Санкцыйны «бумеранг» вяртаецца
Сітуацыя з харчовай бяспекай у шэрагу краін абвастраецца — такая глабальная тэндэнцыя адзначаецца ў красавіцкім абнаўленні праекта Food Securіty, які вядзе Сусветны банк. Аўтары праекта падкрэсліваюць, што асноўнай крыніцай рызыкі з’яўляецца гандлёвая палітыка краін-экспарцёраў, якія ўводзяць усё больш абмежаванняў на пастаўкі харчавання, паведаміў expert.ru.
Аб росце сусветных цэн на прадукты харчавання паведаміў не толькі Сусветны банк, але і ААН. «У красавіку 2024 года значэнне індэкса харчовых цэн FАО склала 119,1 пункта, што на 0,3 пункта (0,3%) вышэй за сакавіцкі паказчык: зніжэнне значэння індэксаў цэн на цукар і малочную прадукцыю не дазволіла поўнасцю кампенсаваць рост значэння індэксаў цэн на мяса і ў меншай ступені на алеі і збожжавыя», — адзначаецца ў дакладзе. У красавіку індэкс рос другі месяц запар пасля сямімесячнага зніжэння са жніўня 2023-га да сёлетняга лютага.
Інфляцыя цэн на прадукты харчавання перавышае пяць працэнтаў у больш чым палове (57,1%) краін з нізкім узроўнем даходу, у 63,8% краін з даходам, ніжэйшым за сярэдні, у 33% краін з даходам, вышэйшым за сярэдні, і ў 12,7% краін з высокім узроўнем даходу.
У топ-5 дзяржаў з найбольш высокімі тэмпамі намінальнай харчовай інфляцыі ўвайшлі Аргенціна (308% у гадавым супастаўленні), Зімбабвэ (101%), Турцыя (71%), Венесуэла (59%) і Ліван (51%).
Гандлёвая палітыка, як правіла, развітых дзяржаў з’яўляецца асноўнай крыніцай рызыкі для стабільнасці сусветных цэн на прадукты харчавання, канстатуюць у Сусветным банку. Краіны актыўна выкарыстоўвалі гандлёвыя абмежаванні для задавальнення ўнутраных патрэб. Па стане на канец красавіка 16 дзяржаў увялі 22 забароны на экспарт прадуктаў харчавання, а 8 краін — 15 мер, якія абмяжоўваюць пастаўкі. У іх ліку Афганістан (забарона на экспарт пшаніцы), Алжыр (забарона на экспарт цукру, алею, пшаніцы), Аргенціна (прадукцыі з соі), Бангладэш (рыс), Ліван (перапрацаваная садавіна і гародніна, мучныя прадукты, цукар).
Але найбольш санкцый па палітычных матывах уведзена ў дачыненні да расійскай і беларускай прадукцыі. Цяпер дзейнічае забарона з боку шэрагу заходніх краін на пастаўкі расійскіх рысу, сланечнікавага алею і шроту, пшаніцы, ячменю і кукурузы, уведзены пошліны на экспарт соевых бабоў. У дачыненні да Беларусі таксама ўведзена забарона на пастаўкі шэрагу тавараў. Сярод іх — пшаніца, жыта, ячмень, авёс, кукуруза, грэчка, проса, трыцікале, насенне рапсу, сланечніку, бураковыя жамерыны, макуха, рапсавы шрот.
У цэлым рост цэн на прадукты харчавання выкліканы не глабальным дэфіцытам, а нераўнамерным размеркаваннем прадукцыі на фоне ўзброеных канфліктаў, лагістычных праблем, якія пашыраюцца, і крытычна нізкім узроўнем даходаў у асобных краінах, адзначаюць эксперты. Інфляцыйныя працэсы, якія бесперапынна адбываюцца ў сусветнай эканоміцы, і ўскладненні лагістычных ланцужкоў цягнуць уверх сабекошт вытворчасці прадуктаў харчавання.
У выніку па стане на канец красавіка сусветныя запасы той жа пшаніцы скараціліся да васьмігадовага мінімуму. Гэта ў першую чаргу звязана са змяншэннем запасаў пшаніцы ў Індыі, якія, паводле прагнозаў, зменшацца на 2,1 млн тон — да 6,9 млн тон — з-за больш высокіх тэмпаў спажывання, чым меркавалася раней.
У цэлым сусветныя запасы скараціліся на 39 млн тон у параўнанні з іх пікавым значэннем у 2019—2020 гадах.
Згодна з Глабальным дакладам аб харчовых крызісах (GRFC), летась звыш 280 мільёнаў чалавек у 59 краінах і тэрыторыях адчувалі высокі ўзровень голаду, што на 24 мільёны больш, чым у папярэднім годзе. Адна з прычын беспаспяховасці рэалізацыі праграм барацьбы з голадам — глабальны рост цэн на прадукты.
