https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: для Беларусі таленавітыя людзі, інтэлект нацыі - самае вялікае багацце


Для Беларусі таленавітыя людзі, інтэлект нацыі - самае вялікае багацце. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў у Дзень ведаў, наведваючы ў Мінску Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк.

"Гэта вялікі храм самых перспектыўных, разумных, перадавых і дасведчаных. Ніякія вы не дзеці. Вы ўжо дарослыя людзі. Вашы веды і нават досвед - усё гэта разам сведчыць аб тым, што вы людзі дарослыя. Менавіта імкненне да новых ведаў прывяло вас, адораных і таленавітых людзей, у наш Нацыянальны тэхнапарк", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аб тым, як з'явілася ідэя стварэння тэхнапарка

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ідэя стварэння такой установы нарадзілася ў час наведвання расійскага цэнтра "Сірыус" у Сочы: "І гэта ідэя лягла ўжо на падрыхтаваную глебу. Я некалькі разоў там бываў, вывучаў гэты цэнтр. Уздоўж і ўпоперак абхадзіў. І гідам у мяне тады быў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Ён быў ініцыятарам стварэння "Сірыуса" ў Сочы. І тады я яму сказаў, што ў Беларусі таксама нядрэнна было б стварыць такі тэхнапарк, трэба, каб "Сірыус" аказаў нам падтрымку. Ён тут жа даў распараджэнне. І вось так мы, вывучаючы практыку Расіі перш за ўсё, а потым і ўвесь сусветны досвед, пачалі стварэнне тут гэтага цэнтра".

"Павінен вам сказаць, што гэта толькі пачатак. Ведаю, што жадаючых тут навучацца значна больш - атрымліваць больш высокія, прагрэсіўныя веды. Калі там засталіся за бортам таленавітыя людзі (тры чалавекі на месца), то гэты тэхнапарк трэба расшыраць да такіх меж і магчымасцей , каб усе навучэнцы, якія імкнуцца атрымаць больш сучасныя веды і веды на больш высокім узроўні, мелі такую магчымасць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб рабоце на сваю краіну

Прэзідэнт таксама падкрэсліў важнасць таго, каб выхаванцы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка ў далейшым працавалі на сваю краіну і памяталі пра яе: "Каб вы на гэтай зямлі жылі, якая ўзрасціла вас. Гэта мяне, вядома, хвалюе", - сказаў ён.

"Хоць я разумею: вы - людзі будучыні, людзі навукі. А навука не можа замыкацца сёння ў рамках нават самай вялікай развітой дзяржавы. Навука інтэрнацыянальная. Яна такой была заўсёды. І толькі тады яна мае перспектыву да развіцця, калі яна будзе інтэрнацыянальная. Але дзе вы ні былі б, вы павінны памятаць, што гэта ваша зямля. Што гэта зямля зрабіла ўсё для таго, каб вы выраслі адукаванымі, дасведчанымі і маглі працаваць у любой краіне", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб камерцыялізацыі вынаходстваў

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяперашнія навучэнцы тэхнапарка - своеасаблівыя першаадкрывальнікі, таму што два гады ва ўстанове "практыкаваліся, тэставалі, глядзелі, як лепш". "А ўжо ў гэтым годзе вы навучаецеся тут, атрымліваеце веды, практыку як сучасныя людзі. Можна сказаць, якія стаяць ля вытокаў", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на яшчэ адно пытанне - камерцыялізацыю вынікаў работы выхаванцаў тэхнапарка. "Вы ўжо не маленькія дзеці. Вы ствараеце нейкі прадукт. Я гавару "нейкі", таму што не ведаю, як ён прыжыўся б на рынках, ці прадалі б вы яго. Але мы будзем рабіць усё і дапамагаць вам будзем, калі вы нешта прыдумаеце, вынайдзеце карыснае для вытворчасці, для нашай краіны. Прамысловасць гэта, сельская гаспадарка, транспарт, сувязь і гэтак далей. Мы з задавальненнем у вас у першачарговым парадку набудзем гэты тавар", - запэўніў беларускі лідар.

"Гэта значыць, сёння трэба вырабляць і прадаваць, камерцыялізаваць вашы веды", - падкрэсліў ён.

Аб самым вялікім багацці Беларусі

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку стварэннем такога тэхнапарка краіна зазірнула за гарызонт. Адным з першых даручэнняў Прэзідэнта ў свой час было стварэнне фонду падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі.

"Гаварыў заўсёды і гавару сёння: для Беларусі таленавітыя людзі, інтэлект нацыі - гэта самае вялікае багацце. Калі ёсць такія людзі, мы справімся з любымі выклікамі. Можа, абыдземся без вялікай колькасці нафты і прыроднага газу, - заявіў беларускі лідар. - Залог захавання суверэнітэту і дзяржаўнасці - гэта таксама вы. Вы - будучыня наогул. Вы самыя разумныя, і вы гэта даказалі. Вы на гэтым этапе свайго жыцця даказалі, што вы разумныя людзі і хочаце атрымаць вялікія веды. Літаральна праз некалькі гадоў вам давядзецца кіраваць гэтай краінай, абараняць гэту краіну, гадаваць сваіх дзяцей на гэтай зямлі. І нават калі нехта на нейкі час паедзе за межы краіны, ён вернецца сюды з новымі ведамі".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі жывуць вельмі працавітыя, дысцыплінаваныя і мэтанакіраваныя людзі. У сувязі з гэтым ён прывёў шэраг гістарычных фактаў: "Удумайцеся, у далёкім 1944-м яшчэ палала вайна, трэць насельніцтва загінула, гарады практычна ўсе і вёскі ў нас былі знішчаны, дарогі і масты разбураны, а ў Мінску ўжо ідзе работа па аднаўленні. Нам вялікую дапамогу аказалі нашы брацкія рэспублікі, якія знаходзіліся тады ў складзе Савецкага Саюза. Будуецца аўтамабільны завод, які ўжо праз прыкладна тры гады - у 1947-м - выпускае першыя грузавыя МАЗы. А праз два гады з канвеера Мінскага трактарнага завода сыходзіць першы трактар "Беларусь". Каласальныя намаганні спатрэбіліся для гэтага. Менавіта ў Мінску стварылі першую серыйную савецкую ЭВМ (гэта не той камп'ютар, які сёння на стале, - гэта велізарны будынак, у якім стаялі магутныя машыны). Што для пакалення, якое яшчэ памятала жахі той вайны, было сапраўдным інтэлектуальным і працоўным подзвігам. І мы, беларусы, ганарымся тым, што мы тады зрабілі немагчымае".

Аб новых дасягненнях на "плячах гігантаў" і галоўнай мэце

Звяртаючыся да дзяцей, Прэзідэнт адзначыў, што яны робяць пакуль яшчэ нясмелыя крокі ў цікавы свет ведаў і адкрыццяў, але павінны памятаць, што сучасныя веды ўзніклі не на роўным месцы і не прыйшлі з ніадкуль: "Вы стаіце на плячах гігантаў, як гаварыў класік. Вы стаіце на плячах тых, хто гэтыя веды некалі адкрыў. І мы можам з задавальненнем назваць такіх, як Жарэс Алфёраў, Павел Сухой, Міхаіл Высоцкі і многіх іншых нашых праслаўленых на ўвесь свет суайчыннікаў".

"Няхай усе прыведзеныя мной прыклады стануць для вас жыццёвым арыенцірам. Яны змаглі, і вы абавязкова зможаце стаць першымі, упісаўшы сваё імя ў гісторыю навукі і гісторыю сваёй Айчыны, калі будзеце вернымі прызванню і навуковай ісціне, - пажадаў Аляксандр Лукашэнка. - Дзякуючы вам і вашым равеснікам, якія дэманструюць незвычайныя здольнасці, у Беларусі з'явіўся сапраўдны моладзевы навуковы цэнтр. Веру ў вас і перакананы, што размаўляю сёння з будучымі беларускімі акадэмікамі, вынаходнікамі, стваральнікамі новых прадуктаў, якія знойдуць сваё месца на сусветных рынках".

Кіраўнік дзяржавы заклікаў навучэнцаў ставіць перад сабой вялікія мэты, ствараць у імя міру. "Вы павінны бачыць галоўную мэту перад сабой - мір і светлае неба над галавой".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: жыццё так арганізавана, што на змену адным пакаленням прыходзяць іншыя, і кожнае новае пакаленне павінна імкнуцца ствараць умовы для жыцця наступнага - сваіх дзяцей. "І памятайце, яшчэ раз паўтараю, вы вельмі патрэбны сваёй краіне! Віншую вас і ў вашай асобе сёння ўсіх беларускіх школьнікаў, студэнтаў, курсантаў з Днём ведаў", - сказаў Прэзідэнт.

