Геапалітычная турбулентнасць у рэгіёне і бесперапынны знешні ціск. З гэтым Беларусі даводзілася жыць увесь 2024 год. Многія заакіянскія эксперты прадказвалі крах беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця, якую мы выбудоўвалі дзесяцігоддзямі. Ні пра які рост і гаворкі не ішло. Але супраць фактаў, як гаворыцца, нічога не зробіш. І сёння тыя ж так званыя аналітыкі вымушаны канстатаваць: беларуская эканоміка паспяхова развіваецца, і ёсць усе перадумовы для далейшага росту. У чым жа сакрэт поспеху — у нашым матэрыяле.
Дасягнуць пастаўленых задач
Традыцыйна ў кастрычніку кіраўнік краіны падпісвае ўказы, якімі зацвярджаюцца асноўныя прагнозныя параметры развіцця на год. Летась Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу, каб рост ВУП па выніках года склаў 3,8 працэнта, а даходы насельніцтва прыраслі на 3,5 працэнта. Пры гэтым інфляцыя не павінна перавысіць 6 працэнтаў. Некаторыя эксперты казалі, што для эканамічнага блока краіны гэта «задачы з зорачкамі». Спасылаліся на знешні фактар. Аднак, нягледзячы на ўсе складанасці, беларуская эканоміка паказала не толькі ўстойлівасць да шокаў, але і ўпэўнены рост.
— Калі падводзіць папярэднія вынікі работы эканомікі ў 2024 годзе, неабходна адзначыць, што сістэмная работа, якая праводзіцца ўрадам па забеспячэнні ўстойлівасці эканомікі і росту дабрабыту насельніцтва, дае свае вынікі, — адзначыў міністр эканомікі Юрый Чабатар. — Валавы ўнутраны прадукт за 11 месяцаў вырас на 3,9 працэнта, што вышэй за прагнозны паказчык. Драйверамі росту выступаюць прамысловасць, гандаль, будаўнічая сфера, транспарт і сельская гаспадарка.
Лакаматывам эканомікі па-ранейшаму застаецца прамысловасць з тэмпам росту 105,5 працэнта. Прычым прырастаем за кошт не толькі традыцыйных тавараў, але і высокатэхналагічнай, інавацыйнай прадукцыі, на якую зроблена стаўка ў гэтай пяцігодцы. Рост выпуску стымулюецца высокім попытам на айчынныя тавары.
— Сёння нашы намаганні накіраваны на развіццё канкурэнтнага бізнес-асяроддзя, паляпшэнне структуры інвестыцый. Прадпрыемствы актыўна ўкладваюць у абнаўленне і пашырэнне вытворчых магутнасцяў. Як вынік — інвестыцыі ў асноўны капітал растуць тэмпамі, вышэйшымі за прагнозныя. У студзені — лістападзе яны прыраслі на 107,2 працэнта, а ўдзельная вага затрат на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў у агульным аб’ёме інвестыцый дасягнула 40 працэнтаў, — удакладніў міністр эканомікі.
Эфектыўная работа галін стала падмуркам для росту рэальных даходаў насельніцтва. Ён склаў 109,5 працэнта, што значна вышэй за прагноз (103,5 працэнта). У 2024-м двойчы павышалася базавая стаўка, да якой прывязаны стымуляцыйныя і кампенсацыйныя выплаты бюджэтнікам. А для павелічэння даходаў нізкааплатных катэгорый работнікаў арганізацый рэальнага сектара з 1 студзеня на 13 працэнтаў вырас мінімальны заробак. Двойчы сёлета павышаліся і пенсіі. У выніку ў студзені — лістападзе 2024 года рэальны рост пенсій па ўзросце склаў 109,6 працэнта.
— Такім чынам, сёння ў эканоміцы пераважаюць станоўчыя тэндэнцыі, фарміруюцца ўмовы для далейшага якаснага росту, — упэўнены Юрый Чабатар.
Цэны пад кантролем
Многія ўжо звярнулі ўвагу, што прадуктовы чэк у магазіне за апошні час не пацяжэў. І ў краіне невысокая інфляцыя. Згодна з данымі статыстыкі, гэты паказчык у лістападзе склаў 5,5 працэнта, што ніжэй за мэтавы параметр. Гэта пазітыўна адбіваецца і на дынаміцы ўнутранага попыту: рознічны тавараабарот за 11 месяцаў вырас амаль на 12 працэнтаў. Усё гэта — вынік сістэмы рэгулявання цэн, якая па даручэнні Прэзідэнта дзейнічае ў Беларусі. Эксперты ўпэўненыя, што дзякуючы своечасовым мерам удалося спыніць рост цэн, які набіраў абароты. Нагадаем: Аляксандр Лукашэнка ў кастрычніку 2022 года па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў Дырэктыву № 10 «Аб недапушчальнасці росту цэн». Потым пастановай урада нумар 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары спажывецкага кошыка.
