Пра гэта паведаміў Андрэй Бастунец, намеснік старшыні РГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", членам якой з`яўляецца Сурапін.
Нагадаем, Антон Сурапін, студэнт Інстытута журналістыкі БДУ, першым выклаў у інтэрнэце фотаздымкі скінутых з самалёта плюшавых мядзведзікаў, прысланыя яму невядомым па электроннай пошце. Акцыя шведаў была праведзеная з мэтай падтрымаць свабоду слова ў Беларусі.
13 ліпеня ў мінскай кватэры Сурапіна прайшоў вобыск, пасля чаго ён быў затрыманы на трое сутак для высвятлення яго дачынення да раскідвання плюшавых мядзведзяў з борта шведскага самалёта — пра гэта маці Антона паведамілі ў Камітэце дзяржбяспекі.
Трое сутак з моманту затрымання фатографа закончыліся 16 ліпеня, аднак Антона не выпусцілі. Як паведаміў Бастунец, тэрмін утрымання пад вартай Сурапіна працягнуты да 10 сутак.
"Як паведаміў дзяжурны адвакат, першы допыт Сурапіна адбыўся ў панядзелак, 16 ліпеня, у той час як затрымалі яго 13-га. Усе выхадныя ён правёў у следчым ізалятары КДБ. Антон падазраецца ў дапамаганні ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 371 Крымінальнага кодэкса Беларусі (наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, учыненае арганізаванай групай асоб)", — расказаў Бастунец.
Ч. 3 арт. 371 КК прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.
Бастунец паведаміў, што раніцай 17 ліпеня бацькі Антона нанялі яму адваката, а таксама збіраюць рэчы для перадачы і СІЗА.
Трэба адзначыць, што афіцыйны Мінск спачатку адмаўляў факт парушэння замежным самалётам паветранай прасторы Беларусі. Пасля гэтага арганізатары акцыі, прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total, размясцілі ў інтэрнэце відэазапіс свайго палёту над Беларуссю.
Гэтая гісторыя атрымала шырокі грамадскі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасці беларускай СПА. Цяпер камісія прэзідэнта праводзіць праверку ўсіх злучэнняў і вайсковых часцей Ваенна-паветраны сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.
Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 17 ліпеня 2012