказаць здагадку, што перад намі рэшткі падобных прыстасаванняў. Проста ў Беларусі захаваліся складаныя часткі, а ў Швейцарыі – яго аснова.

Ганна Малюціна кажа, што нельга выключаць, што першаснай апрацоўкай воўны пры дапамозе падобных прылад займаліся ва ўсёй Еўропе, але для таго, каб сцвярджаць гэта дакладна, патрэбны матэрыяльныя доказы.

У добрай захаванасці артэфакты з дрэва, косці ці рога да нашых дзён даходзяць толькі ў тарфяніках, і такіх помнікаў у сучаснай Еўропе засталося з-за дзейнасці чалавека не так і шмат. Таму кожны такі гістарычны аб’ект уяўляе сабой павышаную каштоўнасць.

"Для лясной зоны Усходняй Еўропы Крывінскі тарфянік з’яўляецца ўнікальным помнікам", - упэўнена расійскі археолаг.

P.S.

У цяперашні час можна казаць аб тым, што беларускім і расійскім навукоўцам атрымалася эксперыментальным шляхам даказаць, што воўну на тэрыторыі Беларусі апрацоўвалі яшчэ ў III тысячагоддзі да нашай эры.

Самі артэфакты з’яўляюцца найстаражытнейшымі вядомымі сведчаннямі апрацоўкі воўны ў лясной зоне Усходняй Еўропы. Гэта сапраўдная сенсацыя.

Sputnik
, 9 сакавіка 2025
 
Дата публикации:09.03.2025
Тематика:Культура, Разное
Просмотров:40
 
Ключевые слова:
Археология Исследования Технологии Неолит
 
 


Комментарии