https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: Праўда аб злачынствах фашызму служыць сур’ёзнай перасцярогай чалавецтву


За апошнія 80 гадоў беларусы пераканаліся, што мір — самая вялікая каштоўнасць. У Дзень Перамогі важна не толькі ўспамінаць аб вайне, але і гаварыць аб міры. Успамінаць, якой цаной ён дастаўся нашым продкам і аналізаваць, што трэба рабіць сучаснаму пакаленню, каб захаваць спакой. Менавіта такія пасылы сталі лейтматывам урачыстага сходу з нагоды Дня Перамогі, які прайшоў у Палацы Рэспублікі. Удзел ва ўрачыстым сходзе прыняў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў нашай гісторыі нямала яркіх старонак, якімі мы па праве ганарымся. Не ўсе з іх захавалі сваю значнасць да нашых дзён. Многія, страціўшы былыя сэнсы, аказаліся папросту забытыя. «Аднак ёсць даты і падзеі, якія нясуць у сабе разуменне сутнасці і праўду жыцця. Яны непадуладныя часу і абставінам, перадаюцца праз пакаленні з малаком маці, засцерагаюць ад памылак і дапамагаюць будаваць будучыню. Для беларусаў такой падзеяй стала Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне», — сказаў ён. Менавіта таму, па словах Прэзідэнта, у абноўленай Канстытуцыі замацаваны тэзіс аб тым, што «дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Усе народы павінны ведаць, якую цану заплацілі беларусы за мір і свабоду

«Для нас, беларусаў, праўда і памяць аб вайне мацнейшыя за час і не маюць межаў. Мы памятаем нашых сяброў-антыфашыстаў, герояў палка „Нармандыя — Нёман“, удзельнікаў сустрэчы на Эльбе і іншыя прыклады сумеснай барацьбы з ворагам. Гэта прадмет нашага агульнага гонару з усімі, хто разам з намі супрацьстаяў фашызму. І хто яшчэ ганарыцца, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Усе народы зямлі павінны ведаць, якая неймаверна высокая цана была заплачана беларусамі за мір і свабоду». Беларускі лідар прывёў лічбы, над якімі заклікаў задумацца. Звыш 300 тысяч нашых суайчыннікаў былі сагнаны ў Германію ў якасці рабоў. Фактычна ўсё насельніцтва такой краіны, як Ісландыя, ці ўвесь даваенны Мінск. Толькі сумна вядомы лагер Трасцянец забраў жыцці больш за 200 тысяч мірных грамадзян. Усё, што было створана беларусамі, наша нацыянальнае багацце было знішчана або вывезена на Захад.

«Сотні гета і канцлагераў ператварылі нашу мірную зямлю ў канвеер смерці. Сюды ж звозілі паміраць людзей з краін Еўропы. Па сутнасці, гэта быў генацыд мірнага насельніцтва. Гэты факт афіцыйна ўстаноўлены Надзвычайнай урадавай камісіяй адразу пасля вайны, і ў наш час расследаванне працягвае Генеральная пракуратура. — прывёў яшчэ адзін прыклад Прэзідэнт. — Як бы хто ў „вялікіх дэмакратыях“ ні пярэчыў і не перашкаджаў, што б ні казаў, нягледзячы на асобы і тэрміны даўнасці, мы будзем выяўляць і аддаваць пад суд датычных да злачынстваў нацыстаў. Няхай нават пасмяротна ці завочна». 

Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, сёння ў многіх заходніх дзяржавах наша Перамога аб’яўлена па-за законам. Пад сцягамі дывізій СС маршыруюць фашыствуючыя радыкалы. На дзяржаўным узроўні ўшаноўваюць ваенных злачынцаў. А тыя, хто шануе памяць аб Вялікай Перамозе, аб’яўляюцца ворагамі нацыі.

«Беспрэцэдэнтныя інфармацыйныя атакі і разнастайныя фальсіфікацыі з боку калектыўнага Захаду апраўдваюць здзейсненыя нацыстамі і іх памагатымі зверствы. Мы бачым, як рэваншысты спрабуюць выцягнуць з апраметнай збанкрутавалую нацысцкую ідэалогію. Усё падаецца так, нібы і не было ніколі Нюрнбергскага трыбунала. І гаворка не толькі пра Украіну, — адзначыў ён. — У гэтых умовах праўда аб злачынствах фашызму служыць сур’ёзнай перасцярогай чалавецтву, а захаванне гістарычнай памяці набывае асаблівае значэнне».

