https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


«Людзей трэба знаходзіць, якія не ныюць, не плачуць, а працуюць на тым, што ёсць»


Выхадныя Прэзідэнта Беларусі прайшлі ў рабочым рэжыме. Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў паездку ў Палескі рэгіён, у цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы былі пытанні развіцця аграрнага сектара.
У Петрыкаўскім раёне кіраўнік дзяржавы наведаў сельгаспрадпрыемства «Палессе-Аграінвест», заснавальнікам і ўласнікам якога з’яўляецца ААТ «Мазырскі НПЗ».

Першая тэма — пасяўная пад будучы ўраджай. У рэгіёне ўжо сеюць азімы рапс, свірэпіцу. «Вы лічыце, што пара ўжо рапс на поўдні сеяць? — спытаўся Прэзідэнт у старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко. — Я табе раіў бы не сеяць усё адразу, а ў 2-3 этапы, і зрабіць вывад. Трэба паглядзець, як на поўдні, у якія часы сеяць. Я баюся, з-за культуры земляробства, тэхналогіі ў Гомельскай вобласці, мы не справімся з ростам (раслін. — „Зв.“). Калі перарасце восенню, можа загінуць зімой».

Практыка паказвае, што ранняя сяўба можа даць вынік у выглядзе дадатковага ўраджаю, але трэба ўносіць спецыяльныя прэпараты, каб стрымаць рост. Гэта значыць усё ўпіраецца ў тэхналогію і культуру земляробства. «Ці ўнясуць у вас іх? Унесяце — добра. Я ў вашы тэхналогіі не ўмешваюся, але я на вашым месцы паспрабаваў бы ў 2-3 этапы. І параўнаць. Трэба паглядзець. Гэта ўсё ж такі поўдзень. Але я ў вашы тэхналогіі не ўмешваюся. Таму што яны складваюцца гадамі, людзі прывыкаюць», — заўважыў беларускі лідар.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ходзе ўборачнай і іншых сельгасработ у рэгіёне. Для завяршэння ўборачнай патрэбна яшчэ шэсць пагодлівых дзён. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сёлета нават з улікам асаблівасцяў рэгіёна вільгаці хапала, але сярэдняя ўраджайнасць каласавых невысокая.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым настройвае на эфектыўную работу і строгае выкананне ўсіх агратэхнічных працэсаў. «Гэта ідэальны год. Столькі вільгаці было. Трэба вучыцца. Калі б вы так усюды ў вобласці працавалі (як у гаспадарцы „Палессе-Аграінвест“. — „Зв.“), таксама былі б на вышыні. Вылізана, пасеяна, роўненька ўсё», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Без тэхналогіі не трэба сеяць, асабліва ў Гомелі. Лепш мы падумаем, каму аддаць гэтае поле і гаспадарку. 20 ц/га — гэта не ўраджайнасць», — падкрэсліў ён. Прыклад — вырошчванне рапсу. Гэта адносна новая для аграрыяў культура, прыбытковая, але і затратная. На полі трэба праводзіць да двух дзясяткаў розных апрацовак. «Калі ты ўклаўся ў рапс добра, тады і атрымаеш вынік», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Не трэба забываць і пра кукурузу, арыентуе кіраўнік дзяржавы: «Ад кукурузы, напэўна, мы нікуды не пойдзем. Яна ў многім ратуе ў Гомельскай вобласці, ды і па ўсёй краіне. А кукуруза — гэта і зерне нядрэннае, і сакавітыя кармы, сілас».

За 2023 год прадпрыемства спрацавала з тэмпам росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі 101,5 працэнта да ўзроўню 2022 года. Пры гэтым выручка ад рэалізацыі прадукцыі была больш як на 12 працэнтаў большай. Атрыманы чысты прыбытак у памеры Br8,1 млн.

Па выніках работы ў студзені — чэрвені бягучага года валавая вытворчасць прадукцыі атрымана на ўзроўні 109,4 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года.

У складзе прадпрыемства працуе таварная ферма «Турок», якая пасля рэканструкцыі ў 2010 годзе была ўведзена ў эксплуатацыю. Тут ёсць шэсць жывёлагадоўчых памяшканняў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы на 1469 жывёламесцаў.

«Калі ў цябе ўвесь час так, як цяпер, гэта тое, што трэба. Гэта ідэальна. У кожным раёне павінны быць такія кіраўнікі, якія ведаюць тэхналогію ўтрымання жывёл, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Вось гэта ідэальна для ўзнаўлення. Нічога больш не трэба».

