https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка пра барацьбу з каранавірусам: займаемся без шуму і пылу


Прэзідэнт Беларусі  адзначае, што ў Беларусі прымаюцца неабходныя меры па прафілактыцы і прадухіленні распаўсюджвання каранавіруса COVID-2019. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 27-га сакавіка ў час размовы з работнікамі ААТ "Белгіпс".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кожная служба ў краіне - ад медыкаў да праваахоўных органаў - займаецца ў гэтым плане сваёй справай. Выяўляюцца кантактныя асобы, вядзецца работа па прафілактыцы. Аднак Аляксандр Лукашэнка супраць псіхозу і панікі вакол гэтай тэмы.

"Мы гэтым займаемся. Але толькі без шуму і пылу", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на ўплыве прымаемых у свеце мер на эканоміку. Сітуацыя ўплывае і на Беларусь. Ён прывёў у якасці прыкладу нядаўнюю заяву Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб тым, што наступствы для эканомікі і жыцця людзей у выніку могуць быць цяжэйшымі, чым ад самога віруса.

У цэлым кіраўнік дзяржавы выказаўся па розных аспектах праблемы, пачынаючы ад меркаванняў, што гучаць, аб увядзенні каранціну і спынення прадпрыемстваў да пытанняў харчовай бяспекі і забеспячэння асартыменту ў магазінах.

Пра псіхоз і наступствы для эканомікі

"Мы гэтым псіхозам сёння спынілі эканоміку практычна ўсяго свету. Нават Расійская Федэрацыя, якая падобна да нас, пачала згортваць свае вытворчасці", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць недальнабачным, што і ў ЗША некаторы час таму было аб'яўлена надзвычайнае становішча. "Але Трамп як чалавек, які некалі займаўся бізнесам, хутка сарыентаваўся, апошнія яго заявы мне вельмі спадабаліся. Ён сказаў так: калі мы неадкладна не вернемся на прадпрыемствы і не пачнём працаваць, то ад беспрацоўя памрэ значна больш амерыканцаў, чым ад каранавіруса. Цяпер вы зразумелі, чаму я не закрываў прадпрыемствы. Хоць дарадчыкаў было шмат: закрыць граніцы, прадпрыемствы, усіх пасадзіць на каранцін. Тады мною было прынята жорсткае рашэнне: саджаць будзем толькі тады, калі патрэбна", - заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рана ці позна, але праблема каранавіруса скончыцца, псіхоз пройдзе, і галоўнай праблемай ва ўсім свеце стане эканоміка і работа прадпрыемстваў, пытанні занятасці.

"Нам хапае не толькі завезенага каранавіруса, але і эканамічных праблем. Нам іх падкінуць звонку. Дык навошта нам ускладняць унутры краіны?" - задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар.

У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кіраўніцтва прадпрыемстваў павінна несці адказнасць за работу калектываў. "Трэба гэта перажыць дастойна. Таму што ў нас няма трубы, і мы не друкуем долары. Амерыка можа надрукаваць два трыльёны долараў - яны будуць стымуляваць эканоміку. Мы не можам сабе гэта дазволіць. У нас няма станка, трубы. І мы не такія багатыя, як Германія", - сказаў ён.

"Разлічваць трэба на сябе, калі мы хочам быць суверэннымі і незалежнымі. Мы адназначна выжывем, - запэўніў кіраўнік дзяржавы. - У прамысловасці ні ў якім выпадку нельга згортваць работы. Яшчэ раз гавару: праз месяц-два мы зразумеем, што значыць спыніць эканоміку вядучых краін свету".

Пра меры, што прымаюцца ў Беларусі

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ў цэлым кожную вясну назіраецца пад'ём вірусных захворванняў, і ў бягучым годзе да гэтага яшчэ дабавілася сітуацыя з распаўсюджваннем у свеце новага каранавіруса.

