https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


247 медалёў заваявалі беларусы на гульнях БРІКС


Беларускія спартоўцы паспяхова удзельнічают у міжнародных спаборніцтвах.
Гераіня тыдня. Аліна Гарнасько — срэбраная прызёрка заключнага этапу Кубка свету па мастацкай гімнастыцы, які прайшоў у Мілане. Медаль яна заваявала ў практыкаванні з абручом. Суддзі ацанілі яе выступленне на 34,250 бала. Такім чынам, за пяць этапаў Кубка свету 2024 года Гарнасько заваявала тры медалі: раней Аліна выйграла «бронзу» ў мнагабор’і на стартавым турніры ў Афінах у сакавіку і «золата» ў практыкаванні са стужкай там жа.

Лічба тыдня. 247 медалёў заваявалі беларускія спартсмены на Спартыўных гульнях краін БРІКС. Сярод іх 55 залатых медалёў, 85 срэбных і 107 бронзавых. Самай паспяховай стала каманда па веславанні на байдарках і каноэ — 50 узнагарод (16 залатых, 14 срэбных і 20 бронзавых). 30 медалёў заваявалі лёгкаатлеты (9-12-9), 24 разы на подыум узнімаліся плыўцы (13-4-7). Па 19 медалёў атрымана ў спартыўнай барацьбе (3-6-10) і мастацкай гімнастыцы (2-10-7), 15 узнагарод заваявалі прадстаўнікі акадэмічнага веславання (4-7-4). 11 самбістаў (2-6-3) і столькі ж баксёраў (0-3-8) сталі прызёрамі Гульняў БРІКС. Дзевяць узнагарод выйгралі цяжкаатлеты (2-3-4), восем — фехтавальшчыкі (0-4-4), па сем — прадстаўнікі сінхроннага плавання (1-4-2) і спартыўнай гімнастыкі (1-0-6). Пяць медалёў у актыве нацыянальных каманд па дзюдо (2-2-1), каратэ (0-3-2) і скачках у ваду (0-2-3). Па чатыры ўзнагароды Беларусі прынеслі спартсмены ва ўшу (0-1-3), бадмінтоне (0-0-4) і барацьбе на паясах (0-0-4), яшчэ тройчы прызёрамі форуму станавіліся нашы коннікі (0-0-3). Па два медалі на рахунку тэнісістаў (0-2-0) і шахматыстаў (0-1-1), па адным — у фіджытал-баскетболе («срэбра»), настольным тэнісе («бронза») і карэшы («бронза»). Больш за ўсё залатых медалёў Гульняў БРІКС (пяць) з нашай каманды заваявала байдарачніца Марына Літвінчук, чатырохразовымі чэмпіёнамі сталі вясляр Уладзіслаў Кравец, а таксама плыўцы Ілья Шымановіч, Аліна Змушко і Анастасія Куляшова. Без узнагарод засталіся толькі прадстаўнікі брэйкінгу і фіджытал-футбола.

Надзеі тыдня. У грэчаскіх Салоніках завяршылася першынство Еўропы па цяжкай атлетыцы сярод юніёраў. Беларускія спартсмены без медалёў не засталіся. Чэмпіёнкамі Еўропы сталі Вольга Галынская (да 59 кг) і Марыя Іванова (да 71 кг). Срэбранымі прызёрамі — Глеб Паўлюкевіч (да 61 кг), Артур Шчогалеў (да 81 кг), Руслан Гаравы (да 89 кг) і Паліна Новікава (звыш 81 кг). Бронзавыя медалі атрымалі Кіра Жызнеўская (да 40 кг) і Аляксандр Мацькін (да 49 кг).

Медалі тыдня. Беларускія спартсменкі сталі прызёрамі міжнародных спаборніцтваў па фехтаванні на калясках у французскім Аранжы. У фехтаванні на шпагах у жанчын бронзавым прызёрам стала Яна Шлыкава. Таксама бронзавы медаль у фехтаванні на шаблях заваявала Кацярына Мышка.

Каманда тыдня. Хакеісткі смалявіцкай «Вікторыі» сталі чэмпіёнкамі Беларусі па хакеі на траве сярод жаночых каманд сезона 2023/2024. У фінальнай серыі да трох перамог прадстаўніцы Смалявічаў сустракаліся з хакейным клубам «Мінск». Залатая серыя расцягнулася на пяць матчаў, але ў вырашальным матчы з вынікам 2:1 перамагла «Вікторыя». Гэта чацвёрты тытул смалявіцкай каманды, раней яны станавіліся чэмпіёнкамі краіны ў 2012, 2017 і 2021 гадах. У супрацьстаянні за трэцяе месца жаночай лігі таксама спатрэбіліся ўсе пяць матчаў: у вырашальным паядынку гродзенскі «Рытм» зламаў супраціўленне «Тэкстыльшчыка» з Баранавіч (4:3) і стаў уладальнікам «бронзы».

Рэкорд тыдня. Плывец Іван Шамшурын перамог на дыстанцыі 200 метраў батэрфляем у фінальным заплыве Спартыўных гульняў краін БРІКС. Залаты медаль яму забяспечыў вынік 1 хв. 57,65 секунды, што стала новым рэкордам Беларусі на гэтай дыстанцыі.

Падтрымка тыдня. Больш як 300 выкладчыкаў з 28 хакейных школ краіны атрымалі персанальныя гранты, паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі хакея Беларусі. Пасля завяршэння спартыўнага сезона 2023/2024 спецыяльная камісія ФХБ правяла дэталёвую ацэнку якасці работы трэнераў усіх хакейных школ краіны. Былі ўлічаны не толькі дасягнутыя вынікі, але і прымяненне інавацыйных методык выкладання, выкананне патрабаванняў рэгламенту дзіцяча-юнацкіх спаборніцтваў, падрыхтоўка кандыдатаў у зборныя каманды, а таксама прагрэс падапечных на працягу ўсяго сезона. Створаны сем гадоў таму па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі праект адраснай падтрымкі дзіцячых трэнераў ахоплівае абсалютна ўсіх настаўнікаў, якія працуюць у 28 дзіцяча-юнацкіх школах па хакеі з шайбай. Максімальны памер выплат складзе больш за 5000 рублёў.

Аб’ява тыдня. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка не выступіць на Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Аб гэтым яна заявіла перад стартам турніру ў Берліне. Трэцяя ракетка планеты сказала, што не згуляе на Гульнях з-за ўсіх правіл WTA з абавязковымі турнірамі. «Даводзіцца ахвяраваць Алімпіядай пасля ўсіх праблем, якія былі апошнім часам, і паклапаціцца аб сваім здароўі», — адзначыла Сабаленка.

Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 24 чэрвеня 2024
 
Дата публикации:24.06.2024
Тематика:Новости, Спорт и Туризм
Просмотров:40
 
Ключевые слова:
Спорт в Беларуси Игры БРИКС
 
 


Комментарии