З распадам СССР урокі вайны былі забытыя

Па словах беларускага лідара, народам Еўропы даўно час зразумець, што Вялікая Перамога — наш агульны здабытак. Дзякуючы ёй, а таксама палітычнай, эканамічнай, ваеннай моцы Савецкага Саюза Еўразійскаму кантыненту на доўгія дзесяцігоддзі быў забяспечаны мір. «Нягледзячы на ідэалагічныя супярэчнасці і геапалітычную барацьбу ў пасляваенны час, сусветным гульцам усё ж удавалася дамаўляцца», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў гістарычны факт — ва ўмовах халоднай вайны — супрацьлеглымі бакамі рабіліся рэальныя крокі да разрадкі на аснове балансу сіл.

Міжнародныя арганізацыі выступалі рэальнымі пляцоўкамі для перагавораў і садзейнічалі захаванню міру і ўмацаванню бяспекі на планеце.

«Але з распадам СССР урокі вайны былі забытыя. Палітыкі некаторых краін уявілі сябе гаспадарамі свету. Стала звычайнай практыкай груба і бесцырымонна ўмешвацца ў справы суверэнных краін. Дастаткова толькі абвясціць непажаданую краіну зонай сваіх інтарэсаў альбо „пагрозай“ нацыянальнай бяспецы, як тут жа ідуць дывановыя бамбардзіроўкі і звяржэнне „недэмакратычнага“ рэжыму. Па гэтай прычыне ў розных кутках планеты пастаянна ўспыхваюць ачагі напружанасці, разбуральныя краіны і цэлыя рэгіёны. Прыкладаў вялізнае мноства», — адзначыў Прэзідэнт.

Па словах кіраўніка дзряжавы, свет прыйшоў да таго, што сёння ні адна дзяржава не адчувае сябе абароненай ад знешняй агрэсіі. Гэтаму, па яго словах, садзейнічае разбурэнне краінамі калектыўнага Захаду фундаментальных асноў — стратэгічнай стабільнасці і міжнародных інстытутаў бяспекі.

«Іх кіраўнікі спрабуюць адцягнуць насельніцтва сваіх дзяржаў ад назапашаных унутраных праблем. Татальная русафобія стала папулярным палітычным трэндам у кіруючых еўрапейскіх эліт і іх заакіянскіх гаспадароў. Яны спешна ствараюць страшны вобраз знешняга ўсходняга ворага, які нібыта гатовы танкамі пайсці на Берлін. Пад шырмай міфаў аб дэмакратыі, правах чалавека заходнія лідары навязваюць дзяржавам культуру адмены, праводзяць фільтраванне народаў праз ціск і шантаж, мецяжы і проксі-вайны, гадуюць пакаленне, для якога нянавісць становіцца жыццёвым крэда», — расказаў беларускі лідар.

Ён заўважыў, што сёння напальвае абстаноўку пашырэнне ваенных блокаў і саюзаў ва ўрон бяспецы іншых краін, а таксама беспрэцэдэнтнае нарошчванне патэнцыялу паўночнаатлантычнага блока ў нашым рэгіёне. «Усё гэта ўжо ля заходніх і паўднёвых межаў Беларусі Ад асобных дзеячаў мы чуем размовы аб вайне і ядзерных ударах», — заўважыў ён. 

Праверка носіць выключна абарончы характар

Урачысты сход стаў пляцоўкай не толькі для таго, каб успомніць Вялікую Айчынную вайну, але і даў магчымасць абмеркаваць, што робіцца для таго, каб не дапусціць паўтарэння тых жудасных падзей. Прэзідэнт раскрыў падрабязнасці раптоўнай праверкі сродкаў — носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі, якая, як паведамлялася, пачалася 7 траўня па распараджэнні Галоўнакамандуючага. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на фоне пастаянна ўзрастаючай ваеннай актыўнасці ў Еўропе ў Беларусі прымаецца комплекс мер па адэкватным рэагаванні на абвастрэнне абстаноўкі. Пра гэта ў апошні час сказана нямала.

