https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Ветэраны з усіх куткоў Беларусі прымаюць віншаванні са святам Перамогі


Адным з урачыстых момантаў стала ўручэнне юбілейных медалёў «80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».
Ганаровыя місіі свята

Гэтымі днямі ветэраны Гродна прымалі асабістыя віншаванні ад прадстаўнікоў абласных і гарадскіх улад, дэпутацкага корпуса, грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў. 

Са слоў падзякі пачалася сустрэча старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка з ветэранам Уладзімірам Калеснікавым. Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што такая традыцыя для беларусаў была і застаецца самай важнай і знакавай. Сучаснае пакаленне памятае імёны воінаў, якія вынеслі ўсе цяжкасці вайны і, нягледзячы на ахвяры, выстаялі і заваявалі Перамогу.

— Памяць аб подзвігу беларускага народа з’яўляецца неад’емнай часткай нашай беларускай ідэнтычнасці і патрыятызму і будзе перадавацца дзецям і ўнукам, — падкрэсліў губернатар. — Мы зробім усё, каб вечны агонь памяці аб тых жудасных падзеях, аб героях, якія здабылі Перамогу, каб гэты агонь заўсёды гарэў у сэрцах беларусаў і ніколі не згасаў.

Уладзіміру Калеснікаву 97 гадоў, пайшоў на фронт у 16 у складзе запаснога батальёна. Першы бой прыняў пад Харкавам. Удзельнічаў у Берлінскай наступальнай аперацыі. Пасля вайны Уладзімір Фёдаравіч вырашыў звязаць свой лёс з ваеннай службай. Ветэран пажадаў усім прысутным добрага здароўя, шчасця і даў наказ быць патрыётамі сваёй краіны, любіць і абараняць Беларусь, як гэта рабілі іх дзяды і прадзеды. Менавіта таму вораг і быў разгромлены. А сёння для таго, каб забяспечыць моц сваёй краіны, усім трэба добра працаваць.

Па традыцыі госці разам з ветэранам выканалі песню «Дзень Перамогі» і пасадзілі ў двары, дзе пражывае ветэран, маладое дрэўца.

Любімую ўсімі песню выканала падчас віншавання ветэран Валянціна Баранава, якая летась адсвяткавала стагадовы юбілей.

Напярэдадні 9 Мая да дому ў цэнтры Гродна завітала дэлегацыя на чале са старшынёй Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Аленай Пасютай. Яна выказала словы шчырай удзячнасці гэтай стойкай і мужнай жанчыне, якая пайшла на фронт у 18 гадоў і баявы шлях прайшла ў якасці памочніка камандзіра ўзвода, начальніка змены ваенна-тэлеграфнай станцыі. Перамогу сустрэла ў Празе. Валянціна Пятроўна і сёння не губляе жыццёвага аптымізму і з’яўляецца прыкладам для моладзі ў справе служэння сваёй краіне.

Словы падзякі, кветкі і падарункі атрымала напярэдадні Дня Перамогі старшына медыцынскай службы ў адстаўцы Марыя Патлаценка. Жанчына ў даволі шаноўным узросце, два гады таму перасягнула стагадовы рубеж, але і сёння працягвае кантактаваць з моладдзю, гатова прыняць гасцей. Юбілейны медаль ёй уручыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Жук. А дэлегацыя на чале са старшынёй гарадскога выканаўчага камітэта Андрэем Хмелем вітала ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Івана Няўзорава. Ветэран звязаў сваё жыццё з пагранічнай службай. Ён выказаў упэўненасць у тым, што і цяпер рубяжы яго краіны пад надзейнай абаронай.

Віншаванні і юбілейныя медалі атрымалі сем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Некаторыя з іх перасягнулі стагадовы ўзрост, астатнія набліжаюцца да яго. Для ветэранаў вельмі важная такая ўвага з боку улад, грамадскасці, моладзі. Па словах удзельніка вайны Леаніда Данілава, гэта надае ім упэўненасці у тым, што Перамога жыве ў нашчадках, а ахвяры іх пакалення былі не дарэмнымі. Усе ветэраны павіншавалі сваіх гасцей з надыходзячым агульным святам і далі наказ жыць мірна. Падчас святочнай цырымоніі гучалі песні ваенных гадоў, усе прысутныя выконвалі песню «Дзень Перамогі», якая стала сапраўдным сімвалам аб’яднання некалькіх пакаленняў.

У госці да героя

На Гомельшчыне да Дня Перамогі правялі надзвычай цёплыя, кранальныя акцыі віншавання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, былых вязняў канлагераў, працаўнікоў тылу.

Шчырыя словы падзякі і віншаванні памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў адрасаваў ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Аляксею Галавацкаму. Падчас імправізаванага парада каля дома героя Юрый Горлаў уручыў Аляксею Аляксандравічу нагрудны знак «80 гадоў вызвалення Гомельскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Знакаміты жыхар Гомельшчыны — Аляксей Галавацкі — сустрэў вайну 16-гадовым юнаком. Яму давялося быць кулямётчыкам у партызанскім атрадзе. Пасля герой вайны ўдзельнічаў у ліквідацыі бандыцкіх груповак на тэрыторыі Заходняй Украіны. У складзе 1-га Беларускага фронту Аляксей Аляксандравіч дайшоў да Берліна. Аб гераічным шляху ветэрана сведчаць яго шматлікія ўзнагароды.

— Вы разам са сваімі паплечнікамі падарылі нам цудоўную сучаснасць, у якой мы цяпер жывём. Ад сябе асабіста, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва Гомельскай вобласці жадаю вам доўгіх гадоў жыцця. Дзякуй за ваш подзвіг! — звярнуўся да героя Вялікай Перамогі памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў. — Калі забудзем пра мінулае, то ў нас не будзе сучаснасці, не будзе будучыні. І чым больш праўды мы будзем ведаць пра подзвігі нашых герояў, пра вашы подзвігі, Аляксей Аляксандравіч, тым больш будзе яднацца наш беларускі народ, будзе больш загартаваным і згуртаваным, каб не дапусціць агрэсараў на нашу святую зямлю, якая была адваяваная вамі і вашымі братамі па духу. Вы з’яўляецеся для нас вялікім прыкладам, гонарам для ўсяго беларускага народа. Хочацца, каб наша моладзь раўнялася на вас.

Пад гукі пераможнага мая

Напярэдадні Дня Перамогі ў Магілёве адразу па некалькіх адрасах гучна, урачыста і святочна віталі ветэранаў. Пад іх вокнамі гучалі бадзёрыя рытмы ваеннага марша, курсанты чаканілі крок, дэманструючы выключную выпраўку, і віталі былых франтавікоў трохкратным «ура». Дзяўчаты дарылі ўсмешкі і кветкі, запускалі ў мірнае неба паветраныя шары. І кожны шчыра жадаў, каб сёлетні май быў для гэтых мужных людзей такім жа шчаслівым і ўрачыстым, як і той, пераможны, амаль 80 гадоў таму.

Магіляўчанін Міхаіл Цітоў («Звязда» пісала пра гэтага адважнага ветэрана летась у нумары ад 5 мая ў праекце «Відавочца Перамогі») 17-гадовым хлопцам граміў ворага ў складзе 346-га партызанскага атрада. Адважны герой прыняў удзел у дзевяці дыверсіях, знішчаў камунікацыі ворага, пускаў пад адхон варожыя цягнікі. У 1944-м у якасці аўтаматчыка 5-й гвардзейскай стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронту вызваляў Усходнюю Прусію. Пад Кёнігсбергам атрымаў цяжкае раненне і Дзень Перамогі сустрэў у шпіталі. За мужнасць і гераізм Міхаіл Цітоў узнагароджаны ордэнам «Айчыннай вайны І ступені», медалямі «Партызан Айчыннай вайны», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За Перамогу над Германіяй».

Гады даюць сваё, але ветэран трымаецца бадзёра. І гасцей сустракаў каля пад’езда свайго дома, пешшу спусціўся з пятага паверха, а потым разам з кіраўніцтвам горада і іншымі ганаровымі гасцямі яшчэ раз пераадолеў гэты шлях. А перад гэтым ён даў наказ маладым людзям, якія прыйшлі яго павітаць:

— Трэба вучыцца і быць моцнымі і здаровымі. А каб было здароўе, трэба добра харчавацца і мець і фізічную нагрузку.

Міхаіл Цітоў паведаміў, што 9 Мая прыме ўдзел у парадзе, а потым паедзе на летнік у вёску. У якасці садавода-аматара вырошчвае там персікі, абрыкосы, слівы, вішні, чарэшню, яблыкі і, вядома, бульбу. Бо, як трапна заўважыў ветэран: які ж гэта беларус, у якога няма бульбы.

Не менш ветліва сустракаў гасцей Андрэй Андрэйчыкаў (публікацыя пра ветэрана ў «Звяздзе» ад 2 студзеня 2024 года). Падцягнуты, у баявой гімнасцёрцы — ён усім сваім відам сімвалізуе нязломнасць і непахіснасць. Падлеткам перажыў акупацыю, быў відавочцам баёў за Магілёў. У 1944 годзе трапіў на фронт у якасці пехацінца, прайшоў усю Польшчу, дайшоў да Берліна. Дзень Перамогі сустрэў таксама ў шпіталі. У баі, дзе ён атрымаў раненне, амаль ніхто не выжыў. За мужнасць і гераізм ветэран адзначаны баявым ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За Адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Прагі». Сярод працоўных узнагарод Андрэя Андрэйчыкава — медаль «За доблесную працу» і Ганаровы знак «Ветэран працы».

Маргарыту Ікусаву віншавалі наогул рамантычна — ва ўпрыгожанай колерамі дзяржаўнага сцяга люльцы пад’ёмніка. Пад урачыстыя гукі духавога аркестра малады чалавек у гімнасцёрцы перадаў жанчыне букет кветак. Удзельніцу баёў віталі вучні ваенна-патрыятычных класаў, дзяўчаты са сцяжкамі і паветранымі шарамі, курсанты.

Маргарыта Васільеўна пайшла на фронт у 1942 годзе, калі ёй споўнілася 17 гадоў. На працягу дзевяці месяцаў навучалася ў школе малодшых авіяспецыялістаў, атрымала ваенную спецыяльнасць радыётэлеграфіста. Ваявала ў складзе 26-га асобнага ордэна Чырвонай Зоркі палка сувязі. Прымала ўдзел у вызваленні Данбаса, Днепрапятроўска, Крывога Рога, Адэсы, удзельнічала ў баях за Малдавію. Перамогу сустрэла ў горадзе Мёдлінгу пад Венай. Сярод узнагарод — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За ўзяцце Будапешта», «За ўзяцце Вены», «За вызваленне Украіны», «За Перамогу над Германіяй».

Вучань ваенна-патрыятычнага класа 12-й школы Міхаіл Варфаламееў, які ўдзельнічаў у віншаваннях ветэранаў, прызнаўся, што для яго гэта вельмі ганаровая падзея. Юнак удзячны ветэранам за Перамогу, за магчымасць жыць у мірнай краіне. Сваё жыццё збіраецца звязаць з ваеннай справай, працягваць ганаровую місію па ахове міру на роднай зямлі.

Усім ветэранам, якіх напярэдадні вялікага свята Дня Перамогі наведалі прадстаўнікі ўлады, курсанты, моладзь, быў уручаны юбілейны медаль «80 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

— Для былых франтавікоў гэта самае важнае свята на зямлі, — адзначыў ваенны камісар Магілёва і Магілёўскага раёна палкоўнік Максім Уласаў. — Яны перажылі жахі вайны, боль успамінаў ад якіх заўсёды ў іх сэрцы. Дзякуючы ім мы сёння жывём пад мірным небам і можам цаніць тыя дробязі жыцця, на якія часам нават не звяртаем увагі.

Разам з узнагародамі ветэраны атрымалі каштоўныя падарункі ад кіраўніцтва горада, Міністэрства абароны, арганізацый раёна.

Шмат цёплых слоў у іх адрас прагучала з вуснаў мэра Магілёва Аляксандра Студнева і старшыні Магілёўскага гарсавета Максіма Гурына. Яны пажадалі былым франтавікам здароўя і заставацца прыкладам мужнасці і вытрымкі для маладога пакалення.

Па інфармацыі абласной ветэранскай арганізацыі, на 1 студзеня ў Магілёўскай вобласці з ліку ветэранаў вайны пражывала 98 чалавек, з якіх 37 — у Магілёве і 27 — у Бабруйску.

Аўтары:
Маргарыта Ушкевіч
Наталля Капрыленка
Нэлi Зігуля
Звязда, 7 траўня 2024
 
Дата публикации:07.05.2024
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:187
 
Ключевые слова:
Ветераны День Победы 80-лет освобождения Беларуси Великая Отечественная война Магілёў Гомель Гродна
 
 


Комментарии