Беларускі грамадзянін, затрыманы ва Ўкраіне паводле падазрэньня ў шпіянажы, зьвяртаўся ў Службу бясьпекі Ўкраіны з заявай пра катаваньні і выкарыстаньне псыхатропаў падчас ягонага затрыманьня ў Чарнігаве.
«Так, такая заява была. Ён пра гэта распавядаў і пры сустрэчах, і пісаў. Цытатаў з гэтай заявы я ня маю права прывесьці, бо ўкраінскі бок сказаў, што факты не пацьвярджае, нават не правяраючы іх. Таму ідзе дыпляматычная праца па гэтым пытаньні, і ідзе даўно. Але мне складана гэта камэнтаваць, таму што грамадзяніну нават не задалі ніводнага пытаньня па тых фактах, якія ён выклаў на 10 лістах пра тое, што зь ім рабілі», — паведаміў консул Амбасады Беларусі ва Ўкраіне Сяргей Бобаў.
Дыплямат таксама дадаў, што сустрэчы з затрыманым беларусам адбываюцца штомесяц.
«Мае быць і ў студзені. Яна адбудзецца адразу, як мы атрымаем дазвол. Пакуль ён не атрыманы, дату немагчыма назваць», — адзначыў ён.
Сяргей Бобаў разьлічвае, што суд над беларускім грамадзянінам будзе адкрытым для журналістаў.
У Службе бясьпекі Ўкраіны абвінавачаньні затрыманага беларуса ў прымяненьні катаваньняў і псыхатропаў не камэнтуюць, але папрасілі зьвярнуцца з афіцыйным запытам.
Расьсьледаваньне справы грамадзяніна Беларусі, затрыманага летась у чэрвені ў Чарнігаве паводле падазрэньня ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысьць Расеі, падоўжана да 20 студзеня, а яго знаходжаньне пад вартаю — да 18 студзеня. Пазьней у Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі, што сьледзтва «не сьцьвярджае шпіёнства з боку грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на карысьць Расейскай Фэдэрацыі».
Беларусу пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад дзесяці да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.
Украінскія экспэрты выказвалі меркаваньні, што справа затрыманага ў Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі ёсьць адказам менавіта на затрыманьне беларускага грамадзяніна ў Чарнігаве.
Алена Літвінава
Радыё Свабода, 4 студзеня 2018
Алена Літвінава
Радыё Свабода, 4 студзеня 2018