«Дадзеная дзейнасць па абароне бяспекі нашай краіны носіць планавы характар і прадугледжвае некалькі этапаў. У рамках першага этапа, у адказ на канцэнтрацыю войскаў каля паўночна-заходніх граніц Беларусі (а гэта ўжо пад 90 тысяч чалавек, ваенныя людзі добра ведаюць, што такое канцэнтрацыя такіх войскаў, такога не было ніколі) выводзіліся ўзмоцненыя механізаваныя і танкавыя батальёны для прыкрыцця дзяржаўных граніц. Вы гэта бачылі на Ашмянскім і Пастаўскім накірунках. Як я казаў, мы ўжо лоб у лоб стаім з паўночнаатлантычным блокам», — адзначыў Прэзідэнт.

Па яго словах, адпрацаваныя пытанні недапушчэння пранікнення на нашу тэрыторыю дыверсійна-разведвальных груп, незаконных узброеных фармаванняў і барацьбы з імі на пагранічных тэрыторыях. Таксама на гэтым фоне праведзена раптоўная праверка мабілізавання і прывядзення ў поўную баявую гатоўнасць адпаведных механізаваных зенітна-ракетных брыгад. Праведзена маштабная праверка сіл паветранай і супрацьпаветранай абароны.

«Гэтыя праверкі паказалі эфектыўнасць існуючай сістэмы баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, здольнасць брыгад своечасова перайсці ў вышэйшую ступені баявой гатоўнасці і выканаць задачы па прызначэнні», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Па словах Прэзідэнта, зараз пачынаецца распрацоўка мер другога этапа мер рэагавання. «Для яго правядзення генеральнымі штабамі Узброеных сіл Беларусі і Расіі прадугледжана праверка сіл і сродкаў сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў, у рамках якой упершыню плануецца адпрацаваць пытанні прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі. Падчас праверкі будзе ажыццяўляцца падача спецбоепрыпасаў у ракетныя і авіяцыйныя воінскія часці, загрузка іх на пускавыя ўстаноўкі, падвеска на самалёт. Ракетныя дывізіёны аператыўна-тактычных комплексаў „Іскандэр“ і „Паланэз“ будуць скрытна выведзены ў назначаныя пазіцыі і будуць адпрацоўваць пытанні нанясення ракетных удараў для адбіцця верагоднага нападу на Беларусь. Адначасова авіяцыйныя воінскія часці падрыхтуюць франтавыя штурмавікі СУ-25 са спецбоепрыпасамі па падтрымцы войскаў, якія абараняюцца, і нанясення праціўніку непрымальнага ўрону», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, мерапрыемствы будуць праводзіцца на агульным аператыўна-стратэгічным фоне з адпрацоўкай у тым ліку расійскімі вайскамі прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі. Для атрымання аператыўнай інфармацыі беларускім ваенным дапамогуць воінскія часці Маскоўскага і Ленінградскага ваенных акругоў, таксама сродкі і сілы Балтыйскага флоту, размешчаныя ў Калінінградскай вобласці. Рашэнне аб сумеснай каардынацыі і прымяненні войскаў з выкарыстаннем спецбоепрыпасаў Прэзідэнты Беларусі і Расіі маюць намер абмеркаваць на сустрэчы ў Маскве 8 траўня. Тады ж лідары прымуць канчатковае рашэнне. 

«Непасрэднае кіраванне, кіраўніцтва войскамі, падача сігналаў на вучэбнае прымяненне нестратэгічнай ядзернай зброі будзе ажыццяўляцца генеральнымі штабамі Беларусі і Расіі ў адпаведнасці з існуючымі планамі ўзаемадзеяння», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што праверка носіць выключна абарончы характар: «Яна заклікана забяспечыць гатоўнасць беларускіх воінскіх часцей да работы са спецыяльнымі боепрыпасамі, а таксама наладзіць механізмы кіравання войскамі і ўзаемадзеяння саюзных органаў кіравання. Пасля завяршэння сумеснай трэніроўкі нашы войскі прадоўжаць мерапрыемствы па адэкватным рэагаванні на змяненне абстаноўкі». 

