https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу


Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Чым характарызуецца дынаміка двухбаковага супрацоўніцтва, чаму «Вялікі камень» стаў узорным праектам, што мае на ўвазе «жалезнае братэрства»? Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Се Сяяюн распавёў аб плённым узаемадзеянні дзвюх краін.
_________________________________________________

— Чым характарызуюцца дынаміка і ўзровень кітайска-беларускага супрацоўніцтва?

— Кітайска-беларускае супрацоўніцтва вытрымала выпрабаванні міжнароднай абстаноўкі, якая імкліва змяняецца, яна заўсёды захоўвае жыццяздольнасць і дынаміку і дасягнула значных вынікаў у розных галінах. Нязменна ўмацоўваюцца палітычныя адносіны. Кітай — адна з першых краін, якія прызналі незалежнасць Беларусі і ўстанавілі з ёй дыпламатычныя адносіны. Кітайска-беларускія адносіны здзейснілі ўздым на новую ступень тройчы, ад дружалюбных адносін супрацоўніцтва» да «адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства», а таксама да «адносін даверлівага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва».

Паміж нашымі краінамі бесперапынна ўмацоўваецца палітычны ўзаемадавер. Абодва бакі таксама стварылі дасканалыя механізмы супрацоўніцтва, у тым ліку Кітайска-Беларускі міжурадавы камітэт па супрацоўніцтве, і цесна ўзаемадзейнічаюць у міжнародных і рэгіянальных справах. Кітайскі бок заўсёды цвёрда падтрымлівае беларускі ў абароне яго дзяржаўнага суверэнітэту і нацыянальнай годнасці, выступае супраць умяшання знешніх сіл ва ўнутраныя справы Беларусі, неабгрунтаваных аднабаковых санкцый у адносінах да вашай краіны і паважае шлях развіцця, які абраны беларускім народам з улікам умоў і рэальнасці сваёй дзяржавы. Беларускі бок, у сваю чаргу, аказвае цвёрдую падтрымку кітайскаму па пытаннях, якія датычацца карэнных інтарэсаў Кітая, уключаючы пытанні, што закранаюць Тайвань, Сіньцзян, Сянган і гэтак далей.

Інтэнсіўна развіваецца эканамічнае супрацоўніцтва. Беларусь — адна з першых краін, якія адгукнуліся на кітайскую ініцыятыву «Адзін пояс, адзін шлях» і актыўна ўдзельнічае ў яе рэалізацыі. Абодва бакі выкарыстоўваюць гэтую магчымасць для ўсебаковага павышэння ўзроўню супрацоўніцтва ў такіх сферах як гандаль, інвестыцыі, навука і тэхналогіі, а таксама развіццё інфраструктуры. Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» стаў найбуйнейшым замежным індустрыяльным паркам, пабудаваным з удзелам кітайскіх прадпрыемстваў. Ён з'яўляецца знакавым і ўзорным праектам плённага ўзаемадзеяння дзвюх краін у рамках сумеснай рэалізацыі ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях».

Пашыраецца і культурны абмен. Абодва бакі ўстанавілі дружалюбныя каналы сувязі паміж народамі, паспяхова правялі Год турызму і Год адукацыі, а таксама мноства мерапрыемстваў, такіх як дні культуры, тыдні кіно, фотавыставы і шэраг іншых, паглыбляючы і прасоўваючы культурную інтэграцыю паміж двума народамі. У 2018 годзе афіцыйна ўступіла ў сілу міжурадавае пагадненне аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў, што садзейнічала больш свабоднаму гуманітарнаму абмену паміж краінамі. Кітай і Беларусь падпісалі пагадненне аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі, а таксама аб вучоных ступенях, праводзяць сумеснае навучанне ў вышэйшых установах, пры гэтым колькасць студэнтаў з дзвюх краін павялічваецца з кожным годам. У Беларусі кітайская мова ўключана ў пералік пяці замежных моў, якія могуць быць абраныя абітурыентамі для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання. Шэсць інстытутаў Канфуцыя і два класы Канфуцыя паспяхова функцыянуюць у вашай краіне. У Пекіне і Мінску створаны культурныя цэнтры і такім чынам пабудаваны сапраўдны гуманітарны мост, што дазваляе народам дзвюх краін лепш разумець адзін аднаго.

