https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Непрыватызаваныя да 1 ліпеня 2016 года кватэры пяройдуць у фонд арэнднага жылля


Пры фарміраванні ў Беларусі фонду арэнднага жылля неабходна максімальна ўлічваць інтарэсы грамадзян.
Адпаведную задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў 26 лістапада на нарадзе аб фарміраванні фонду жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

На мерапрыемства былі запрошаны кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Кабякоў, віцэ-прэм`ер Анатоль Калінін, старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька і міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Шорац.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі жыллёвае будаўніцтва ўжо не адзін год знаходзіцца ў ліку галоўных прыярытэтаў. "Мы зусім нядаўна заявілі аб тым, што будзем выкарыстоўваць новую форму - узвядзенне і пашырэнне аб`ёмаў арэнднага жылля. Гэта запатрабавала і распрацоўкі адпаведнага нарматыўнага акта, каб увесці ў прававое поле новыя працэсы, - адзначыў Прэзідэнт. - Перш чым прыняць канчатковае рашэнне па гэтым вельмі важным пытанні, я хацеў бы пачуць аб тым, ці ўсё тут выверана і прадумана, каб нам не давялося праз месяц ці паўгода, як гэта ў нас часта бывае, уносіць якія-небудзь змяненні, дапаўненні, а яшчэ горш - адступаць ад тых рашэнняў, якія мы можам сёння прыняць".

Урад падрыхтаваў праект указа "Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін". Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, прапановы ўносяць сур`ёзныя змяненні ў жыллёвую палітыку. Па сутнасці, прапануецца новы падыход да фарміравання фонду жылля камерцыйнага выкарыстання або так званага арэнднага жылля.

Аляксандр Лукашэнка пералічыў шэраг мер, якія прапануюцца праектам дакумента. Па-першае, што датычыцца стварэння фонду арэнднага жылля, да 1 красавіка 2014 года плануецца перавесці ў яго ўсе заселеныя службовыя і спецыяльныя жылыя памяшканні. А пасля 1 ліпеня 2016 года - уключыць у гэты фонд і непрыватызаваныя на гэту дату грамадзянамі дзяржаўныя кватэры, якіх налічваецца каля 330 тыс. "Не прыватызуюць, значыць, мы ўсё туды ўключым, зробім гэта дзяржаўнае жыллё арэндным, і плата за гэтыя кватэры будзе як за арэнднае жыллё", - сказаў Прэзідэнт.

Па-другое, устанаўліваецца пералік грамадзян, якія маюць права на прадастаўленне арэнднага жылля. Да таго ж прадугледжваецца, што атрыманне арэнднага жылля будзе лічыцца паляпшэннем жыллёвых умоў з далейшым зняццем з чаргі маючых патрэбу. "Гэта само сабой зразумела. Атрымаў кватэру, тым больш што мы дамовіліся аб тым, што кошт арэнднага жылля будзе ніжэйшы, чым сёння рыначны прыкладна напалавіну. Зразумела, што гэта будзе паляпшэнне. Якія яшчэ чарга і льготы?" - сказаў Прэзідэнт.

Па-трэцяе, вызначаецца памер платы за карыстанне арэндным жыллём. Пры гэтым аблвыканкамы і Мінгарвыканкам будуць мець права ўстанаўліваць паніжаючыя і павышаючыя каэфіцыенты.

Пераглядаюцца таксама падставы для пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жылля з мэтай вызначаць рэальныя патрэбнасці людзей і выключыць неабгрунтаваныя прэтэнзіі. "Гэта таксама правільна. Шарлатанства быць не павінна. Беларусь - адна з нямногіх дзяржаў, дзе прадастаўлены такія льготы, дзе дзяржава прадастаўляе магчымасць на льготных умовах будаваць жыллё. Таму тут павінна быць усё сумленна і справядліва", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна яшчэ раз прааналізаваць гэтыя прапановы, але, галоўнае, улічваць інтарэсы грамадзян. Кіраўнік дзяржавы ў прыватнасці пацікавіўся тым, як будзе арганізавана прыватызацыя жылля тымі, хто гэтага яшчэ не зрабіў, і ці не будзе ў гэтым працэсе залішняй бюракратыі. "Ці прадугледжана выдзяленне сацыяльнага жылля тым, хто не зможа аплаціць прыватызацыю, не маючы на гэта сродкаў і сваякоў? Наколькі справядлівай і пад`ёмнай будзе плата за арэнднае жыллё?" - паставіў кіраўнік дзяржавы пытанні перад удзельнікамі мерапрыемства.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта на неабходнасць навядзення парадку ва ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. "Тут сёння мора недахопаў, і аб гэтым мы ўжо не раз гаварылі", - заўважыў Прэзідэнт.

Паводле слоў Андрэя Шорца, інтарэсы грамадзян у працэсе фарміравання фонду арэнднага жылля ні ў якім выпадку не будуць ушчэмлены. "Праект указа распрацаваны менавіта з улікам гэтых падыходаў. Прадугледжаны цэлы комплекс мер па абароне тых грамадзян, якія не змогуць або не захочуць па тых ці іншых прычынах прыватызаваць кватэру. Калі сям`я або канкрэтны грамадзянін мае права на атрыманне сацыяльнага жылля, то, калі паступіць хадайніцтва, гэта кватэра можа быць пераведзена ў разрад сацыяльнай, і ён не будзе выплачваць арэндную плату", - сказаў міністр.

Андрэй Шорац паведаміў, што грамадзяне могуць падаць заяву аб прыватызацыі да 31 чэрвеня 2016 года - на працягу месяца прымаецца рашэнне - а потым аформіць ва ўласнасць жылое памяшканне можна будзе яшчэ фактычна на працягу наступнага года.

"Думаю, што практычна за два з палавінай гады, якія ў нас яшчэ наперадзе, мы зможам спакойна і без усялякіх хваляванняў прайсці працэдуру прыватызацыі. Адпаведныя службы да этага гатовы", - запэўніў міністр.

Паводле яго слоў, у праекце ўказа прадугледжана, што дагавор на карыстанне арэндным жыллём будзе заключацца на 5 гадоў з правам яго далейшага прадаўжэння. На сённяшні дзень у рэспубліцы больш як 2 тыс. кватэр знаходзяцца ў фондзе арэнднага жылля. Пакуль гэта ў асноўным другасны рынак, але ў бліжэйшым будучым чакаецца істотнае павелічэнне фонду за кошт будаўніцтва новых арэндных дамоў.

У цэлым кіраўнік дзяржавы адобрыў падрыхтаваны ўрадам праект указа і даў канкрэтныя даручэнні аб падрыхтоўцы комплексу мер па яго рэалізацыі з невялікімі дапрацоўкамі. Так, у праекце першапачаткова прадугледжвалася ажыццяўляць пастаноўку маладых сем`яў на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў на агульных падставах зыходзячы з крытэрыяў патрэбнасці. Аднак Прэзідэнт не згадзіўся з такім падыходам, і пастаноўка маладых сем`яў на адпаведны ўлік будзе ажыццяўляцца на ранейшых прынцыпах.

26 лістапада 2013, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:26.11.2013
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:1446
 
Ключевые слова:
Жильё в Беларуси Аренда
 
 


Комментарии