Любая агрэсія — і адказ будзе імгненны

«Паважаныя сябры, я вам адкрыта аб гэтым кажу, магчыма, і не варта было б. Але я хачу, каб вы ведалі: мы ніколі так блізка не падыходзілі да парога ядзернай вайны», — прызнаўся Прэзідэнт. Ён заўважыў, што заявы заходніх палітыкаў (у авангардзе Францыя) вядуць да эскалацыі напружанасці не толькі на еўрапейскім кантыненце, але і ў свеце ў цэлым.

«Я чалавек мірны, я не хачу вайны. Я гісторык і добра ведаю, што Беларусь заўсёды вяла не толькі і не столькі свае войны. Беларусь заўсёды была тэатрам ваенных дзеянняў. Я не толькі па кніжках вывучаў Другую сусветную і Вялікую Айчынную вайну. Стаўшы Прэзідэнтам, я азнаёміўся з сапраўдным становішчам спраў у чэрвені 1941 года і напярэдадні на нашай граніцы, калі мы верылі ў тое, што нам гаварылі. Нас пераконвалі, што вайны не будзе, што ўсё нармальна», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Па яго словах, Беларусь не збіраецца паддавацца ні на якія правакацыі і тым больш не збіраецца ні з кім ваяваць. «Кідаць краіну, мільёны людзей у гарніла вайны — гэта не да мяне. Проста наша задача — калі зноў, як гэта было, варожы бот ступіць на нашу зямлю, мы павінны нанесці ворагу непрымальны урон. І ён гэта павінен разумець, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Мы не верым ніякім абяцанням. Мы яшчэ раз заўяўляем: «Мы ні на кога не збіраемся нападаць». Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь не ўмешваецца ў чужыя, далёкія канфлікты. Беларусы глядзяць за сваёй зямлёй і рэагуюць на тое, што адбываецца побач. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння нельга быць упэўненым, што замежныя войскі, сканцэнтраваныя каля нашых граніц, не атакуюць Беларусь. Таму Галоўнакамадуючым было прынята рашэнне на ўсіх накірунках (а яны вядомыя) выставіць батальёныя тактычныя групы і нашы ваенныя нясуць службу па абароне бяспекі нашай дзяржавы. Будзе ціха — выдатна.

«Калі нехта прыменіць супраць нас зброю, мы адкажам. Прычым імгненна. Мы не будзем маляваць ніякіх ліній», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што падчас апошняй вайны Беларусь была захоплена за месяц, сёння гэта магчыма яшчэ хутчэй. «Таму ніякіх ліній. Ніякіх. Любая агрэсія — і адказ будзе імгненны», — папярэдзіў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння ідзе шмат размоў аб тым, прыменіць Беларусь ядзерную зброю ці не. Ён адказаў тым, хто вядзе такія размовы: «Паслухайце. Гэта зброя стрымлівання, гэта зброя абароны. Ніхто ў наступленне з гэтай зброяй не пойдзе. Рабіце высновы».

Трэба спыніць звар’яцелых палітыканаў

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: самае страшнае, што ў разуменні Захаду трэцяя сусветная вайна не з’яўляецца чымсьці адцягненым, а падаецца як звычайная і цалкам дапушчальная.

«Але наўрад ці гэта трэба простым людзям у Еўропе і іншых рэгіёнах планеты, — падкрэсліў ён. — Сёння я хацеў бы ў чарговы раз ад імя міралюбівага беларускага народа звярнуцца да народаў блізкага і далёкага замежжа, сітуацыя падштурхоўвае да гэтага. Трэба спыніць звар’яцелых палітыканаў, не даць ім шанцу ператварыць усё жывое на планеце ў попел», — заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на ўсе спробы запалохвання Беларусь адказвае паслядоўнай міратворчай пазіцыяй і палітыкай стратэгічнага стрымлівання.

«Мы ўлічылі памылкі пачатку Вялікай Айчыннай вайны і больш не павядзёмся на абяцанні, правакацыі і загаворванне прамой ваеннай пагрозы. Як і савецкія салдаты ў далёкім 45-м, мы разам з нашым саюзнікам стаім на абароне не толькі тэрытарыяльных межаў, але і межаў нашай агульнай гістарычнай памяці», — канстатаваў Прэзідэнт.

