https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Як развіваецца супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў кнігавыдавецкай галіне


Беларусь і Кітай шмат гадоў наладжваюць кантакты ў розных сферах. У прыватнасці, што датычыцца гуманітарнага супрацоўніцтва, то яно актыўна ажыццяўляецца паміж нашымі краінамі і мае свае станоўчыя вынікі.
Рэалізоўваюцца сумесныя праекты, напрацоўваюцца і ўсталёўваюцца новыя сувязі для далейшага развіцця ў дадзеным кірунку. У аўторак адбылася сустрэча міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь з начальнікам Упраўлення Кітайскай Народнай Рэспублікі па справах выдавецтва і распаўсюджвання літаратуры на замежных мовах, дзе абмеркавалі прапановы двухбаковага супрацоўніцтва на бліжэйшую перспектыву. 

— Паважаныя калегі, мы ўдзячныя, што вы змаглі знайсці час і магчымасць арганізаваць нашу сённяшнюю сустрэчу напярэдадні важнай падзеі — прэзентацыі кнігі «Сі Цзіньпін. Аб дзяржаўным кіраванні». Асаблівы гонар выклікае тое, што гэтае мерапрыемства стала магчымым, дзякуючы шчыльнаму супрацоўніцтву выдавецтва «Мастацкая літаратура» і кітайскага Выдавецтва літаратуры на замежных мовах, — звярнуўся да прысутных міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў. — Мы лічым, што менавіта такое канструктыўнае супрацоўніцтва паміж выдавецтвамі Кітайскай Народнай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь можа здзяйсняцца і будзе наладжана пасля падпісання адпаведнага пагаднення. Наша ўзаемадзеянне магчымае па прычыне агульных прынцыпаў, агульных поглядаў на знешні і ўнутраны свет, палітыку, якія падзяляюць нашы народы. І сёння я прапаную абмеркаваць канкрэтныя крокі па сумеснай далейшай працы двух нашых сфер — выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці — па прасоўванні літаратуры кітайскіх аўтараў і літаратуры беларускіх аўтараў на нашых кніжных рынках. 

Начальнік Упраўлення КНР па справах выдавецтва і распаўсюджвання літаратуры на замежных мовах Ду Чжаньюань таксама пагадзіўся, што супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі павінна пашырацца. І добры прыклад таму — якраз выхад кнігі «Сі Цзіньпін. Аб дзяржаўным кіраванні» ў перакладзе на беларускую мову, якая будзе прэзентавана ў хуткім часе. 

— На сёння гэтая кніга выдадзена ў чатырох тамах і даступная на 38 мовах ў 180 краінах свету. А зараз можна з радасцю казаць пра тое, што дзякуючы нашым сумесным намаганням супрацоўніцтву з выдавецтвам «Мастацкая літаратура» першы том кнігі «Сі Цзіньпін. Аб дзяржаўным кіраванні» будзе даступнай для чытача і на беларускай мове, — зазначыў ён.

Увогуле трэба адзначыць, што нашы краіны маюць працяглы шлях і гісторыю па супрацоўніцтве ў галіне кнігавыдання. Да прыкладу, у 2015 годзе Кітайская Народная Рэспубліка была краінай — ганаровым госцем на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. Пісьменнікі з Кітая прымалі ўдзел у Міжнародным сімпозіўме літаратараў «Пісьменнік і час», які ў той год Міністэрства інфармацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі праводзілі ўпершыню. Напярэдадні гэтых сустрэч Выдавецкі дом «Звязда» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі выдаў серыю паэтычных зборнікаў «Светлыя знакі: паэты Кітая». Першая кніга з 13 прадстаўленых у серыі — зборнік паэзіі Ван Вэя ў перакладзе на беларускую мову — убачыла свет у снежні 2014 года. 

— У 2012 годзе ў Мінску была выдадзена анталогія «Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кіатя» ў перакладах лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага. Пазней Міністэрства інфармацыі падтрымала выпуск анталогіі «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Сто паэтаў Кітая ХХ стагоддзя» і вялікую кнігу класіка кітайскай паэзіі ХХ стагоддзя Ай Ціна «Гімн святла», перакладчыкам якіх таксама выступіў Мікола Мятліцкі. Выданні кітайскай паэзіі на беларускай мове былі адзначаны Дыпломамі на конкурсе краін СНД «Мастацтва кнігі СНД», — распавёў начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці міністэрства інфармацыі Уладзімір Андрыевіч. — Літаральна напярэдадні бягучага навучальнага года Выдавецкі дом «Звязда» пры падтрымцы Пасольства КНР у Беларусі правёў акцыю па ўручэнні кніг пра Кітай і беларуска-кітайскае супрацоўніцтва школам і ВНУ Беларусі, дзе вывучаецца кітайская мова... А зусім нядаўна ў Кітаі ўбачыла свет анталогія твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на кітайскую мову. Рыхтуецца да выхаду кніга прозы і паэзіі пісьменніка Алеся Бадака. Ідзе праца над шэрагам іншых кніжных праектаў, якія садзейнічаюць развіццю беларуска-кітайскіх кнігавыдавецкіх і літаратурных адносін. Напрыклад, зараз разглядаецца пытанне выдання асобнай кнігай класічнага твора «Дзікае паляванне караля Стаха», якое публікавалася ў часопісе «Беларусь» на кітайскай мове.

Што да вынікаў сустрэчы, то папярэдне два бакі агучылі жаданне стварэння экспазіцый сучаснай кітайскай літаратуры ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, далей працаваць над выданнем кніг рознай тэматыкі на дзвюх мовах. Таксама міністр інфармацыі агучыў запрашэнне бачыць Кітайскую Народную Рэспубліку краінай — ганаровым госцем на ХХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашу. 

— Мы маем добрае супрацоўніцтва на цяперашнім этапе адносін паміж нашымі лідарамі, дзяржавамі і нашымі народамі. Выдаецца вялікі спектр кніг ад «Сі Цзіньпін. Аб дзяржаўным кіраванні» да перакладаў мастацкай літаратуры. Але гэтага сёння недастаткова, бо ёсць вялікі інтарэс у нашых людзей да Кітая, да яго бізнесу, культуры. Таму нам патрэбны кнігі, якія дапамогуць чытачам знайсці тое, што задаволіць іх інтарэс, дазволіць зразумець гісторыю гэтай вялікай краіны, — адзначыў Уладзімір Пярцоў. — Мы дамовіліся абнавіць пагадненне аб супрацоўніцтве, што дазволіць нам рэалізаваць усе агучаныя планы. Каб у людзей была магчымасць прыйсці ў бібліятэку, кніжную краму і атрымаць доступ да патрэбных ім кніг, разумець, асабліва ў эпоху лічбавай постпраўды, што ўяўляюць сабой кітайскі і беларускі народы. 

Аўтар: Алена Драпко
Звязда, 19 снежня 2023

 
Дата публикации:19.12.2023
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:176
 
Ключевые слова:
Книгоиздание Литература Китай Сотрудничество
 
 


Комментарии