Хлапчук з Мазыра, які не аднойчы падкрэсліваў, што беларускай мове вучыўся па старэйшай ў краіне газеце «Звязда», ён вызначаўся тактам, цікаўнасцю да ўсіх абсягаў акультуры. Здавалася, што ён сваімі сіламі, сваім мастацкім талентам хацеў ахапіць усю Беларусь. Яркі музычны талент спалучаўся ў ім з талентам арганізатара, кіраўніка...
У 1970 годзе ён у 23 гады закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па спецыяльнасці «дырыжор». А яшчэ праз тры гады — аспірантуру пры кансерваторыі. Званне прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі нададзена яму, колішняму выхаванцу ваеннага аркестра штаба Беларускай ваеннай акругі (1962 — 1966), зусім невыпадкова... У 1970 — 1987 Міхаіл Якаўлевіч — дырыжор, галоўны дырыжор аркестра Мінскага дзяржаўнага цырка. З 1987-га — мастацкі кіраўнік — дырэктар Дзяржаўнага аркестра Рэспублікі Беларусь (цяпер — Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь).
Сярод узнагарод Міхаіла Якаўлевіча — ордэн Францыска Скарыны, якім творца адзначаны «за значны асабісты ўклад ў развіццё нацыянальнай культуры, захаванне і прапаганду лепшых музычных традыцый». Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, народны артыст Беларусі, лаўрэат Прэміі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва, за канцэртныя праграмы першай паловы 1990-х гг. ён быў адзначаны і Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Пералік прэмій і іншых узнагарод Міхаіла Фінберга можна, здаецца, доўжыць яшчэ і яшчэ. І калі аглядаешся на яго, дырыжора Міхаіла Фінберга, якому ў 2022 годзе павінна было б споўніцца 75 гадоў, неўпрыкмет задумваешся, а хто ж падхопіць яго справу... Хто з такой, выключна фінбергаўскай, павагай атуліць маладых выканаўцаў, хто праедзе з імі па гарадах, часам самых невялікіх паселішчах Беларусі? Хто створыць новыя, бліскучыя, запамінальныя праграмы аркестра на словы беларускіх паэтаў — найперш класікаў?..
Міхаіл Фінберг, ганаровы грамадзянін Нясвіжа, Мазыра, ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці, — чалавек, якому было шмат дадзена пры жыцці. Дадзена дзякуючы яго высокаму таленту чуць Словы і Музыку... Будзем верыць, што доўга яго імя будзе захоўвацца ва ўмоўным пантэоне вялікіх грамадзян Беларусі. І што следам за ім захавальнікамі багатай музычнай культуры нашай Айчыны будуць не меней таленавітыя наступнікі.
Светлая памяць...
Кастусь Ладуцька
Звязда, 11 снежня 2021
Звязда, 11 снежня 2021