На ферме Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналагічным працэсам гадоўлі маладняку буйной рагатай жывёлы.

«Гэта самы нармальны варыянт. Цялят трэба трымаць пад дахам. Усе гэтыя клеткі — гэта глупства, асабліва поліэтыленавыя. Я паспрабаваў у сябе на ферме: калі горача, цяля ўсё спацелае і мокрае — дакладна захварэе. Гэта мы прывыклі — палацы, палацы. А жывёлам палацы не патрэбны. Ім чым прасцей, тым лепш. Акуратненька ўсё зроблена, — ацаніў убачанае Аляксандр Лукашэнка. — Трэба паставіць задачу: пры кожным комплексе мець вось такі лагер, дзе будзе трохтыднёвая жывёла».

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко далажыў кіраўніку дзяржавы аб планах па будаўніцтве і рэканструкцыі малочнатаварных комплексаў да 2031 года. Паводле яго слоў, да гэтага часу ў вобласці застанецца 340 малочнатаварных ферм (комплексаў). 

У рэгіёне плануецца рэканструяваць 190 малочнатаварных аб’ектаў пад гадоўлю маладняку, а таксама пабудаваць і рэканструяваць 86 малочнатаварных комплексаў. Пры гэтым будуць поўнасцю закрыты 111 малочнатаварных ферм.

«Мне вельмі падабаецца гэты комплекс. Ёсць вынік, што тут вам раіць. Рабіце так, як лічыце патрэбным», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Тут жа на месцы дырэктар СУП «Палессе-Аграінвест» Аляксандр Верамееў атрымаў пасаду старшыні Петрыкаўскага райвыканкама. Рашэнне Прэзідэнт прыняў па прапанове старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко, які пацвердзіў, што Верамееў на новай пасадзе справіцца.

Аляксандр Лукашэнка ўжо ў самога Аляксандра Верамеева пацікавіўся, наколькі ён у тэме аб’яднання мясцовых гаспадарак, як ён глядзіць на гэтыя пытанні.

Абмеркаваўшы гэтыя тэхнічныя моманты, Прэзідэнт папярэдзіў, што ва ўсім раёне культура земляробства павінна быць, як у СУП «Палессе-Аграінвест».

«Добра, будзем лічыць, што з панядзелка ты — старшыня райвыканкама. Але май на ўвазе — тут добрая гаспадарка. Не дай бог знішчыце. Таму паглядзі, хто будзе тут працаваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ва ўсім раёне трэба зрабіць, як у гэтай гаспадарцы. «Я ведаю яго біяграфію. Мне далажылі. Я ж не спантанна. Ён мясцовы, вырас тут. Сапраўдны паляшук, якіх я вельмі люблю і паважаю, — сказаў Прэзідэнт. — Вядома, глеба ў іх не гродзенская і не тураўская (па ўрадлівасці.). І вось такіх людзей трэба знаходзіць, якія не ныюць, не плачуць, а працуюць на тым, што ёсць».

Прэзідэнт дадаў, што, калі атрымаецца, восенню ён яшчэ раз наведае Петрыкаўскі раён і азнаёміцца з работай новага кіраўніка. «Раскажаш, як ты пачаў працаваць. Паглядзі на кадры: хто застаяўся, хто хоча працаваць, хто — не. Як я заўсёды гавару, нельга разганяць людзей, нават калі ты разумееш, што іх трэба разагнаць. Трэба даць шанц чалавеку. Калі будзе патрэбна мая падтрымка, я гатовы», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Трэба, каб ён вырас як мінімум да Івана Іванавіча (былога кіраўніка Мінсельгасхарча, а цяпер старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко.), каб мы яго назад забралі, а ён ужо разбіраўся з вобласцю», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

* * *

У нядзелю кіраўнік дзяржавы вывучыў сітуацыю і з вышыні, калі ўсё як на далоні. Аляксандр Лукашэнка агледзеў паўночны захад Гомельскай вобласці і паўднёвыя раёны сталічнага рэгіёна. З верталёта Прэзідэнт ацаніў ход уборачнай кампаніі, стан меліяраваных земляў і работу прадпрыемства «Слаўкалій».

Звязда, 4 жніўня 2024
 
Дата публикации:04.08.2024
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:98
 
Ключевые слова:
Сельское хозяйство Урожай Продовольственная безопасность Гомельшчына Уборочная кампания
 
 


Комментарии