https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Крызіс і мы


Віталь Сіліцкі: Другая хваля крызісу магчымая, але яна будзе менш жорсткай
Віталь Сіліцкі: Другая хваля крызісу магчымая, але яна будзе менш жорсткай
 
На пачатку мінулага года мы паспрабавалі спрагназаваць, як пройдзе крызісны 2009-ты. Якія прагнозы спраўдзіліся, а якія не, як у цэлым прайшоў год і чаго нам чакаць ад надышоўшага 2010-га? Пра гэта ў студыі TUT.BY распавёў дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (Вільня) Віталь Сіліцкі                       ( Аудые размовы слухайце на партале  TUT.BY )
 
Год таму мы былі сярод першых, хто паведам, што ў краіне пачаўся крызіс. Зараз, праз год пасля той заявы, хочацца абнадзеіць людзей і сказаць, што крызіс скончыўся. Ці ёсць для гэтага падставы?
 
Лягчэй за ўсё сказаць, што крызіс скончыўся, і тое, што адбываецца цяпер, — наша новае нармальнае становішча. Жарт жартам, але частка нашага грамадства так і аднеслася да гэтага. Адбылося зніжэнне сацыяльных чаканняў, зніжэнне планкі для нормы ў спажывецкіх паводзінах і чаканнях заробку. Адбыліся нейкія спробы самаадаптацыі, што тычыцца грамадства, і нейкія спробы расштурхаць адзін аднаго лакцямі, каб дабрацца да больш прывабнай працы і больш стабільнага заробку. Такая тэндэнцыя назіраецца ў грамадстве.
 
Што тычыцца працэсаў на макраўзроўні ў эканоміцы, тут трэба разумець, што ў нас трохі іншая эканоміка, чым эканомікі нашых краінаў-суседзяў. Яна толькі часткова рынкавая, таму тыя працэсы, якія адбываюцца паўсюдна ў свеце, уплываюць на нас праз нейкі фільтр вельмі моцнага дзяржаўнага рэгулявання. Дзяржава не дае збанкрутавацца асобным заводам, фірмам, банкам, прадпрыемствам, калгасам, нават індывідумам, і нейкія сур’ёзныя катаклізмы ў Беларусі могуць адбыцца толькі тады, калі збанкруціцца сама дзяржава. Але вось тут я мушу ўсіх запэўніць, што да гэтага вельмі далёка.
 
Якім быў 2009 год з глабальнага эканамічнага і паліталагічнага гледжання?
 
Вельмі доўгі час большасць развітых эканомік свету жылі на грошы, якія яны не зарабілі. Калі ўзровень спажывання пачаў перавышаць узровень стварэння нейкіх матэрыяльных дабротаў, усё проста рассыпалася, як той картачны дамок. Адбылося масавае банкрутства фінансавагаа сектару, па відавочных прычынах сур’ёзныя змены адбыліся ў рэальным сектары. У першую чаргу танныя незаробленыя грошы павышаюць інвестыцыйную актыўнасць, растуць фондавыя рынкі, ідуць вялікія інвестыцыі ў будаўніцтва. Усё гэта падчас крызісу рушыцца ў першую чаргу: сектар інвестыцыйных тавараў проста валіцца з ног. І мы асабліва ні ў чым не вінаваты, але нам ад гэтага не лягчэй: наш беларускі эканамічны цуд, які назіраўся цягам апошняга дзесяцігоддзя, адбыўся за кошт таго, што сусветная эканоміка напампоўвалася таннымі грошамі, а гэта стварала попыт на нашыя тавары.
 
Пасля крызісных працэсаў, якія адбыліся ў сусветнай эканоміцы, попыт на тое, што мы прадукуем, упаў, і гэта відавочна на попыце інвестыцыйных тавараў, якія мы экспартуем у Расію. Там цягам дзесяцігоддзя адбывалася шалёная экспансія, бо расіяне пачалі з нізкай кропкі папярэдняга крызісу 1998 года, і імпарт некаторых відаў тавараў, на якіх мы спецыялізуемся, узрос у Расіі ў некалькі соцень разоў. Калі рынкі аўтамабіляў, самазвалаў, трактароў абрынуліся, для беларускай эканомікі ўзнікла пытанне нейкай структурнай пераарыентацыі.
 
Былі дзве ацэнкі таго, што рабіць у такой сітуацыі. Адна даволі аптымістычная: крызіс пройдзе, кошты на энергарэсурсы пойдуць уверх, попыт у Расіі адновіцца, і мы зноў будзем прадаваць, як і раней. Другая не такая аптымістычная: крызіс прывядзе да нейкіх структурных змен, старыя тэхналогіі не будуць больш выкарыстоўвацца, паколькі будзе скарачацца попыт, усе пачнуць пераходзіць на больш прасунутыя тэхналогіі, і хто першы гэта зробіць, той і выйграе, але гэта будзем не мы. Нам не трэба спадзявацца, што адновіцца тая ж самая структура рынку, што пачнуцца нейкія энергаашчаджальныя вытворчасці.
 