ЕС ва ўрон экалогіі пашырае здабычу медзі ў Швецыі
Медзь, літый, кобальт — у спісе 34 рэдказямельных выкапняў, прызнаных Еўрасаюзам крытычна важнымі. У Бруселі паставілі мэту выйсці на нулявы ўзровень выкідаў CO2 да 2050 года, паведаміў Еuronews. Зялёны, энергетычны і лічбавы пераходы, а таксама распрацоўка сучасных узбраенняў патрабуюць тэхналогій, у якіх задзейнічаны і рэдказямельныя элементы, — адсюль іх безумоўная важнасць і безальтэрнатыўнасць. У гэтай сферы ЕС спажывае каля чвэрці сусветнай сыравіны, вырабляючы самастойна толькі 3%.
У снежні мінулага года Еўрапейскі парламент прыняў закон «Аб крытычна важных сыравінных матэрыялах», які ўстанаўлівае мэты па перапрацоўцы, ачыстцы, збыце і ўнутранай вытворчасці. Да 2030-га ЕС хоча здабываць не менш як 10% ад свайго гадавога спажывання крытычна важнай сыравіны і такім чынам знізіць залежнасць ад замежных пастаўшчыкоў.
Сярод прыярытэтных матэрыялаў — медзь. Яе здабыча ў Швецыі супярэчыць інтарэсам саамаў, адзінага карэннага народа Еўропы. У горадзе Элівары група Bolіden кіруе медным рудніком, найбуйнейшым у Еўропе. Клас Нільсан, прадстаўнік кампаніі, прызнае ўплыў бізнесу на навакольнае асяроддзе, але падкрэслівае, што Bolіden імкнецца звесці яго да мінімуму. «Вядома, мы ўплываем. Але ці павінны мы засноўваць усю нашу кліматычную трансфармацыю на металах, вырабленых на іншых кантынентах?» — задаецца ён пытаннем.
Некаторым мясцовым жыхарам, сярод іх і Катарына, з-за пашырэння горназдабыўной прамысловасці ў рэгіёне прыйшлося пераехаць. «Яны гавораць, што вядуць здабычу дзеля клімату. Гэта глупства, — упэўнена жанчына. — Насамрэч яны працуюць, каб генерыраваць даходы. Ніхто не адкрывае шахту, каб выратаваць клімат».
Поўнач Швецыі — месца пражывання саамаў — адзінага карэннага народа ЕС. Прадстаўнікі абшчыны скардзяцца на тое, што здабыча выкапняў і прамысловае развіццё ўшчыльняюць месцы іх пражывання і перашкаджаюць шляхам міграцыі аленяў. «Ім трэба жалеза, медзь ці нешта яшчэ, — кажа аленявод Нііла Інга. — Ну а мы вымушаны пераязджаць».
Як адзначае Еuronews, крытычна важныя металы застануцца прыярытэтам для ЕС, што можа ўзмацніць канфлікт паміж задачамі так званага энергетычнага пераходу і экалагічнымі праблемамі.
APPLE абвінавацілі ў крадзяжы тэхналогій
Карпарацыю Apple абвінавацілі ў нядобрасумленным выкарыстанні тэхналогій, якія належаць іншым кампаніям. Аб гэтым паведаміла выданне The Іnformatіon. Журналісты медыя высветлілі, што Apple гадамі выкарыстоўвала тэхналогіі партнёраў, якія распрацоўваюць і вырабляюць для яе гаджэты. Так, фірма можа эксплуатаваць вытворцаў тэхнікі, з якімі яна заключыла кантракт, і перадаваць іх распрацоўкі іншым партнёрам.
У якасці прыкладу спецыялісты прывялі GT Advanced Technologіes, якая ў 2014 годзе сумесна з Apple працавала над стварэннем трывалага дысплэя для іPhone. У фірмы назапасіліся даўгі амаль на паўмільярда долараў, яна аб’явіла аб банкруцтве. Як адзначылі крыніцы, у Apple «скралі» напрацоўкі GT Advanced Technologіes і перадалі іншаму партнёру, кітайскай кампаніі Bіel Crystal.
Таксама, напрыклад, кітайская фірма SeeYa Technologіes атрымала ад Apple напрацоўкі японскай Sony — апошняя распрацавала для амерыканскага ІT-гіганта тэхналогію зборкі акуляраў Vіsіon Pro. Карпарацыя Ціма Кука перадала інтэлектуальную ўласнасць пасля таго, як Sony адмовілася пашыраць адпаведную вытворчасць.
Пры гэтым аўтары The Іnformatіon адзначылі, што права на перадачу тэхналогій трэцім асобам замацавана ў дагаворы. Таму фармальна Apple мае поўнае права забіраць у партнёраў іх напрацоўкі і перадаваць іншым. У пачатку красавіка кампанія Apple папрасіла Апеляцыйны суд ЗША адмяніць забарону на пастаўку і продаж разумных гадзіннікаў брэнда. Раней карпарацыі забаранілі продажы шэрагу мадэляў Apple Watch з-за незаконнага выкарыстання патэнта кампаніі Masіmo.
Падрыхтаваў Захар Бурак
Звязда, 10 чэрвеня 2024
Звязда, 10 чэрвеня 2024
Кoличество переходов на страницу: 122
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |