https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт забяспечыць 100-працэнтнае размеркаванне выпускнікоў


Каля 900 выпускнікоў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы атрымаюць у красавіку накіраванне на сваё першае працоўнае месца.

Размеркаванне студэнтаў і магістрантаў бюджэтнай формы навучання пройдзе з 9 па 29 красавіка. На факультэтах універсітэта ўжо адбылася працэдура папярэдняга размеркавання.

— На ўсіх выпускнікоў ужо атрыманы заяўкі ад прадпрыемстваў і арганізацый, — паведаміў прарэктар па вучэбнай рабоце Генадзь Гачко. — Маладых спецыялістаў чакаюць ва ўстановах адукацыі вобласці, а таксама на такіх прадпрыемствах і арганізацыях, як Гродзенскі мясакамбінат, ААТ «Малочны свет», Гродзенскае абласное будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства «Гроднааблсельбуд», «Гродна Азот», ТАА «ІнтэксСофт», «ЭПАМ Сістэмз» і іншых.

Эфектыўны механізм размеркавання выпускнікоў удалося выпрацаваць дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню ўніверсітэта з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў, перш за ўсё, у рамках Гродзенскага абласнога адукацыйнага кластара, Інавацыйнага медыйнага кластара і Інавацыйнага кластара па фарміраванні кіраўніцкага патэнцыялу рэгіёна.

Справа ў тым, што прадстаўнікі арганізацый-заказчыкаў кадраў актыўна задзейнічаны ў працэсе падрыхтоўкі будучых спецыялістаў. І ўжо падчас навучання яны бачаць тых студэнтаў, якім хацелі б прапанаваць першае працоўнае месца. Затым мы адпраўляем студэнта, у якім зацікаўлена прадпрыемства, на вытворчасць для праходжання практыкі.

Такім чынам, арганізацыя бачыць свайго патэнцыйнага спецыяліста ўжо не толькі ў працэсе навучання, але і непасрэдна ў справе. Студэнты выконваюць дыпломныя работы, міждысцыплінарныя праекты па заяўках арганізацый-заказчыкаў кадраў. У выніку такая комплексная работа дазваляе нам (і супрацоўнікам універсітэта, і студэнтам, і магістрантам) спакойна падыходзіць да размеркавання. Першым рабочым месцам мы забяспечваем усіх выпускнікоў бюджэтнай формы атрымання адукацыі.

Студэнты, якія навучаліся ва ўніверсітэце на платнай аснове, таксама могуць звярнуцца з просьбай аб накіраванні на першае працоўнае месца. У гэтым выпадку яны могуць выбраць месца будучага працаўладкавання альбо з наяўных заявак ад арганізацый і прадпрыемстваў, альбо прыйсці на размеркаванне з так званай імянной заяўкай. Такой магчымасцю многія карыстаюцца, паколькі разам з накіраваннем на працу выпускнікі атрымліваюць статус маладога спецыяліста, а гэта значыць, і пэўныя сацыяльныя гарантыі.

У гэтым годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы падрыхтавалі амаль 3 тысячы выпускнікоў. З іх дыпломы аб заканчэнні першай ступені вышэйшай адукацыі атрымаюць каля 2,5 тысячы выпускнікоў, і амаль 500 чалавек пакінуць сцены Купалаўскага ўніверсітэта з дыпломамі магістраў. Каля паўтысячы выпускнікоў ужо скончылі родную Alma mater гэтай зімой. Дыпломы аб заканчэнні вышэйшай навучальнай установы летам атрымае яшчэ 2451 выпускнік.

Першае працоўнае месца ў абавязковым парадку будзе прадстаўлена ўсім студэнтам, якiя праходзiлi навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. У красавіку будуць размеркаваны 720 студэнтаў і 163 магістранта.

Сярод выпускнікоў 2020 года, якія праходзілі навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, — звыш 300 педагогаў, больш як 160 інжынераў і 114 спецыялістаў IT-галіны.

У 2020 годзе адбудзецца першы выпуск студэнтаў, якія навучаліся на спецыяльнасці «Мытная справа». Яна была адкрыта па заяўцы Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь, і ўжо ў гэтым годзе 27 выпускнікоў, з іх 20 бюджэтнікаў, пачнуць служыць у мытных органах рэгіёна і краіны.

Надзея Нікалаева
Звязда, 3 красавіка 2020

Кoличество переходов на страницу: 312