https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Беларусь-АБСЕ


Запрашэнне "неўязных" у ЕС кіраўнікоў ЦВК у Вену Лазавік звязвае з жаданнем АБСЕ назіраць за парламенцкімі выбарамі.
Сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі Мікалай Лазавік пацвердзіў БелаПАН, што ён і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына атрымалі запрашэнні на канферэнцыю Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) "Дэмакратычныя выбары і назіранне за імі", якая пройдзе 12—13 ліпеня ў Вене.

Інфармацыю пра тое, што Ярмошына і Лазавік, унесеныя ў спісы неўязных у краіны ЕС "за фальсіфікацыі падчас выбараў", запрошаны на канферэнцыю АБСЕ ў сталіцу Аўстрыі, распаўсюдзіў у канцы мінулага тыдня са спасылкай на ананімную крыніцу інтэрнэт-рэсурс http://www.charter97.org. Гэта паведамленне выклікала шырокі рэзананс у СМІ.

"Як правіла, на такія канферэнцыі збіраюцца кіраўнікі цэнтрвыбаркамаў краін — удзельніц АБСЕ, кіраўнікі міжнародных арганізацый, якія займаюцца маніторынгам выбараў, а таксама кіраўнікі АБСЕ і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ", — адзначыў Лазавік.

Паводле яго слоў, кіраўніцтва ЦВК Беларусі ўдзельнічала ў такіх канферэнцыях і ў мінулыя гады. Знаходжанне ў спісах неўязных перашкаджае Цэнтрвыбаркаму "выбудоўваць паўнацэнныя кантакты са сваімі калегамі з краін Еўропы", заявіў сакратар камісіі. "Так, летась я не змог удзельнічаць у сустрэчы кіраўнікоў цэнтрвыбаркамаў у Малдове", — расказаў Лазавік.

"Аднак гэтым разам, верагодна, кіраўніцтва АБСЕ хоча атрымаць запрашэнне для назірання за выбарамі ў Беларусі, таму мы і былі запрошаны на канферэнцыю", — выказаў меркаванне ён.

Сакратар ЦВК паведаміў, што візы ў Аўстрыю былі адкрыты як на яго імя, так і на імя Лідзіі Ярмошынай. Аднак паляціць у Вену толькі Ярмошына: Лазавік застанецца кіраваць камісіяй, у якой шмат працы напярэдадні вераснёвых выбараў у парламент.

Варта адзначыць, што 7 ліпеня Парламенцкая асамблея АБСЕ на сесіі ў Манака прыняла рэзкую рэзалюцыю па Беларусі. У дакуменце ўтрымліваецца заклік неадкладна вызваліць і апраўдаць усіх палітзняволеных, паважаць свабоду перамяшчэння сваіх грамадзян, уключаючы палітычных актывістаў, у Беларусі і за мяжу, спыніць націск і пераслед у дачыненні да грамадзянскай супольнасці, прафсаюзаў, незалежных СМІ і праваабаронцаў, а таксама іншыя патрабаванні.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
9 ліпеня 2012
 
Дата публикации:09.07.2012
Тематика:Новости, Дипломатия
Просмотров:2187
 
Ключевые слова:
Выборы в Беларуси Санкции Евросоюза Наблюдатели ОБСЕ
 
 


Комментарии