https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Мільёны на роўным месцы


З дапамогай Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці ў эканоміку краіны вярнуліся валютная выручка і аплачанае замежнае абсталяванне на суму амаль 10 мільёнаў еўра.
— Калі ў краіне мінус па валюце, то могуць быць праблемы і на наяўным рынку валюты, — тлумачыць намеснік начальніка ўпраўлення КДК Магілёўскай вобласці Кірыл Дарашэнка. — У леташняй крызіснай сітуацыі прычын было шмат, але вынік для простага чалавека быў адзін — адсутнасць валюты.

Кожнае прадпрыемства зацікаўлена ў вяртанні сваёй валютнай выручкі: гэта і заробак, і абаротныя сродкі. Але ўсё ж даводзіцца ўмешвацца Камітэту дзяржаўнага кантролю, які сочыць за сітуацыяй.

— Летась і за сёлетнія першыя два месяцы года мы выявілі парушэнні на 47 прадпрыемствах Магілёўскай вобласці, — паведаміў Кірыл Дарашэнка. — Разбіралі кожны замежны кантракт, незалежна ад сум, якія вагаліся ад 1,5 тысячы еўра да 3 млн расійскіх рублёў. І па кожным выпадку выяўлялі прычыны, з-за якіх прадпрыемству не заплацілі валюту.

Першая і самая важная прычына — адсутнасць інфармацыі пра рэпутацыю сваіх дзелавых партнёраў. У КДК тлумачаць: на прадпрыемстве рады прадаць сваю прадукцыю, але часам не вельмі старанна правяраюць, хто пакупнікі і наколькі добрасумленна яны працуюць.

— Вялікая доля валютнай выручкі, якая не вярнулася дадому, прыпадае на Расію, — расказвае Кірыл Дарашэнка. — І вельмі часта трапляюць у такія сітуацыі нашы прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу, бо цяпер менавіта харчовая прадукцыя карыстаецца ў суседняй дзяржаве попытам. І ёсць ужо прыклады, калі нашы вытворцы спрабуюць вярнуць свае грошы, і нават праз суд, але высвятляецца, што іх замежных партнёраў ужо ўвогуле не існуе і ўзяць з іх няма чаго. Яны проста папраўляюць сваё матэрыяльнае становішча за кошт беларусаў. На адным з прадпрыемстваў грошы за рэалізаваную прадукцыю не вярталіся 999 дзён, а гэта амаль 3(!) гады.

У такіх выпадках прадпрыемствы павінны не забывацца пра магчымасці страхавання экспартнай рызыкі, каб страхавая кампанія сама займалася праверкай гандлёвых партнёраў, а ў выпадку фіяска з вяртаннем выручкі кампенсавала выдаткі і самастойна разбіралася з нядобрасумленнымі людзьмі ў судовым парадку. Паводле інфармацыі КДК Магілёўскай вобласці, калі ў 2010 годзе страхаваннем экспарту займаліся толькі 2 прадпрыемствы ў рэгіёне, то цяпер — ужо 380.

Гэта і ёсць, сцвярджаюць спецыялісты, цывілізаваны шлях, а таксама і бяспечны. Таму што размова ідзе не толькі пра невяртанне валюты, але і пра штрафныя санкцыі за гэта. Прадпрыемства, лічы, двойчы страчвае грошы: калі не атрымлівае выручку і калі нясе адказнасць за парушэнне парадку ў знешнегандлёвых аперацыях. Сума штрафаў, заплачаная ў бюджэт, у рэгіёне значная: яна склала 891 тысячу долараў, 208 тысяч еўра і болей за 12 мільёнаў расійскіх рублёў.

Таксама да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты кіраўнікі і супрацоўнікі прадпрыемстваў. Рэч у тым, што нават у межах аднаго канцэрна сітуацыя з вяртаннем валютнай выручкі вельмі няроўная: у адных — вечная катастрофа, у іншых можа быць амаль што ідэальна. Напрыклад, на ААТ "Магілёўхімвалакно" за апошнія пяць гадоў кантралёры не знайшлі ніводнага парушэння парадку знешнегандлёвых аперацый. У іх калег па канцэрне сітуацыя горшая.

— Гэта не проста фармальнасць, — падкрэслівае намеснік начальніка ўпраўлення КДК Магілёўскай вобласці. — Праз пэўны час страчаная валютная выручка спісваецца за кошт прыбытку прадпрыемства — замест таго, каб з гэтага прыбытку плаціць заробкі працоўным і выплачваць дывідэнды.

Між тым, ёсць у выніках праверкі, якія разбіраліся на калегіі КДК Магілёўскай вобласці, і абсалютны пазітыў: пры садзейнічанні супрацоўнікаў камітэта і ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў у эканоміку краіны ўдалося вярнуць 1,1 мільёна расійскіх рублёў і яшчэ на 9,5 мільёна еўра імпартных тавараў і абсталявання, за якія было заплачана яшчэ ў 2008—2010 гадах.

У Камітэце дзяржкантролю выпрацавалі слушныя прапановы, каб палепшыць сітуацыю з вяртаннем валютнай выручкі. Каб рэальна дапамагчы, а не толькі аштрафаваць.

— Існуюць базы звестак па прадпрыемствах у іншых дзяржавах, якія могуць даць хаця б мінімальную інфармацыю пра партнёраў, іх становішча на рынку і таксама добрасумленнасць, — расказаў Кірыл Дарашэнка. — Але мы прапанавалі аблвыканкаму (і там пагадзіліся, што гэта патрэбна) стварыць падобную базу ў Магілёўскай вобласці. Няхай бы кожнае прадпрыемства, якое ўжо сутыкалася з праблемамі, занесла туды ненадзейных пакупнікоў сваёй прадукцыі. Гэта было б добрай дапамогай для іншых.

Дзеля таго, каб на прадпрыемствах ведалі сітуацыю, а таксама і сваю ступень адказнасці за вяртанне валютнай выручкі, КДК Магілёўскай вобласці будзе праводзіць спецыяльныя навучальныя семінары. З надзеяй, што ў будучыні стане больш і парадку з замежным гандлем, і валюты ў краіне.

Ілона Іванова
Звязда, 12 мая 2012
 
Дата публикации:12.05.2012
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:2667
 
Ключевые слова:
Магілёўшчына Государственный контроль Торговля Валютная выручка
 
 


Комментарии