— Многія ключавыя аспекты нашага супрацоўніцтва абмяркоўваюцца на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва Беларусі і Кітая. Ці надае гэта дадатковы імпульс узаемадзеянню?

— Несумненна, дзякуючы асабістаму ўдзелу і пільнай увазе Старшыні КНР Сі Цзіньпіна і Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі кітайска-беларускія адносіны нарошчваюць інтэнсіўную дынаміку развіцця, двухбаковае супрацоўніцтва ў розных галінах бесперапынна паглыбляецца. На мінулым тыдні кіраўнікі дзяржаў паспяхова правялі тэлефонную размову і вызначылі стратэгічныя кірункі развіцця двухбаковых адносін. Сёння можна назваць нашы краіны сапраўды блізкімі палітычнымі, узаемавыгаднымі гандлёва-эканамічнымі, супрацьэпідэмічнымі і гуманітарнымі партнёрамі. У нас ёсць дастатковыя падставы меркаваць, што пад стратэгічным кіраўніцтвам Старшыні КНР і Прэзідэнта Беларусі, дзякуючы сумесным намаганням ведамстваў і сяброў з усіх колаў грамадства народы Кітая і Беларусі абавязкова будуць ісці поплеч, садзейнічаць стварэнню кітайска-беларускай супольнасці адзінага лёсу, сумесна мы адкрыем старонку наступных залатых дзесяцігоддзяў двухбаковых адносін.

— Вы назвалі «Вялікі камень» узорным праектам плённага ўзаемадзеяння дзвюх краін у рамках сумеснай рэалізацыі ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Як развіваецца індустрыяльны парк?

— За апошнія два гады Кітайска-беларускі індустрыяльны парк пераадолеў уплыў негатыўных фактараў, такіх як пандэмія COVІD-19, і захаваў станоўчую дынаміку развіцця. Тут працуюць 85 прадпрыемстваў з 15 краін свету з узгодненымі інвестыцыямі ў памеры больш чым 1,2 мільярда долараў. Сярод галін — машынабудаванне, біямедыцына, вытворчасць новых матэрыялаў, электронных камунікацыі. Дзякуючы намаганням урадаў і прадпрыемстваў дзвюх краін ён мэтанакіравана ператвараецца ў перспектыўны індустрыяльны парк з умовамі інкубацыі для сучасных навукова-даследчых праектаў. Летась у канцы мая афіцыйна быў уведзены ў эксплуатацыю кітайска-беларускі інавацыйны цэнтр прамысловых тэхналогій, дзе паслядоўна здзяйсняецца прыцягненне інвестыцый для навукова-даследчых праектаў. «Вялікі камень» стаў першай пілотнай пляцоўкай па прымяненні 5G у Беларусі і першым выпрабавальным палігонам для беспілотных аўтамабіляў. Кітайскі бок гатовы працягваць працаваць разам з беларускім, прыкладаючы нястомныя намаганні для ператварэння індустрыяльнага парка ў міжнародны прамысловы і новы навукова-тэхнічны горад з поўнай інфраструктурай, выдатным экалагічным асяроддзем, трывалым прамысловым кластарам і перадавым тэхналагічным узроўнем.

— Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва нашых краін дасягнула значных вынікаў. Ці можна яшчэ больш спрасціць працэдуру выхаду беларускіх тавараў і паслуг на кітайскі рынак?

— Уклад Кітая ў сусветны эканамічны рост складае каля 30 працэнтаў, а патэнцыял росту спажывання велізарны. Пашырэнне імпарту — важная мера, якая садзейнічае якаснаму развіццю знешняга гандлю і фарміраванню адкрытай сусветнай эканомікі. Наша краіна заўсёды вітала выхад высакаякасных і канкурэнтаздольных замежных тавараў і паслуг на ўнутраны рынак і для гэтага стварыла шэраг адкрытых платформаў супрацоўніцтва, такіх як Кітайскае міжнароднае імпартнае ЭКСПА, Кітайская міжнародная выстава гандлю паслугамі і Кітайскі кірмаш імпартных і экспартных тавараў (Кантонскі кірмаш). Правядзенне гэтых выстаў на высокім узроўні дае новыя магчымасці для экспарту з розных краін, уключаючы Беларусь, стварае платформу для дзяржаў, каб падзяліць дывідэнды развіцця Кітая, а таксама надае новы імпульс сусветнаму эканамічнаму росту.