Літаральна некалькіх тыдняў таму на Усебеларускім народным сходзе былі прыняты два асноўныя дакументы — Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тыя, хто хоча разабрацца ў нашых планах і нашай пазіцыі, могуць звярнуцца да гэтых дакументаў. Яны апублікаваныя ў адкрытым доступе. Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына вызначаюць канкрэтныя меры стратэгічнага парадку, якія дапамогуць забяспечыць надзейную абарону канстытуцыйнага ладу нашай дзяржавы, суверэнітэту і мірнага жыцця народа.

«Паўтараю каторы раз: мы мірная краіна і не разглядаем ні адну дзяржаву ў якасці праціўніка. Але калі спатрэбіцца, беларускі народ устане на абарону роднай зямлі, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе магчымыя сілы і сродкі», — канстатаваў Прэзідэнт.

Галоўным гарантам ваеннай бяспекі краіны, па яго словах, з’яўляюцца нашы Узброеныя Сілы. «Таму мы іх падтрымліваем у пастаяннай баявой гатоўнасці і забяспечваем самай сучаснай зброяй. Дзякуючы прафесійнай вывучцы, патрыятызму, вернасці воінскаму абавязку і Айчыне воіны беларускай арміі здольны гарантаваць бяспеку дзяржавы і нанесці праціўніку непапраўны непрымальны ўрон, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Аднак сёння важная не толькі ваенная сіла. Ніякае самае сучаснае ўзбраенне не зможа зламаць народ, калі будзе адзінства. Нашы праціўнікі гэта добра разумеюць і робяць усё, каб нас раз’яднаць».

Мы павінны быць моцнымі, арганізаванымі, маналітнымі

Важнай часткай урачыстага сходу стала ўзнагароджванне вымпеламі «За мужнасць і стойкасць у гады Вялкай Айчыннай вайны» беларускіх населеныя пункты, якія найбольш самааддана праявілі сябе ў барацьбе з ворагам. Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, усе вартыя гэтай узнагароды. І прызнаўся, што адабраць асобных было вельмі складана.

«У кожным населеным пункце, на кожным кавалку беларускай зямлі фашысты сутыкаліся з жорсткім супраціўленнем. Усюды зямля проста палала пад ботам акупантаў. І вы ведаеце з расказаў вашых бацькоў і дзядоў, як няпроста было выжыць тым, хто выжыў у зямлянках, акопах і лясах. Паўгалодныя, ушывыя, напаўголыя, асабліва з дзецьмі. Гэтага нельга больш дапусціць. Гэтага паўтарэння ў гісторыі Беларусі не будзе, — звярнуўся да трагічных урокаў гісторыі Прэзідэнт. — Гаворачы ўсё гэта, я думаю аб тым, каб не перабраць, не напружыць наша грамадства. Усё, што мы робім, мы робім для таго, каб гэтага не здарылася. Я не веру, што ў Заходняй Еўропе — затлусцелай, хтосьці захоча лезці ў брудныя, ушывыя акопы, каб ваяваць. Яны ад гэтага адвыклі. Ды і наша моладзь гэтага не хоча. Гэта мы, якія нарадзіліся тады, недалёка ад той Вялікай Перамогі, разумеем, чаго каштавала нашым бацькам і дзядам усё гэта». 

Аднак, па словах кіраўніка дзяржавы, сёння трэба быць гатовымі да ўсяго. «Я не веру, што яны звар’яцелі і пераступяць рысу, якую нават намалявалі самі», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што не верыць у тое, што прэзідэнт Францыі, ядзернай дзяржавы, Эмануэль Макрон, цалкам разумны, недурны чалавек, але які заяўляе аб гатоўнасці хоць заўтра ўвесці ўзброеныя сілы ва Украіну і пачаць вайну, ці, напрыклад, польскія ўлады, ці яшчэ хто — што яны на самой справе зробяць тое, пра што кажуць.

«Каб яны гэтага не зрабілі, мы павінны быць моцнымі (пра гэта ўжо гаварылася, цяпер паважаюць толькі сілу). І якімі б мы ні былі — маленькімі або вялікімі — мы павінны быць моцнымі, арганізаванымі, маналітнымі», — заявіў беларускі лідар.

