https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Што звязвае салістаў "Бі-2" і паэта Аркадзя Куляшова?


Лёва і Шура з "Бі-2" расказалі, чаму не пішуць песень па-беларуску і як ставяцца да беларускай мовы.
Салісты расійскага рок-гурту "Бі-2", ураджэнцы Беларусі Лёва і Шура, на прэс-канферэнцыі ў Мінску прызналіся, што хвалююцца, калі выступаюць на радзіме.

— Выступаць у родным горадзе — нервы на мяжы. Ды і для арганізатараў нашых канцэртаў у Беларусі гэта заўсёды галаўны боль: ім даводзіцца кожны раз выдзяляць на нашы канцэрты, як мінімум, сто квіткоў для нашых сяброў, аднакласнікаў і г.д. І так не толькі ў Мінску (тут нарадзіўся Лёва. — Аўт.) ці Бабруйску (родны горад Шуры, сёння спявак — грамадзянін Аўстраліі. — Аўт.), але і ў Тэль-Авіве, Рызе — усюды, дзе ў нас шмат сяброў.

Падчас непрацяглай гутаркі з журналістамі музыканты расказалі, што пачынаць сольную кар`еру пакуль не збіраюцца:

— Куды б мы ні прыехалі, усе гэтым чамусьці цікавяцца. Але распаду "Бі-2" пакуль не будзе: адзін аднаму мы не надакучылі (сябруем з дзяцінства), таму нават паралельныя сольныя праекты таксама робім разам.

"За столькі гадоў мы яшчэ цудоўна разумеем беларускую мову"

— Эксперыментаў з беларускай мовай у нас не было ні ў адным з альбомаў. Мы спяваем толькі на рускай мове, — адказалі артысты на пытанне карэспандэнта "Звязды".

Шура патлумачыў гэта тым, што ўсё залежыць ад песні: калі будзе вартая песня на беларускай мове, то ўсё магчыма.

— Няма яшчэ такой песні, якая нас зацікавіла б. Сам я, напрыклад, не пішу песні па-беларуску. Нельга ставіць задачу — зрабіць песню на беларускай мове. У першую чаргу песня павінна быць добрай, а ўжо на якой мове — рускай, англійскай ці іўрыце — не мае значэння.

Лёва Бі-2: "Мы ў асноўным спяваем свае песні. Таму пытанне хутчэй у тым, ці прыйдзе натхненне ствараць па-беларуску...

Як прызналіся музыканты, беларускую мову яны ўсё ж памятаюць, аднак гаварыць на ёй ім складана. Дарэчы, адзін з салістаў гурту — Лёва — унук народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова...

— Ведаеце, як я ў вучылішчы атрымаў пяцёрку па беларускай мове і літаратуры? — пацікавіўся ў журналістаў Шура. — У Лёвы дзякуючы яго дзеду Аркадзю Куляшову была цудоўная бібліятэка, і я браў у яго перыядычна кнігі з аўтографамі і даваў іх сваёй настаўніцы па літаратуры. Кшталту: "Аркадзю Куляшову ад Янкі Купалы"...

Усё ж за столькі гадоў мы яшчэ цудоўна разумеем беларускую мову. Размаўляць цяжка, але разумець — разумеем.

Умоўны лад? Не пра нас!

Восьмы па ліку студыйны альбом пад назвай "Sріrіt" музыканты "Бі-2" афіцыйна прэзентуюць першага снежня. Тым не менш песні з новага альбома ўжо сёння можна паслухаць на сеткавым рэсурсе "роrtаlрlаnеtа.ru".

— Сацыяльная сетка "Планета" — унікальныя магчымасці, — дзеляцца досведам артысты. — Сабраць у адным месцы ўсю інтэлектуальную ўласнасць Расіі і даступна несці яе ў масы — гэта заслугоўвае павагі. Новы альбом мы выпускаем без дапамогі рэкард-лэйблаў і з нашымі прыхільнікамі кантактуем непасрэдна праз "Планету".

Сацыяльная сетка — не адзінае захапленне музыкаў, не так даўно яны арганізавалі сваё радыё "Субстанцыя", якое вяшчае сёння ў інтэрнэт-фармаце.

Яшчэ Шура і Лёва не любяць умоўнага ладу. Таму, калі спытаць, чым займаліся б, каб не музыка, даюць толькі адзін адказ — музыкай.

Ілья Лапато
Звязда, 30 лістапада 2011
 
Дата публикации:30.11.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3878
 
Ключевые слова:
Музыка Кулешов
 
 


Комментарии