https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Новая гіпотэза археолагаў: чаму летапісны Менск перанеслі на Свіслач


Дылема аб пераносе горада з Менкі на берагі Свіслачы даўно стаяла перад беларускімі гісторыкамі. Цяпер раскопкі на гарадзішчы дазволілі інакш паглядзець на падзеі тысячагадовай даўніны.
Маштабныя раскопкі па вывучэнні гарадзішча на Менцы працягваюцца. У гэтым палявым сезоне галоўнай задачай археолагаў была кансервацыя зрубаў у падножжы вала. Здавалася, што пасля таго, як іх разабралі, справа зроблена, але дзе там. Рушылі следам новыя адкрыцці і гіпотэза.

На краі раскопу ў бок унутранай прасторы гарадзішча знайшлі трэці рад клецей. Гэта сведчыць аб тым, што гарадзішча старажытнарускага перыяду на Менцы мела складаную сістэму фартыфікацыі. Нечаканая знаходка можа праліць святло на гісторыю з "пераездам" Мінска.

Трэці не лішні

"У нейкі момант сценка другога рада клецей, звернутая ў бок гарадзішча, пачала падгніваць. У адзін з момантаў цалкам зламалася ўся задняя сцяна. Гэта прывяло да таго, што клеці пад уласнай вагой сталі завальвацца ўнутр гарадзішча", - распавёў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч.

Паводле яго слоў, бярвёны з задняй сценкі проста выціснула, і яны вылецелі. Таму яны нахіліліся, што раней было бачна на раскопе.

Археолаг звярнуў увагу, што частка бярвення, што вылецела, апынулася ў клеці ў трэцім радзе, што сведчыць аб тым, што яны былі пустацелымі.

Пясчаная падсыпка, якую добра відаць па краі раскопу, гаворыць аб тым, што з яе дапамогай спрабавалі спыніць завальванне клецей унутр гарадзішча, засыпаўшы трэці рад клецей.

Аснова капітальнага вала

Андрэй Вайцяховіч сказаў, што трэці рад клецей характэрны для старажытнарускага перыяду нашай гісторыі, таму што такім чынам узводзіліся капітальныя валы.

"Дзве клеці ўяўляюць сабой запоўнены грунтам вал. Трэці рад клецей быў пустацелым і мог выкарыстоўвацца як склады", - удакладніў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН.

Паводле яго слоў, пакуль што адкрыты невялікі ўчастак з трэцім радам клецей і складана казаць аб іх стане і захаванасці. У ім няма знаходак, бо ён проста засыпаны пяском, які ўзялі на месцы.

Сярэднявечны пераезд

Гісторык растлумачыў, што пасля таго, як клеці сталі завальвацца ўнутр, сцяна вала перастала несці сваю асноўную абарончую функцыю.

"Магчыма, гэта і паслужыла адной з прычын, чаму тут не сталі нешта рабіць, а перанеслі гарадзішча Менск на новае месца на Свіслачы. Пакуль што гэта адна з версій", - звярнуў увагу Андрэй Вайцяховіч.

Археолаг растлумачыў, што для таго, каб устараніць гэты дэфект, трэба было б разабраць усю сістэму абарончых умацаванняў. Пасля чаго драўляныя канструкцыі трэба было б укладваць па новай.

Драўляныя контрфорсы

Разбор клецей на кансервацыю і нечаканыя дажджы дазволілі выявіць яшчэ рад драўляных канструкцый, якія знаходзіліся перад клецямі.

Андрэй Вайцяховіч кажа, што падобныя прыклады ў старажытнарускай фартыфікацыі ёсць. Перад клецямі рабілі ўмацаванні з гліны ў аснове, якіх было дрэва.

"Яны зроблены з бярвення значна меншага дыяметра 10-15 сантыметраў. Іх ролю можна параўнаць з контрфорсамі. Пасля таго, як мы поўнасцю іх адкрыем будзе зразумела дакладнае прызначэнне", - сказаў гісторык.

Летні дождж пачаўся сёння рана

P.S. У нейкі момант археолаг падышоў да краю раскопу і сказаў, што гэта крайнія драўляныя канструкцыі, якія падыходзілі да берага Менкі, і далей нічога не будзе.

Дождж, які прайшоў літаральна за паўгадзіны да гэтага, паднёс нечаканы сюрпрыз. Вада размыла край раскопу і на яго дне стала відаць дрэва, якое ляжала ўпоперак.

Ніхто не чакаў, што там будуць яшчэ драўляныя канструкцыі. Гэта можа быць яшчэ адзін рад клецей ці дадатковае ўмацаванне для сцяны. Зразумела стане толькі пасля раскопак. Адно зразумела ўжо зараз: іх там быць не павінна, і гэта яшчэ адна загадка, вырашыць якую трэба гісторыкам.

Sputnik Беларусь, 7 ліпеня 2024
 
Дата публикации:07.07.2024
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:199
 
Ключевые слова:
Археология Менка Мінск Средневековье Городище
 
 


Комментарии