Сцэнар таго, што адбылося насамрэч, знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне. Першым з крызісу выцягваецца тая частка эканомікі, якая не так падвергнута такім ударам. У першую чаргу —паліўная прамысловасць і энергетыка. Прамысловы сектар падтрымліваецца за кошт заахвочвання дзяржавай унутранага інвестыцыйнага попыту, і адсюль узнікаюць мегапраекты па будаўніцтве АЭС і лядовых палацаў. Гэта сотня тысячаў занятых людзей, а грошы на заахвочванне гэтага ўнутранага попыту бяруцца са знешніх запазычанасцяў. Дзяржаве ўдалося прыцягнуць даволі шмат крэдытных рэсурсаў, а ўзровень замежнага доўгу нам пакуль дазваляе браць крэдыты. Адсюль я раблю выснову, што гэты крызіс мы перажывем, а вось у наступным, калі ў нас будзе іншая канкурэнтная пазіцыя, макраэканамічная сітуацыя і сітуацыя з платным балансам, могуць узнікнуць пытанні.
 
Другая хваля, калі яна прыйзде, будзе новым крызісам ці працягам старога?
 
Мы заўжды выпаўзаем з крызісу – у гэтым наша сіла і адначасна наша слабасць. У нас ёсць моцны мабілізацыйны элемент у эканоміцы: адзін чалавек скажа – і ўсе пачнуць штосьці рабіць. Час ад часу гэта дапамагае, але не заўсёды.
 
Свет у цэлым выпаўзаў з крызісу крэдытнай напампоўкай. Ёсць такі выраз “тушыць пажар алеем”: адныя танныя крэдыты прафукалі, значыцца, давайце ўкінем яшчэ танных крэдытаў. І гэтыя танныя крэдыты, як заўжды, пайшлі ў золата, нафту і ў біржы, што стварыла кан’юнктуру, якая дапамагла, у тым ліку, і беларускай эканоміцы, яе паліўна-энергетычнаму сектару, які зноў трымае нас на паверхні.
 
Другая хваля крызісу цалкам магчыма — гэтая бурбалка таксама можа лопнуць, калі не будуць прыняты меры па аздараўленні публічных фінансаў, напрыклад, эканомікі Злучаных Штатаў, якія зараз з’яўляюцца асноўным сусветным стваральнікам праблем. Калі будзе другая хваля крызісу, яна будзе звязаная з пэўнымі біржавымі абваламі, з абваламі кошту.
 
Сусветная эканоміка даволі нестабільная, у ёй ужо вельмі шмат розных гульцоў і фактараў, няма нейкай адной сілы, якая можа нешта кантраляваць. Што будзе заўтра, пралічыць цяжка: у той канфігурацыі сілаў адыгрывае ролю суб’ектыўны фактар. Трэба ўлічваць намер Кітаю, Блізкага Ўсходу, Індыі: гэта ўплывае на нашых партнёраў — на Расію і Еўропу.
 
Напэўна, другая хваля крызісу не будзе такой жорсткай, як першая.
 
У 2009 годзе ў Беларусі адбылася дэвальвацыя, мы бралі замежныя пазыкі, пры гэтым назіралі, як робіцца стаўка на будаўніцтва як на лакаматыў, які выцягне краіну з крызісу. Але дакладнага разумення гэтых працэсаў у грамадстве не адбылося. Што мы не зразумелі ці зразумелі не так?
 
Нам вельмі цяжка зразумець, што будзе на сусветных і рэгіянальных рынках пасля крызісу, хто там будзе галоўнымі гульцамі, ці будзе месца для нашых МАЗаў і трактароў у Расіі, ці будуць запатрабаванымі тыя тэхналогіі, на якія мы разлічваем.
 
Тая пазіцыя, якую заняла дзяржава, была заснавана на тым, што ўсё вернецца, – трэба толькі перачакаць крызіс. Стымуляванне ўнутранага попыту стала заменай знешняга попыту на нашыя тавары. Беларуская эканоміка вельмі экспартаарыентаваная ды залежыць ад знешніх фактараў, і стварыць умовы, пры якіх яна будзе развівацца аўтаномна, ізалявана, вельмі цяжка.
 
Напрыклад, падчас крызісу лепш за ўсё пачувалася польская эканоміка: там была даволі нармальная макраэканамічная сітуацыя, даволі моцна працаваў знешні сектар, было мала дысбалансаў. Акрамя таго, Польшча – гэта краіна з даволі ёмістым рынкам.
 
У нас жа ўнутраны рынак даволі маленькі, мы вельмі моцна залежым ад знешніх партнёраў, мы ў чымсці закладнікі іх сітуацый, але не ва ўсім гэтая сітуацыя дрэнная: калі ў сусветнай эканоміцы ўсё было нармальна, то такі “рэгіянальны лакаматыў”, заснаваны на падтыманні парадку ў дзяржаве і выкарыстанні свайго геапалітычнага становішча, нас цягнуў. Цяпер жа рух такіх “лакаматываў” запаволіўся, і прыйдзецца чакаць лепшых часоў. Але трэба разумець, што ёсць канкурэнты, рынкі становяцца менш ёмістымі, і канкурэнцыя на іх узрастае.
 