Ён прызнаўся, што не хоча, каб яго дзеці і дзеці ўсіх беларусаў ваявалі. "«Місія мая і тых, хто побач са мной, у тым, каб мы маглі адказаць на любую пагрозу», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. У гэтым, па яго словах, у нас ёсць прыклад — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якіх засталося сярд нас зусім няшмат. Прыклад тых, хто аднаўляў краіну і ў першыя пасляваенныя гады, бедныя, аслабелыя вярнуцца і аднавіць краіну.

«Мы гэта не павінны забываць. Як толькі забудзем, да нас гэта бяда прыйдзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт выказаў словы ўдзячнасці вызваліцелям Беларусі, якія жывуць у розных кутках свету. «Вы — родныя людзі. Што б ні адбывалася і як бы ні ставіліся да Перамогі там, дзе вы зараз жывяце, беларуская зямля памятае вас і дзякуе вам, — сказаў ён. — Вечная слава гераічнаму подзвігу народаў Савецкага Саюза, якія разам прайшлі праз вогненнае ліхалецце вайны і перамаглі нацызм». 

Аляксандр Лукашэнка пажадаў ветэранам, тым, хто аднаўляў нашу краіну міру, дабр, а дабрабыту і шчаслівага жыцця толькі пад небам свабоднай Беларусі.

Забудзем салдат вайны — будучыні ў нас не будзе

Усяго ў Беларусі вымпелам «3а мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» ўзнагароджаны 36 населеных пунктаў: 27 у адпаведнасці з указам ад 6 кастрычніка 2004 года (у 60-ю гадавіну вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў), калі і была заснавана ўзнагарода і дзевяць — па ўказе ад 2 лютага 2024 года, да 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёлета ўзнагароды ўдастоены гарады Баранавічы, Дзяржынск, Дзятлава, Калінкавічы, Любань, Асіповічы, Чавусы, гарадскія пасёлкі Обаль і Асвея. Прэзідэнт уручыў адпаведныя ганаровыя граматы прадстаўнікам кіраўніцтва гэтых населеных пунктаў.

Прадстаўнікі гэтых населеных пунктаў зрабілі журналістам невялікі экскурс ў мінулае свайго краю і расказалі, як увекавечваецца гераічная памяць. Міхаіл Слесарэнка, старшыня Асіповіцкага раённага савета ветэранаў, адзначыў, што ўручэнне вымпела — яшчэ адзін напамін і доказ таго, што трэба берагчы мір на зямлі, і рабіць для гэтага ўсё.

«Мы ўдзячны нашаму Прэзідэнту, які заўсёды стаяў гарой за мір і заўсёды ўсім нагадваў, што наш народ мірны. І мы пастараемся абараніць мір на нашай зямлі», — сказаў ён. Паводле слоў Міхаіла Слесарэнкі, у Асіповіцкім раёне засталіся два ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Ім аказваецца ўся неабходная ўвага, павага і клопат.

«Мы разумеем, што мы, старэйшае пакаленне, дзеці ветэранаў, павінны перадаць дзецям, будучым пакаленням гэтую памяць, навучыць іх гэтак жа яе берагчы і захоўваць. Цяпер уся надзея толькі на іх», — падкрэсліў Міхаіл Слесарэнка.

Анатоль Вінкевіч, старшыня Чавускай раённай ветэранскай арганізацыі , падкрэсліў, што Дзень Перамогі быў, ёсць і будзе найважнейшым святам. І гэта несумненна, асабліва зараз.

«Чавускі раён, які я прадстаўляю, падчас вайны пацярпеў вельмі моцна. На нашай тэрыторыі дзевяць месяцаў стаяў фронт. Да вайны ў Чавускім раёне жыло звыш 50 тысяч чалавек, пасля вайны засталося менш за 30», — распавёў ён. Зусім нядаўна ў Чавускім раёне адкрылі мемарыял загінуўшым на рацэ Проня. Акрамя дзяржаўнай падтрымкі, грошы на стварэнне мемарыяла збіралі і неабыякавыя людзі. «Памяць аб салдатах Вялікай Айчыннай вайны павінна жыць вечна і быць прыкладам для нашай моладзі. Калі мы іх забудзем — будучыні ў нас не будзе», — запэўніў Анатоль Вінкевіч.

Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 7 траўня 2024

Кoличество переходов на страницу: 267