У апошнія гады істытуцыянальныя механізмы, звязаныя са спрашчэннем працэдур гандлю паміж нашымі краінамі, увесь час удасканальваюцца. Бакі стварылі камісію па мытным і каранцінным супрацоўніцтве. Упершыню ў рамках камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Кітайска-Беларускага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве была створана рабочая група па спрашчэнні гандлёвых працэдур. Цяпер планамерна вядуцца перагаворы па кітайска-беларускім пагадненні аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый. У далейшым прадоўжыцца работа па аптымізацыі выхаду беларускіх тавараў і паслуг на кітайскі рынак. Прадукцыя беларускага экспарту ў Кітай заўсёды адрозніваецца экалагічнасцю і высокай якасцю, асабліва малочныя прадукты, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў нашых спажыўцоў.

— У чым сімвалізм тэрміну «жалезнае братэрства», які ўжываецца ў адносінах да кітайска-беларускага супрацоўніцтва?

— У кітайскай мове «жалезнымі братамі» мы часта называем тых блізкіх прыяцеляў і добрых сяброў, чые выдатныя адносіны можна апісаць як надзейныя і даверлівыя, што сімвалізуе непахіснае і нязломнае, нібыта жалеза, сяброўства паміж двума бакамі. На працягу апошніх 30 гадоў кітайска-беларускі стратэгічны ўзаемадавер бесперапынна паглыбляецца, дружба паміж двума народамі становіцца ўсё мацнейшай, пашыраецца супрацоўніцтва краін у розных галінах. Кітай і Беларусь падтрымліваюць цеснае ўзаемадзеянне ў міжнародных справах, аказваюць цвёрдую падтрымку адно аднаму па пытаннях, якія закранаюць карэнныя інтарэсы і важныя заклапочанасці абодвух бакоў, аказваюць адно аднаму дапамогу і падтрымку ў складаным міжнародным становішчы і сумесна працуюць над стварэннем кітайска-беларускай супольнасці адзінага лёсу, зацвердзіўшы тым самым узор для міжнародных адносін новага тыпу. Усё вышэйпералічанае з'яўляецца сапраўдным сведчаннем трывалай дружбы паміж Кітаем і Беларуссю, з прычыны чаго дарэчнае выкарыстанне тэрміну «жалезнае братэрства» для апісання адносін паміж дзвюма краінамі. Знаходзячыся на новым зыходным этапе гісторыі, кітайскі бок гатовы супрацоўнічаць з беларускім, прытрымліваючыся духу даверлівага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, каб бесперапынна прасоўваць кітайска-беларускія адносіны на больш высокі ўзровень, нязменна садзейнічаць усебаковаму, шматузроўневаму, шырокамаштабнаму ўзаемадзеянню, сумесна падтрымліваць міжнародны і рэгіянальны мір і стабільнасць на карысць народаў дзвюх краін.

Праз некалькі дзён мы ўступім у год Тыгра па кітайскім месячным календары. Кітайцы лічаць тыгра «царом звяроў», ён з'яўляецца ўвасабленнем сілы, жыццёвай энергіі, адвагі і магутнасці. Шчыра жадаю, каб адносіны паміж Кітаем і Беларуссю напоўніліся сілай тыгра і каб народы нашых краін былі энергічнымі як тыгры. Я асабіста і ўвесь калектыў пасольства будзем па-ранейшаму сумесна з беларускімі сябрамі рашуча рэалізоўваць важныя дамоўленасці, дасягнутыя кіраўнікамі дзвюх краін па паглыбленні развіцця кітайска-беларускіх адносін, развіваць дружбу, раскрываць патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва і нязменна аказваць усю неабходную падтрымку і дапамогу для ўмацавання ўзаемадзеяння дзвюх краін.

З нагоды знакавай даты ў кітайска-беларускім супрацоўніцтве хацеў бы выказаць сардэчную падзяку і гарачыя віншаванні ўсім сябрам, якія клапоцяцца аб развіцці двухбаковых адносін і ўнеслі плённы ўклад ва ўзаемадзеянне дзвюх краін у розных галінах.

Аўтар: Мікалай Літвінаў
Звязда, 19 студзеня 2022

Кoличество переходов на страницу: 235