https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пытанне падатку з лайдакоў у Беларусі можа быць вырашана з дапамогай сацыяльных картак


Пра гэта расказаў намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч у інтэрв`ю "Народной газете".
Адна з прапаноў па механізму спагнання плацяжу з непрацуючых грамадзян звязана з увядзеннем сацыяльных картак.

Цяпер прапрацоўваецца варыянт такога плацяжу як нейкай формы кампенсацыі расходаў дзяржавы на прадастаўленне сацыяльных паслуг насельніцтву, сказаў намеснік міністра. Пры гэтым ён адзначыў, што ў бюджэт 2014 года гэты плацеж не трапіў, паколькі яшчэ патрабуе свайго абмеркавання.

"Мы атрымліваем паслугі аховы здароўя, адукацыі, карыстаемся паслугамі ЖКГ і транспарту, аплачваючы толькі частку іх сабекошту. Але калі працуючы чалавек кампенсуе іх кошт праз падаткі, які плаціць у бюджэт і ў Фонд сацыяльнай абароны, то непрацуючы грамадзянін у гэтым не ўдзельнічае. Але ж ён карыстаецца паслугамі нараўне з усімі", - звярнуў увагу Максім Ермаловіч.

"Таму адна з прапаноў па механізму спагнання гэтага плацяжу звязана з увядзеннем сацыяльных картак, наяўнасць якіх дасць магчымасць працуючым грамадзянам атрымліваць пэўны набор паслуг бясплатна, а тым, хто афіцыйна нідзе не працуе, давядзецца аплачваць кошт гэтых паслуг", - сказаў ён.

Намеснік міністра выказаў меркаванне, што сума такога падатку павінна быць нейкай сярэдняй велічынёй выплачваемага грамадзянамі падаходнага падатку і адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны. "Самае складанае тут - вызначыць пералік грамадзян, якія трапляюць пад катэгорыю лайдакоў. Усё гэта патрабуе шырокага абмеркавання", - падкрэсліў ён.

Максім Ермаловіч таксама закрануў дзяржпошліну за выдачу дазволаў на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, якая ўводзіцца з 1 студзеня. Ён звярнуў увагу на тое, што сцвярджэнне, якое сустракаецца на інтэрнэт-форумах, аб уключэнні былога транспартнага падатку ў кошт паліва няправільнае. "Існаваў падатак з абароту ў памеры 2 працэнты, які быў крыніцай фарміравання дарожнага фонду. Са зніжэннем падатковай нагрузкі гэты падатак адмянілі, часткова замяніўшы яго павышэннем ставак акцызаў. Але значную частку расходаў па дарожнаму будаўніцтву і рамонту ўзяў на сябе бюджэт", - растлумачыў ён.

"Беларусь - транзітная краіна, і на падтрыманне дарожнай сеткі ў добрым стане даводзіцца траціць немалыя сродкі", - падкрэсліў намеснік міністра. У той жа час колькасць аўтамабіляў з году ў год павялічваецца, нагрузка на інфраструктуру расце. "Усе хочуць ездзіць па добрых дарогах, але ва ўсім цывілізаваным свеце за гэта даводзіцца плаціць", - адзначыў Максім Ермаловіч.

Паводле слоў намесніка міністра, прапануемая дзяржпошліна супастаўная з замежнымі аналагамі. Напрыклад, стаўка пошліны па самаму распаўсюджанаму дызельнаму аўтамабілю з масай 1940 кг у Беларусі будзе складаць 50 еўра ў год. У Расіі стаўкі на такі тып аўтамабіля складаюць ад 11,5 да 115 еўра за год. У Казахстане - 35 еўра, у Германіі - 171 еўра, у Францыі - 250 еўра, у Вялікабрытаніі - амаль 300 еўра.

24 снежня 2013, Мінск
Ганна Кот - БЕЛТА
 
Дата публикации:24.12.2013
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:1174
 
Ключевые слова:
Налоги Соцзащита в Беларуси Иждивенчество Законодательство
 
 


Комментарии