Спажывец ад рэгулявання толькі выйграў. Тавару на паліцах магазінаў дастаткова, і, што важна, ён даступны на любы кашалёк. Гэта пацвярджаюць вынікі рэгулярных маніторынгаў, якія праводзяць дзяржаўныя органы.
— Дзяржаўнае рэгуляванне цэн уводзілася як мера ў адказ на знешнія шокі, — адзначыў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў. — Яно не дазваляе вытворцу або прадаўцу спасылацца на ўплыў знешніх фактараў і перакладваць любыя свае выдаткі або жаданне атрымаць звышпрыбытак на пакупніка. Але пры гэтым дае яму магчымасць зарабляць. У гэтым прынцып справядлівасці ў цэнаўтварэнні, да захавання якога імкнёмся. Сёння мы бачым, што пастанова ўрада нумар 713 дасягнула мэты, якую паставіў Прэзідэнт, — забяспечыць стабільнасць цэнавай сітуацыі.
У сваю чаргу вядомы вучоны-эканаміст Міхаіл Кавалёў упэўнены, што, з пункту гледжання спажыўца, увядзенне дастаткова жорсткіх абмежаванняў па гандлёвых нацэнках апраўдала сябе.
— У цэлым трэба сказаць, што ў розных краінах свету па-рознаму спрабуюць рэгуляваць цэны, — гаворыць эксперт. — Зразумела, на першае месца выходзіць стварэнне жорсткіх умоў канкурэнцыі. Напрыклад, рэгулятары спрабуюць не дапусціць манапольных сетак, а дамагаюцца, каб была канкурэнцыя за пакупнікоў. Па-другое, у большасці краін свету спрабуюць па-справядліваму падзяліць канчатковы кошт тавару паміж гандлёвай сеткай і вытворцам. Дзеянні Прэзідэнта па рэгуляванні цэн накіраваны супраць не зусім сумленных бізнесменаў. Крытыкам рашэння дзяржавы я б нагадаў, што нават у Старажытным Рыме быў вельмі жорсткі кантроль за цэнамі. Ужо ў тыя часы ўлады разумелі, што рынак рынкам, а кантраляваць яго трэба.
Якасць ва ўсім
2024-ы, як вядома, кіраўніком дзяржавы быў абвешчаны Годам якасці. З моманту свайго самастойнага развіцця наша краіна вызначыла гэты паказчык як самую важную задачу дзяржаўнай эканамічнай палітыкі. Брэнд «Зроблена ў Беларусі» даўно вядомы за мяжой, і спажывец выбірае нашу прадукцыю менавіта за якасць.
— Абвяшчэнне 2024 года Годам якасці надало новы імпульс развіццю беларускай якасці, павышэнню яе пазнавальнасці і даверу як у краіне, так і на замежных рынках. У Беларусі традыцыі якасці маюць сістэмную дзяржаўную падтрымку, — адзначыла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена Маргунова.
Дарэчы, у 2024 годзе зацверджана больш за 660 дзяржаўных стандартаў. У краіне налічваецца 67 нацыянальных эталонаў адзінак велічынь.
— Для павышэння якасці прадукцыі адказныя органы і арганізацыі распрацавалі і ўстанавілі мэтавыя паказчыкі і індыкатары. Найважнейшую ролю ў забеспячэнні стабільнай якасці прадукцыі адыгрывае ўзровень матэрыяльна-тэхнічнай базы галін і арганізацый. Для гэтага абнаўляецца выпрабавальнае абсталяванне і сродкі вымярэння, прымяняецца статыстычная ацэнка стабільнасці тэхналагічных працэсаў, сучасныя інструменты сістэмнага менеджменту, — дадала кіраўніца Дзяржстандарта. — Ключавымі кірункамі на наступны год стануць апераджальны рост прамысловага патэнцыялу, развіццё інфраструктуры якасці, уключэнне новых сістэм кіравання беражлівай вытворчасцю, павышэнне кампетэнтнасці спецыялістаў. Таксама будуць сфарміраваны стратэгічныя мэты канкурэнтаздольнасці з выкарыстаннем інавацыйнага патэнцыялу, рызыка-арыентаваных падыходаў.
Кааперацыйны падыход
Нелегітымны знешні націск з боку так званага калектыўнага Захаду, з якім сутыкнуліся Беларусь і Расія, актывізаваў паглыбленую кааперацыю ў розных галінах, у першую чаргу ў прамысловасці. Актыўна наладжваюцца вытворчыя ланцужкі ў машынабудаванні, мікраэлектроніцы і цяжкай прамысловасці. Такое ўзаемадзеянне ў існуючых умовах — жыццёва важнае пытанне, у тым ліку тэхналагічнай бяспекі. У межах Саюзнай дзяржавы нашы краіны падпісалі шэраг важных пагадненняў па супрацоўніцтве ў ключавых галінах. І сёння больш за 8 тысяч беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў звязаны вытворчай кааперацыяй, яны ажыццяўляюць узаемныя пастаўкі сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых вырабаў.
