Мінсельгасхарч з 2018 года з дапамогай Міністэрства адукацыі і аблвыканкамаў адкрывае класы аграрнай накіраванасці ў розных рэгіёнах рэспублікі, і іх колькасць, як і колькасць навучэнцаў, павялічваецца. Як арганізавана падрыхтоўка спецыялістаў для аграрнага сектара, распавёў начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадравай палітыкі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Самсонавіч.
Аграрных класаў з 2018 года ў краіне было адкрыта нямала. Па дадзеных сельскагаспадарчага ведамства, цяпер у 521 установе агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуе 728 агракласаў, сумарная колькасць навучэнцаў якіх налічвае звыш 5 тыс.школьнікаў.
«Не магу сказаць, што такім чынам праблема кадравага голаду ў галіне цалкам вырашылася. Тым не менш выпускнікі агракласаў паступаюць у ВНУ, каледжы, установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, — адзначыў Уладзімір Самсонавіч. — З 2018 года каля 1,2 тыс.дзяцей, якія навучаліся ў аграрных класах, выбралі для сябе сельскагаспадарчыя прафесіі. Гэта няшмат, але гэта тыя маладыя людзі, якія ўбачылі сельскагаспадарчую вытворчасць знутры, не спалохаліся яго і прынялі рашэнне прыйсці ў аграрны сектар. Менавіта з іх, як я лічу, атрымаюцца высакакласныя спецыялісты з годным узроўнем падрыхтоўкі, якія застануцца ў галіне і стануць фармаваць яе будучыню».
Такіх хлопцаў, як было падкрэслена, дзяржава падтрымлівае. Для павышэння прэстыжу працы ў сельскай гаспадарцы рэалізуецца шэраг дзяржаўных праграм, арыентаваных на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і вытворчага патэнцыялу аграпрамысловага комплексу, стварэнне новых вытворчасцяў. Вызначаны і комплекс матэрыяльных стымулаў і гарантый для маладых спецыялістаў, устаноўлены даплаты да зарплаты на працягу першых пяці гадоў працы.
Больш за тое, прадугледжана магчымасць атрымання льготных крэдытаў на куплю хатняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці, работнікі АПК таксама могуць атрымаць адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую ваенную службу і праходжання службы ў рэзерве. Прадугледжаны цэлы шэраг магчымасцяў для вырашэння жыллёвых пытанняў маладых спецыялістаў сельскагаспадарчых арганізацый.
«Як правіла, эканамічна ўстойлівыя арганізацыі, дзе ствараюць спрыяльныя ўмовы для працы і пражывання, своечасова выплачваюць зарплаты, прадастаўляюць матэрыяльныя і сацыяльныя гарантыі, а кіраўнікі паслядоўна рэалізуюць прадуманую кадравую палітыку, праблем з кадравым забеспячэннем не адчуваюць, — сказаў на заканчэнне начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадравай палітыкі. — Мы стараемся рабіць усё, каб такіх сельгасарганізацый у Рэспубліцы станавілася як мага больш».
Звязда, 4 сакавіка 2025