Аб храме ведаў і самым цяжкім перыядзе ў жыцці

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ўстановы адукацыі - гэта храм ведаў. "І ў гэтым храме заўсёды павінен панаваць парадак. Там не павінна быць ніякага беспарадку. Гэта самыя строгія законы. Ты прыйшоў вучыцца, атрымліваць веды. Вучыся і атрымлівай веды, каб потым у 30-40 гадоў ты не хадзіў па вуліцах і не крычаў: "Дайце мне зарплату, як у іх!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Паўстае заўсёды пытанне: а давай паглядзім, як ты вучыўся ў школе, як засвойваў і атрымліваў новыя веды, як ты наогул пражыў гэта жыццё? І калі паглядзіш на чалавека, які больш за ўсё крычыць на вуліцы, аказваецца, ён і ў школу не хадзіў. А калі і хадзіў, дык не кожны дзень. І не за ведамі ён туды прыходзіў, а для таго, каб павесяліцца, пакрычаць, пашумець".

Прэзідэнт падкрэсліў, што вучоба - гэта вельмі цяжкая праца. "Больш цяжкага перыяду ў вашым жыцці не будзе. Потым усё будзе значна лягчэй, калі вы вызначыцеся правільна ў жыцці. Вы будзеце хадзіць на работу, як на адпачынак, калі вы правільна вызначыцеся ў жыцці. Далей будзе лягчэй. Цяпер вельмі цяжка. І вельмі важна, як ты пражыў гэты цяжкі перыяд жыцця. Гэта шмат у чым залежыць ад нас - бацькоў, педагогаў. Але больш за ўсё залежыць ад вас. Вы малайцы, вы рызыкнулі. Я вас віншую і жадаю поспехаў вам на гэтым цяжкім шляху", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў навучэнцам здароўя і заклікаў весці актыўны спосаб жыцця, праводзіць больш часу на спартыўных пляцоўках. "Карацей кажучы, варушыцеся! Ва ўсім. І ў спорце, і ў жыцці, атрымліваючы свае веды. Калі вам будзе патрэбна мая падтрымка - звяртайцеся, мы абавязкова вам дапаможам. Дапаможам таму, што вы рызыкнулі. Вы сталі першымі, і гэта дастойна павагі", - даў наказ Аляксандр Лукашэнка.

У падарунак тэхнапарку на Дзень ведаў ён уручыў сертыфікат на мікрааўтобус, які спатрэбіцца дзецям, каб хутчэй дабрацца на розныя выязныя мерапрыемствы ў рамках вучэбнай праграмы. Ён таксама паабяцаў, што калі тэхнапарк сам заробіць хаця б палову на яшчэ адзін такі аўтобус, то з другой паловай абавязкова дапаможа дзяржава.

Прэзідэнт расказаў, што калі знаёміўся з матэрыяламі аб тэхнапарку, то знайшоў цікавую і прыемную для сябе рэч. Аказваецца, у гэтай установе навучаецца значна менш мінчан, чым дзяцей з рэгіёнаў. "Я не хачу прынізіць ролю Мінска і мінчан. Вядома, яны жывуць у зусім іншым горадзе, у іх магчымасцей значна больш, чым у рэгіянальных цэнтрах і школах, дзе вы вучыцеся. Але тое, што вы, рэгіяналы, падняліся да ўзроўню Мінска і перасягнулі Мінск, гэта мяне радуе. Перамагайце мінчан. А мінчане няхай супраціўляюцца", - сказаў беларускі лідар.

Аб суверэнітэце і незалежнасці

Аляксандр Лукашэнка як першы Прэзідэнт незалежнай Беларусі выказаў пажаданне, каб за цяперашнімі таленавітымі і адоранымі хлопцамі і дзяўчатамі, выхаванцамі тэхнапарка, прыйшлі і іншыя: "Гэта яшчэ важней, чым тое, што вы з'яўляецеся сёння першаадкрывальнікамі. Я хачу, каб вы выраслі дастойнымі грамадзянамі нашай Беларусі".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гісторыя нечакана і ў нечым выпадкова падарыла Беларусі і яе народу суверэнітэт, які цяпер неабходна берагчы. "Мы ўпершыню сталі, наколькі гэта магчыма, незалежнай дзяржавай", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што незалежнасць - паняцце адноснае, паколькі няма сёння ў свеце абсалютна незалежных дзяржаў. Гэта датычыцца нават самых буйных, магутных і развітых краін, якія так ці інакш маюць патрэбу ў падтрымцы і саюзніках. "Таму незалежнасць - паняцце адноснае. Але мы маем гэту незалежнасць і маем суверэнітэт. Нам трэба гэта захаваць, каб мы ніколі больш не паставілі тыя пакаленні, якія прыйдуць за намі, і вас пад бізун. Калі ў нас будзе больш такіх людзей, як вы, мы дакладна ніколі не пойдзем пад бізун і не надзенем лапці", - упэўнены беларускі лідар.

1 верасня 2023, Мінск
БЕЛТА

Кoличество переходов на страницу: 122