— Прамысловасць — гэта залог паспяховага развіцця. Усё, што нас атачае, і ўсё, чым мы карыстаемся, — гэта вынік работы прамысловасці. Інтэграцыя з Расіяй прыносіць свой плён. Беларуская тэхналагічная база і расійскія вытворчыя і прыродныя рэсурсы — магутны тандэм для асваення новых відаў прадукцыі і ўмовы поўнай эканамічнай незалежнасці, — упэўнены доктар эканамічных навук Валерый Байнеў. — Імпартазамяшчэнне — адзін з асноўных кірункаў развіцця беларускай і расійскай эканомік. Асабліва ва ўмовах уведзенага тэхналагічнага эмбарга з боку Захаду. Яны спрабуюць нас задушыць тэхналагічна. І гэтыя спробы з-за акіяна робяцца ўжо на працягу апошніх некалькіх гадоў. Галоўная задача — знішчыць эканоміку Саюзнай дзяржавы. Таму імпартазамяшчэнне — ключавое пытанне. Яно дае магчымасць забяспечыць тэхналагічны, фінансавы і харчовы суверэнітэт і бяспеку нашых краін. З Расіяй у нас гістарычна склаліся добрыя і трывалыя сувязі. Мы брацкія народы. Таму любыя сумесныя праекты ў нас рэалізоўваюцца паспяхова.
Дадаць зарад для эканомікі
Сёлета ў Беларусі назіраўся сапраўдны бум на электрамабілі. Іх колькасць павялічылася амаль удвая. Калі летась іх было не больш за 10 тысяч, то сёння ўжо больш за 21 тысячу. Пакуль што на дарогах краіны зялёныя аўтамабільныя нумары можна ўбачыць на машынах замежнай вытворчасці. Але неўзабаве ў аматараў руху ў «стылі электра» з’явіцца магчымасць перасесці на айчынны электрамабіль. Ужо сабраны першыя перадсерыйныя ўзоры айчыннага электрамабіля. Яго стварэнне — даручэнне Прэзідэнта. У якасці базы выбраны самы папулярны аўтамабіль у беларусаў — красовер BelGee X50. Спачатку будзе зроблена пяць машын. На гэтай партыі спецыялісты правераць эфектыўнасць, эканамічную мэтазгоднасць і адпрацуюць тэхналагічныя рашэнні.
Па словах генеральнага дырэктара СЗАТ «БЕЛДЖЫ» Генадзя Свідзерскага, у вытворчасці ўзялі ўдзел беларускія і расійскія вытворцы.
— Ідэя стварэння беларускага электрамабіля з’явілася пасля пакупкі ліцэнзіі, якая дала доступ да пэўнай дакументацыі. Платформа вырабляецца на канвееры серыйнага завода «БЕЛДЖЫ» па дакументацыі электрамабіля, распрацаванага ў Акадэміі навук. Пасля атрымання прамысловых узораў можна будзе гаварыць аб камерцыйных і тэхнічных перспектывах развіцця гэтага кірунку. Адно зразумела ўжо цяпер: гэта важны крок у авалоданні кампетэнцыямі ў распрацоўцы і пастаноўцы на вытворчасць легкавых аўтамабіляў.
Заданне на заўтра
Многіх цікавіць: а як жа будзе развівацца беларуская эканоміка ў новым 2025 годзе? Адказ можна знайсці ва ўказах Прэзідэнта нумар 384 і нумар 385, якімі зацверджаны найважнейшыя прагнозныя параметры развіцця краіны і мэтавыя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2025 год. Дакументы захоўваюць накіраванасць эканамічнай палітыкі на забеспячэнне ўстойлівасці эканомікі і рост дабрабыту насельніцтва. Так, рост валавога ўнутранага прадукту прагназуецца да 104,1 працэнта за кошт трох праграм: вытворчай, экспартнай і інвестыцыйнай. Указам таксама ўстанаўліваюцца мэтавыя арыенціры для іх выканання. Чакаецца, што экспарт тавараў і паслуг павялічыцца на 5,4 працэнта. Ключавым фактарам росту стане нарошчванне фізічных аб’ёмаў. У эканоміку плануецца накіраваць на 7,8 працэнта больш інвестыцый, чым у 2024-м.
Паспяховая рэалізацыя вытворча-інвестыцыйных планаў дасць магчымасць забяспечыць рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва. Захаваецца палітыка па стрымліванні цэн. Для гэтага для Нацыянальнага банка і ўрада ўстанаўліваецца мэтавая задача па абмежаванні інфляцыі на ўзроўні, які не перавышае 5 працэнтаў.
Паспяховая рэалізацыя вытворча-інвестыцыйных планаў дасць магчымасць забяспечыць рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва. Захаваецца палітыка па стрымліванні цэн. Для гэтага для Нацыянальнага банка і ўрада ўстанаўліваецца мэтавая задача па абмежаванні інфляцыі на ўзроўні, які не перавышае 5 працэнтаў.
Валянцін Паўловіч
Звязда, 2 студзеня 2025
Звязда, 2 студзеня 2025
Кoличество переходов на страницу: 15
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |