https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Беларусь гатова разглядаць любыя новыя ідэі і праекты з боку замежных партнёраў


Аб гэтым заявіў 25 студзеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Звяртаючыся да дыпламатаў, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу да некаторыя аспекты так званай эканамічнай дыпламатыі.

"Беларусь вельмі зацікаўлена ў пашырэнні замежных гандлёва-эканамічных сувязей, - падкрэсліў беларускі лідар. - Нашы дзяржаўныя структуры і дзелавая супольнасць гатовы разглядаць любыя новыя ідэі, праекты і ініцыятывы з вашага боку".

"Мы нацэлены як на ўмацаванне ўзаемавыгадных кантактаў з традыцыйнымі эканамічнымі партнёрамі, так і на асваенне новых рынкаў для дыверсіфікацыі не толькі нашага экспарту, але і ўсіх нашых адносін", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, гэта з`яўляецца залогам стабільнасці эканомікі і павышэння ўзроўню жыцця грамадзян.

"У нашай краіны рэпутацыя актыўнага прыхільніка захавання стабільнасці і бяспекі ў свеце", - адзначыў беларускі лідар.

"Добра, што і ў Еўрасаюзе, і ў Злучаных Штатах Амерыкі разгледзелі нашу міралюбівую палітыку, вывучылі яе і зрабілі выснову, што з Беларуссю трэба не проста супрацоўнічаць, а выкарыстоўваць Беларусь так, каб у нашым рэгіёне быў мір і парадак. Мы ў гэтым напрамку гатовы працаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прымаючы даверчыя граматы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Фіёны Гіб, Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь разлічвае на актывізацыю сувязей з Вялікабрытаніяй.

"Нам трэба пераадолець нейкі псіхалагічны рубеж у нашых адносінах і паглядзець, магчыма, новымі вачамі адзін на аднаго і знайсці тыя пазітыўныя напрамкі, па якіх мы абавязкова павінны супрацоўнічаць", - сказаў ён.

Звяртаючыся да пасла Аўстрыі ў Беларусі Бернда Аляксандра Баерля, беларускі лідар адзначыў, што нацыянальным інтарэсам Беларусі адпавядаюць пазітыўныя дынамічныя адносіны з Аўстрыяй. Прэзідэнт Беларусі выказаў надзею, што адкрыццё пасольства ў Мінску надасць значны імпульс узаемавыгадным кантактам у гандлёва-эканамічнай і крэдытна-інвестыцыйнай сферах.

Нягледзячы на кантакты са Швейцарскай Канфедэрацыяй, якія стабільна развіваюцца, на думку кіраўніка беларускай дзяржавы, існуе вялікі нерэалізаваны патэнцыял эканамічнага ўзаемадзеяння, які патрабуе прыняцця дадатковых намаганняў.

"Наша зацікаўленасць у больш шырокай прысутнасці швейцарскага бізнесу ў Беларусі застаецца нязменнай", - падкрэсліў беларускі лідар, звяртаючыся да пасла Швейцарскай Канфедэрацыі ў Беларусі па сумяшчальніцтве Андрэя Мотыля.

Прымаючы даверчыя граматы пасла Албаніі ў Беларусі па сумяшчальніцтве Арбена Газіёні, Аляксандр Лукашэнка адзначыў гатоўнасць Беларусі да актыўнага супрацоўніцтва з Албаніяй не толькі ў сферах культуры, навукі і адукацыі, але і ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Паводле яго слоў, перспектыўным бачыцца ўстанаўленне кааперацыі паміж дзелавымі коламі дзвюх краін.

Вітаючы новага пасла Індыі ў Беларусі Панкаджа Саксена, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, Беларусь разлічвае на істотную актывізацыю гандлёва-эканамічнага партнёрства. Ён адзначыў высокую выніковасць нядаўняга візіту Прэзідэнта Індыі ў Беларусь.

"З Пранабам Мукерджы мы дасягнулі шэрага важных дамоўленасцей, якія даюць магчымасць істотна актывізаваць гандлёва-эканамічнае партнёрства", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён выказаў надзею, што новы пасол Індыі прыкладзе максімум намаганняў да напаўнення дамоўленасцей на вышэйшым узроўні канкрэтнымі справамі. На яго думку, яшчэ адна важная задача - рэалізацыя падпісанай у час візіту на вышэйшым узроўні дарожнай карты беларуска-індыйскага супрацоўніцтва.

"Развіццё ўсебаковых адносін з Венесуэлай - адзін з прыярытэтных напрамкаў нашай знешняй палітыкі ў Лацінскай Амерыцы", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі, прымаючы даверчыя граматы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Беларусі Хасэ Багіяна Перычы.

"У мэтах далейшага ўмацавання двухбаковага ўзаемадзеяння Беларусь гатова прыняць з візітам Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура, як мы дамаўляліся ў час сустрэчы ў Маскве ў маі 2015 года", - сказаў беларускі лідар. Што б ні адбывалася сёння ў дружалюбнай і блізкай нам Венесуэле, вы павінны быць цвёрда ўпэўнены: мы абавязкова будзем прытрымлівацца таго курсу, які мы вызначылі разам з камандантэ Чавесам".

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што ў якасці перспектыўнага партнёра ў Паўднёвай Амерыцы Беларусь разглядае Перу. Беларуская тэхніка добра знаёма перуанскім спажыўцам з часоў СССР, яна вызначаецца аптымальнымі суадносінамі цаны і якасці. "Мы гатовы пастаўляць у Перу шырокую гаму машынабудаўнічай прадукцыі і высокатэхналагічнага абсталявання", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён падкрэсліў, што Беларусь таксама гатова купляць і прадукцыю з Перу, у тым ліку для паставак у іншыя дзяржавы.

Прымаючы даверчыя граматы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ПАР у Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве Намасонта Марыі Сібанда - Тусі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь даволі эфектыўна развівае супрацоўніцтва з дзяржавамі поўдня Афрыкі, перш за ўсё з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай.

Паводле яго слоў, рэалізуецца шэраг перспектыўных праектаў, якія датычацца паставак высакаякаснай беларускай тэхнікі. Акрамя таго, прапрацоўваюцца іншыя напрамкі ўзаемадзеяння. Беларускі лідар пацвердзіў запрашэнне Прэзідэнту Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Джэйкабу Зуму наведаць з візітам Беларусь. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для Беларусі важна знаходзіць новых партнёраў у Афрыцы.

Ён выказаў упэўненасць, што Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сьера-Леонэ ў Беларусі па сумяшчальніцтве Ямбасу Джон Сар Франсіс будзе ўсяляк садзейнічаць асваенню патэнцыялу двухбаковага супрацоўніцтва.

"Мы можам знайсці агульныя інтарэсы ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай сферах, у тым ліку ў такіх перспектыўных галінах, як прамысловасць і сельская гаспадарка, адукацыя, медыцына", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прымаючы даверчыя граматы пасла КНДР у Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве Кім Хён Чжуна, Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў нацэленасць Беларусі на развіццё ўзаемавыгадных адносін ва ўсіх сферах. Звяртаючыся да паслоў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для плённага выканання іх дыпламатычнай місіі ў Беларусі будуць створаны самыя спрыяльныя ўмовы.

"Вельмі важна, каб у час свайго знаходжання тут вы змаглі знайсці новыя магчымасці, новыя фарматы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і прыўнесці канструктыўныя ідэі ў нашу сумесную работу", - сказаў беларускі лідар.

"Перакананы, што наш дыялог з дзяржавамі, якія вы прадстаўляеце, будзе пастаянна развівацца на аснове ўзаемаразумення, партнёрства і дружбы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што бягучы год у Беларусі аб`яўлены Годам культуры, і гэта сфера на працягу дванаццаці месяцаў будзе насычана разнастайнымі мерапрыемствамі. Прэзідэнт выказаў надзею, што дыпламаты знойдуць магчымасць бліжэй азнаёміцца з Беларуссю, яе прыродай, кліматам, культурнай спадчынай, гісторыяй.

25 студзеня 2016, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:25.01.2016
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:688
 
Ключевые слова:
Верительные грамоты Посольства Товарооборот
 
 


Комментарии