З улікам таго, што ў Беларусі фіксуюцца завозныя выпадкі, былі прыняты неабходныя меры па прафілактыцы і выяўленні як тых, хто заразіўся, так і тых, хто з імі кантактаваў. "На граніцы і ў аэрапортах мы ўсіх, хто прыбывае, узялі на кантроль. Калі толькі выяўлялі хоць аднаго чалавека, мы неадкладна з дапамогай міліцыі, КДБ, відэакамер устанаўлівалі, з кім ён кантактаваў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ўся сістэма аховы здароўя, праваахоўныя органы, спецслужбы працуюць і займаюцца сваёй справай, забяспечваючы бяспеку народа.

"Калі мы ўбачылі, што гэта завозны каранавірус, трэба было рэагаваць. Тады мною было прынята рашэнне (урад учора фармалізаваў): на граніцы нічога не закрываючы. А навошта закрываць? Украіна граніцу закрыла, Польшча, балтыйскія дзяржавы закрылі, а потым і браты-расіяне таксама закрылі гэту граніцу. Добра, закрывайцеся, але жыццё ідзе, яго не спыніш", - канстатаваў беларускі лідар.

У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь выконвае функцыі па забеспячэнні транзіту міжнародных грузаў. Вызначаны асноўныя дарогі і транзітныя калідоры, месцы для абслугоўвання. "Мы за гэты час ні разу не атрымалі ні адной праблемы ад вадзіцеляў гэтых велікагрузаў. Нічога не закрываючы, але кантралюючы на ўездзе і выездзе. Гэта значыць, мы рэагуем па сітуацыі. Калі ёсць нейкі факт, неадкладна ў гэтым напрамку працуем", - дадаў ён.

Пра забарону на асобыя меры бяспекі ў рэзідэнцыі Прэзідэнта
"Павінен вам сказаць, я нікуды не хаваюся. Катэгарычна забараніў, хто ні прыходзіў бы, нейкія залішнія мерапрыемствы. А то атрымаецца, што людзям я гавару адно, а сам схаваўся нават не за гіпсавыя перагародкі, а за жалезабетон. Не, нічога асаблівага. Пра гэта прэс-сакратар нядаўна гаварыла. Гэта вельмі цікавіла нашу апазіцыю. Абсалютна нармальнае жыццё", - расказаў Прэзідэнт.

Пра вучобу ў школах і канікулы

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся наконт адукацыйнага працэсу ў школах і таго факта, што частка бацькоў не пускаюць сваіх дзяцей на заняткі, пакідаючы іх дома. "У мяне свой такі ў школу ходзіць. У мяне, можа, і ёсць такая магчымасць, каб дзіця было ізалявана, але я яго не ізалюю", - расказаў пра сваю пазіцыю кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, са слоў сына, які наведвае школу, у іх у некаторых класах цяпер не наведваюць заняткі да паловы вучняў. "Бацькі не пускаюць. Гэта іх справа, іх дзіця, мы тут не забараняем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама заклікаў з улікам будучых канікулаў праявіць клопат пра людзей старэйшага пакалення, паколькі менавіта да сваіх бабуль і дзядуль многія могуць адправіць дзяцей на перыяд канікулаў. "А ў зоне рызыкі старыя людзі", - падкрэсліў Прэзідэнт, адзначыўшы, што размова не толькі пра каранавірус, але і пра іншыя інфекцыі, якія цыркулююць у гэты перыяд.

Пра дапамогу пажылым

"Трэба сказаць, што старыя людзі адгукнуліся на просьбу, каб яны менш хадзілі (наведвалі грамадскія месцы ў перыяд пад'ёму вірусных захворванняў і на фоне сітуацыі з каранавірусам.). Мы, вядома, мабілізавалі ўсіх, каб адзінокім старым маглі лякарствы прынесці і прадукты харчавання. Галоўнае - дадзена каманда ўсёй вертыкалі ўлады - калі старому чалавеку нешта патрэбна, ён не павінен шукаць нейкі асаблівы тэлефон. Ён павінен пазваніць у сельскі Савет, райвыканкам, адміністрацыю горада", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не трэба ствараць і выдумляць нейкія штабы і да таго падобнае, паколькі менавіта на гэта - штодзённую работу і дапамогу насельніцтву - нацэлены мясцовыя органы ўлады, у іх распараджэнні і так ёсць усе неабходныя рэсурсы і рычагі.

