https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Вы яшчэ не пераклалі на беларускую? — Тады мы ідзем да вас


Пры курсах «Мова Нанова» створана служба бясплатных перакладаў «Хуткая моўная дапамога».
Прафэсійныя філёлягі-валантэры апэратыўна выканаюць пераклады з расейскай мовы на беларускую, а пры неабходнасьці — і зь іншых замежных моў на беларускую. Хто і зь якімі замовамі можа зьвярнуцца да прафэсійных перакладчыкаў?

Аўтары ідэі тлумачаць, што крытэр толькі адзін — пераклад павінен выкарыстоўвацца ў публічнай прасторы. Гэта могуць быць сайты, афішы, шыльды, цэньнікі ў крамах, этыкеткі, рэкляма, мэню ў рэстарацыях. То бок у студэнтаў з курсавымі працамі і школьнікаў з сачыненьнямі, як кажуць, «халявы» ня будзе.

А думка такая ўзьнікла таму, што калі энтузіясты і спрабуюць ужываць беларускую мову, да прыкладу, у мэню, то дапускаюць шмат памылак, кшталту «вяндліна вэнджаная» ці «гавядзіна» замест ялавічыны на цэньніку ў краме, «на скаварадзе» замест «на патэльні» ў мэню рэстарацыі.

Каардынатарка праекту «Мова Нанова» Алеся Літвіноўская распавяла:

«І нам прыйшла такая ідэя, што пакуль мы будзем чакаць беларусізацыі зьверху, мы можам самі зрабіць гэтыя крокі да гэтай беларусізацыі зьнізу. У нас ёсьць валянтэры, якія гатовыя разам з намі ў нашым праекце дапамагчы перакласьці невялікія тэксты, якія знаходзяцца ў адкрытым дасягу. Напрыклад, цэтлікі ў крамах, мэню ў рэстарацыях, страўнях, кавярнях, гэта інтэрфэйсы сайтаў, гэта могуць быць невялікія службовыя інструкцыі».

Праект ужо не зусім аматарскі. Прафэсійныя філёлягі, выкладчыкі Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, іншых установаў робяць абсалютна кампэтэнтныя пераклады, якімі сьмела можна карыстацца ў публічнай прасторы, кажа Алеся Літвіноўская. І ўжо шмат замоваў:

«Зьвярталіся невялікія кампаніі, зьвярталіся кавярні па пераклад мэню, прычым ня толькі ў Менску. Нават зьвярнуўся МсDonalds, але пакуль канкрэтнай працы зь імі яшчэ не было распачата. Таму што яны выказалі жаданьне перакласьці свой сайт на беларускую мову (пакуль што ён існуе толькі па-расейску), і цяпер мы чакаем наступных крокаў, каб яны даслалі ўжо самі тэксты».

Грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» зьвярнулася з пытаньнем, як правільна перакласьці назву заказьніка «Лебяжий». Адказ атрымалі такі: «Назва заказьніка ня мае сувязі з геаграфічным пунктам (назву якога мы не маглі б зьмяняць). Таму калька „Лябяжы“ выглядае неапраўданай.У дадзеным выпадку цалкам магчымае выкарыстаньне назвы „Лебядзіны“ (паводле любога руска-беларускага слоўніка)».

Актывістка «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Карына Салавей такім чынам тлумачыць, чаму яны зьвяртаюцца да «Хуткай моўнай дапамогі»:

«Мяне гугл-перакладчык не задавальняе, таму што ён не перадае прыгажосьці беларускай мовы, і часта па сэнсе несупадзеньні выдае, і выходзіяць сьмешныя выразы. То бок я не давяраю гугл-перакладчыку. Мы — грамадзкая арганізацыя, і хочацца, каб усё было пісьменна і правільна. А „Мове Нанова“ я давяраю, таму мы туды і зьвярнуліся. Цяпер мы рыхтуемся да кампаніі „Птушка году“, і на праверку давалі 10 фактаў пра птушку году. Нават не на пераклад, а на праверку. Бо там дасьведчаныя людзі, прафэсіяналы-філёлягі працуюць на праекце. І мы вельмі задаволеныя — такой жывой, прыгожай мовай перакладаюць, вельмі прыемна».

Ужо ёсьць і іншыя цікавыя праекты. Беларускія пісьменьнікі Яўгенія Пастэрнак і Андрэй Жвалеўскі пішуць па-расейску, іхнія творы выдаюцца вялікімі накладамі ў Расеі і вельмі папулярныя ў падлеткаў. Так, аповесьць «Время всегда хорошее» ў 2011 годзе атрымала прэмію «Аліса», а ў 2011-м заняла трэцяе месца ва ўсерасейскім конкурсе «Кнігуру». Цяпер ёсьць спадзеў, што твор зьявіцца і па-беларуску, з такой ідэяй зьвярнуўся да «Мовы Нанова» суаўтар Андрэй Жвалеўскі, кажа Алеся Літвіноўская:

«І таму ён зрабіў нам прапанову: ён сам будзе рабіць аўтарскі пераклад кожнай з частак гэтай аповесьці, і мы па частках будзем іх вывешваць у адкрытым дасягу і прапануем нашым студэнтам, наагул людзям, якія хочуць узяць удзел, такую публічную дыскусію наконт мовы перакладу, паляпшэньня гэтага перакладу. І тады мы маем магчымасьць атрымаць гэтую вядомую аповесьць па-беларуску дзякуючы намаганьням студэнтаў «Мовы Нанова».

Іна Студзінская, Менск 
Радыё Свабода, 17 лістапада 2014
 
Дата публикации:17.11.2014
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1435
 
Ключевые слова:
Перевод Беларуская мова Мова Нанова
 
 


Комментарии