https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Беларусь мае намер адмовіцца ад дырэктыўнай сістэмы планавання эканомікі


Беларусь з 2016 года мае намер перайсці на індыкатыўную сістэму планавання эканомікі.
Адпаведны праект закона ўжо распрацаваны і можа быць разгледжаны на восеньскай сесіі беларускага парламента.

Дакумент прадугледжвае пераход ад дырэктыўнай сістэмы планавання эканомікі да індыкатыўнай, што фактычна азначае адмову дзяржавы ад практыкі давядзення міністэрствам і суб`ектам гаспадарання абавязковых для выканання прагнозных паказчыкаў. 

Праект закона аб індыкатыўным планаванні можа быць разгледжаны дэпутатамі беларускага парламента на восеньскай сесіі ў пакеце з іншымі дакументамі (у прыватнасці, бюджэтам), што вызначаюць эканамічную палітыку на 2016 год. 

Адзначым, што старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, адкрываючы восьмую сесію беларускага парламента, 2 кастрычніка звярнуў увагу на неабходнасць пераходу дзяржавы на індыкатыўную сістэму планавання эканомікі. 

"Пры ўсёй важнасці валавых паказчыкаў у пытаннях планавання на першае месца трэба ставіць прыбытак і рэнтабельнасць. Індыкатыўнае планаванне закліканае дапамагчы прадпрыемствам, галінам і рэгіёнам больш актыўна выкарыстоўваць свае канкурэнтныя перавагі, рэалізоўваць экспартны патэнцыял", — сказаў Андрэйчанка. 

На думку экспертаў, запланаваны пераход да індыкатыўных паказчыкаў сведчыць аб тым, што дырэктыўны падыход да кіравання эканомікай даказаў сваю неэфектыўнасць. 

"Вопыт папярэдніх гадоў паказаў, што калі мы ўстанаўліваем дырэктыўныя паказчыкі і пачынаем іх выконваць, не ўлічваючы кан`юнктуру на ўнутраным і знешнім рынках, растуць складскія запасы. Таму зусім лагічна, што старыя падыходы неабходна пераглядаць", — лічыць навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая. 

Разам з тым, лічыць эканаміст, больш гнуткі падыход да падрыхтоўкі афіцыйных прагнозаў яшчэ не гарантуе таго, што краіна адыдзе ад планавай эканомікі. 

"Прагноз не перастане быць планам датуль, пакуль не перастануць патрабаваць ад эканамічных агентаў выканання зацверджаных афіцыйных паказчыкаў", — рэзюмавала Тачыцкая. 

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 11 кастрычніка пасля галасавання на выбарчым участку № 1 у Мінску заявіў журналістам, што гатовы на любыя пераўтварэнні і рэформы. 

У той жа час ён сказаў, што не мае намеру адыходзіць ад свайго галоўнага прынцыпу кіравання дзяржавай. "Усё павінна быць спакойна, без рэвалюцый, асабліва ў эканоміцы, — перакананы Лукашэнка. — Я гэту эканоміку не толькі вывучаў ужо ў сталым узросце, але і памацаў рукамі. Эканоміка ніколі не пацерпіць, калі ты яе будзеш ламаць праз калена". 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што 20 гадоў "ішоў эвалюцыйным шляхам", які калі "не адразу выведзе на вынікі, але не балюча будзе народу". 

Лукашэнка заявіў, што "гатовы на любыя мерапрыемствы і любыя рэформы". "Але ці вытрымаеце вы гэта? Ці трэба вам гэта? Гатовы зрабіць так, як жадаеце. Ніхто не можа папракнуць мяне, што я дзейнічаў усе гэтыя гады насуперак жаданню народа. Калі дасце карт-бланш на любую ломку і кардынальныя пераўтварэнні, я гэта зраблю. Але лепш ісці эвалюцыйным шляхам", — падкрэсліў ён.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 19 кастрычніка 2015
 
Дата публикации:19.10.2015
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:607
 
Ключевые слова:
Белорусская экономическая модель Реформы
 
 


Комментарии