Пра сістэму аховы здароўя

Прэзідэнт пахваліў урачоў і адзначыў, што апошнім часам іх работу крыху пераарыентавалі. "Я катэгарычна забараніў ствараць усякія штабы. У нас ёсць штаб у Міністэрстве аховы здароўя. Там глядзіце і прымайце меры. Адміністрацыя Прэзідэнта павінна арганізаваць інфармаванне насельніцтва. Мы нічога лішняга не стваралі, але ўзялі пад кантроль. Вось ужо 10 дзён я кантралюю работу Міністэрства аховы здароўя і ўрачоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што рашэнні, напрыклад аб тым, забараняць або дазваляць працаваць прадпрыемствам, павінны прымаць улады, а справа ўрачоў - лячыць людзей у любой сітуацыі. "Урач павінен лячыць, журналіст - інфармаваць... І кожны займаецца сваёй справай", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што праводзіў аналіз статыстыкі смяротнасці па двух першых месяцах года ў параўнанні з папярэднімі аналагічнымі перыядамі мінулых гадоў, і фіксуецца істотнае падзенне смяротнасці, у прыватнасці ад пнеўманій.

Кіраўнік дзяржавы таксама заклікаў за тэмай каранавіруса не забываць пра іншыя захворванні, ад якіх у Беларусі часцей за ўсё паміраюць людзі - сардэчна-сасудзістыя хваробы, анкалогія. "Гэта галоўнае. А мы ўсе кінуліся на каранавірус. Дзесьці павызвалялі ложкі, не праводзім планавыя агляды", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Пра харчовую бяспеку

"Прадуктаў харчавання хопіць, не хвалюйцеся. Калі павысіўся попыт, я сказаў: а чаго хвалюецеся - малако, мяса - не трэба нікуды вазіць, у Расію прабівацца, Кітай на некаторы час закрыўся. На прылаўкі, няхай людзі ядуць", - сказаў Прэзідэнт.

Наконт некаторага ажыятажнага попыту на грэцкія крупы

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што запасаў гэтага прадукту дастаткова, хопіць на паўгода наперад. "Няма ніякіх вялікіх праблем. Ну не будзе грэчкі, будзем прасяную кашу есці... Не забывайце, што ў нас бульба ёсць. Таму мы з голаду не памром", - падкрэсліў беларускі лідар.

Пра пытанні для роздуму

Прэзідэнт паабяцаў, што калі скончыцца сітуацыя з каранавірусам і спадзе псіхоз, ён на гэту тэму раскажа вельмі шмат цікавага. А пакуль што ён прапанаваў падумаць над шэрагам пытанняў. У тым ліку, ці з'яўляецца каранавірус нечым выпадковым або ж рукатворным, каму гэта было патрэбна, хто і як паспрабаваў скарыстаць гэту сітуацыю ў сваіх мэтах і інтарэсах. "Кожны пачынае вярцець-круціць. З агнём жартуюць. Але мы на гэту тэму пагаворым потым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што з'явіліся людзі, у тым ліку і ў Беларусі, якія спрабуюць хайпануць у інтэрнэце на тэме каранавіруса. "Мы пачалі адлоўліваць такіх. Псіхозу і так хапае. Але (ім.) трэба падагрэць недзе, паказаць... А так званая апазіцыя спрабуе выкарыстоўваць гэта супраць улады. Ну, я маўчу. Час нас рассудзіць", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама лічыць, што ў сучасным свеце не заўсёды магчыма закрыць граніцы і поўнасцю ізалявацца, што паказала, у прыватнасці, сітуацыя на беларуска-расійскай граніцы. Многія знаходзілі абходныя шляхі, і ўстаноўленыя расійскім бокам забароны страчвалі сваю эфектыўнасць.

"Павінен быць парадак, але трэба разумець, што ты не можаш у гэтым глабальным свеце закрыцца", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

27 сакавіка 2020, Мінскі раён
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Кoличество переходов на страницу: 255