Год таму мы давалі рэкамендацыі, у якой валюце захоўваць грошы, браць ці не браць крэдыты, ва што лепш укладваць грошы. Якімі будуць парады спецыяліста на 2010 год?
 
Некаторыя з тых парадаў, якія мы давалі ў мінулым годзе, завноўваліся на здаровым сэнсе: напрыклад, парада браць крэдыт у той валюце, у якой вы зарабляеце. У гэтым сэнсе я не бачу падстаў для таго, каб рабіць інакш.
 
У 2009 годзе знізіліся рэальныя даходы насельніцтва, назіралася значная тэндэнцыя падзення кошту на нерухомасць. 2010 год – гэта год набліжэння да прэзідэнтскіх выбараў, а падчас прэзідэнтскіх выбараў наша дзяржава павышае дабрабыт насельніцтва. Будуць вышуквацца ўсе магчымыя метады, каб выканаць абяцанні, падвысіць заробак да 500 даляраў. І калі даляр зноў абрынецца на сусветных фінансавых рынках, што цалкам магчыма ў сучаснай сітуацыі, гэта дапаможа нашай дзяржаве выканаць абяцанне. Больш за тое, я на 70% упэўнены, што гэтае абяцанне будзе выканана. Такая палітыка заўсёды прыводзіць да ўзросту рэальных коштаў у эканоміцы – гэта непазбежна.
 
Відавочна, што дзяржава будзе імкнуцца ўсімі магчымымі метадамі прыцягнуць крэдытныя рэсурсы, каб задаволіць рост сацыяльных абавязкаў, выкананне палітычных і сацыяльных мінімумаў, падтрыманне стабільнасці беларускай эканомікі. Нарастанне знешняга доўга прывядзе да таго, што банкі і фінансавыя структуры мусяць выплачваць гэты доўг, што вядзе да падвышэння адсоткавых ставак па крэдытам.
 
Таму можна сказаць, што заробкі і працэнтавыя стаўкі па крэдытах у 2010 годзе, хутчэй за ўсё, будуць расці.
 
Што будзе адбывацца ў палітычнай і эканамічнай сферы?
 
Нас чакаюць дзве выбарчыя кампаніі, працяг лібералізацыі...
 
Лібералізацыя ў нас звычайна адбываецца пасля выбараў. Але зараз ідзе вельмі цікавы працэс, у якім мы самі імкнемся разабрацца: на дзяржаўным узроўні пастаўлена задача выйсці ў трыцатку стран, найбольш прываблівых для інвестыцый. Палову шляху мы прайшлі, але гэтыя ўмовы не вельмі падыходзяць для нашага вядзення бізнесу: у нас 80% эканомікі складаюць дзяржаўныя прадпрыемствы. Тым не менш, прагрэс відавочны, але за кошт таго, што мы спрасцілі працэдуру для адкрыцця прадпрыемстваў, рэгістрацыі і пачатку бізнесу. Аднак потым пачынаецца неверагодна складаная падатковая сістэма, абарона правоў уласнасці і кантрактаў. Гэта вельмі складаныя структурныя пытанні.
 
У прынцыпе, дзяржава паказвае, што нейкія меры яна можа прымаць, але каб рабіць наступныя крокі, трэба наступаць на горла ўласнай песні і ў чымсьці змяняць сацыяльную і эканамічную мадэль.
Другое важнае пытанне гэтага года – саюз з Расіяй і Казахстанам, і гэта не толькі пытанне аўтамабільных пошлінаў. Падпісаўшы гэты Мытны саюз, мы ўзялі на сабе шмат абавязкаў: не толькі адзіны тарыф, але і вал усякіх нетарыфных абмежаванняў.
 
Прыгадваю, што калісьці ў 1995 годзе я ляцеў праз Маскву ў Еўропу і праходзіў на спецыяльным калідоры для грамадзян Расіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана. Гэта значыць, што, па-сутнасці, нейкі Мытны саюз быў зроблены яшчэ ў сярэдзіне 90-х. Калі б мы адзін раз сур’ёзна прынялі такі саюз, негледзячы на тое, што я не прыхільнік інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, гэта магло бы наблізіць Беларусь да сур’ёзных нормаў, напрыклад, Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Але зараз ідзе новы скандал – і пытанне, будзе Мытны саюз ці не, завісае.
 
Я не магу рабіць прагноз на ўвесь год. Магчыма, заробкі будуць складаць абяцаныя 500 даляраў, але гэта будуць не тыя грошы, якімі яны з’яўляюцца сёння. Узровень жыцця будзе іншым, і можна сказаць, што дзяржава перажывае гэты крызіс у горшым стане на доўгатэрміновую перспектыву, але, як казаў лорд Кейнз, “у доўгатэрміновай перспектыве мы ўсё роўна ўсе здохнем”. Тыя прадказанні, што гэты крызіс пахавае беларускую эканоміку, не спраўдзіліся і не спраўдзяцца.
 
 


 
Дата публикации:08.01.2010
Тематика:, Беларусь
Просмотров:8766
 
 


Комментарии