https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Адкрыццё, якое апярэдзіла час. Чаму ў Беларусі забыліся на лактаферын?


Пра «беларускі лактаферын» шмат гаварылі і пісалі гадоў 8-10 таму — і ў нашай краіне, і за яе межамі. Тэхналогію яго атрымання з малака трансгенных коз называлі навуковым прарывам, які абяцае зніжэнне колькасці захворванняў, усеагульнае аздараўленне і нават больш эфектыўныя метады прафілактыкі і лячэння раку. Але паступова ажыятаж сышоў на нішто, з'явіліся іншыя інфармацыйныя падставы, тэма неяк забылася. І нават пандэмія ковіду не вярнула яе ў верхнія радкі стужак навін і на першыя палосы газет...

Не ўсе жывёлы ў статку трансгенныя — іх усяго каля 230,  а яшчэ каля паловы статка ўтрымліваецца для ўзнаўлення нашчадкаў з унікальным наборам генаў.

Не ўсе жывёлы ў статку трансгенныя — іх усяго каля 230, а яшчэ каля паловы статка ўтрымліваецца для ўзнаўлення нашчадкаў з унікальным наборам генаў.

Уласна кажучы, нічога незвычайнага ў гэтай гісторыі няма: шлях у жыццё многіх адкрыццяў і інавацыйных тэхналогій быў няпросты і доўгі. Больш за тое, паспешлівасць у дадзеным выпадку мяжуе з легкадумнасцю, бо гаворка ідзе пра здароўе людзей. І ўсё ж мы вырашылі высветліць, чаму пра лактаферын сёння ў Беларусі мала чуваць і што гэта наогул за рэчыва: сапраўды панацэя або цікавая, але не надта практычная распрацоўка?

Праект з гісторыяй

Няхай будзе вам вядома, дарагія чытачы, што менавіта беларускія навукоўцы першыя ў свеце навучыліся атрымліваць рэкамбінатны (чалавечы) бялок лактаферын з малака коз-прадуцэнтаў. Але пачаць, напэўна, усё ж варта з таго, што ж, уласна, такое лактаферын.

Лактаферын адносяць да сістэмы прыроджанага імунітэту — навукоўцы лічаць, што ён здольны літаральна нанава адбудаваць аслаблены імунітэт чалавека. Галоўная біялагічная функцыя гэтага бялку — звязванне і транспарт іонаў жалеза, але акрамя таго, рэчыва валодае антыбактэрыяльнай, антывіруснай, антыпаразітарнай актыўнасцямі, супрацьалергічным і імунамадулюючым дзеяннямі, радыепратэктарнымі ўласцівасцямі. А таксама — падаўляе ракавыя клеткі. Ва ўсім свеце (у ЗША, Японіі, Заходняй Еўропе) лактаферын сёння шырока ўжываецца для вытворчасці фармацэўтычных прэпаратаў, БАДаў, прадуктаў харчавання. Але паўсюдна яго вылучаюць з каровінага малака. Ёсць такі бялок таксама ў казіным малацэ, але відавочна, што для чалавека карыснейшы лактаферын чалавечы. Змяшчаецца ён у жаночым грудным малацэ (і гэта, дарэчы, адзін з важкіх аргументаў на карысць груднога кармлення).

Такім чынам, наладзіць вытворчасць чалавечага лактаферыну да нядаўняга часу не было магчыма з прычыны ўнікальнасці сыравіны (бо нават грудное кармленне для велізарнай колькасці нованароджаных з розных прычын у нашы дні даводзіцца замяняць штучным). І вось у Беларусі ўдалося вылучыць чалавечы лактаферын з малака коз, у ДНК якіх папярэдне ўкаранілі ген чалавека.

— У 2002 годзе да нас прыехалі масквічы з Інстытута біялогіі гена і прапанавалі сумесны праект, — распавядае акадэмік, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, першы намеснік генеральнага дырэктара НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Іван Шэйко. — Выбралі яны нас у якасці партнёраў у дадзеным праекце, таму што ў беларускай жывёлагадоўлі вельмі добрая школа трансплантолагаў (трансплантацыя эмбрыёнаў дазваляе атрымліваць ідэальных прадстаўнікоў той ці іншай пароды). У нас сапраўды ў гэтай сферы — мабыць, наймацнейшая школа на постсавецкай прасторы... Але вернемся да лактаферыну. Расійскія навукоўцы стварылі генную канструкцыю, якую меркавалася ўжывіць у арганізм казы так, каб яна ўбудавала яе ў свой геном. Работу па атрыманні трансгенных коз з такой геннай канструкцыяй, убудаванай у ДНК, мы пачалі ў 2003 годзе. Важна сказаць, што ў генную канструкцыю быў уключаны ген лактаферын.

З казлоў — малака!

Адной з найважнейшых мэт сваёй работы навукоўцы бачылі, у першую чаргу, стварэнне спецыялізаванага харчавання для выходжвання неданошаных дзяцей, а таксама для кармлення нованароджаных, пазбаўленых мацярынскага малака.

— А такіх дзяцей цяпер шмат, — канстатуе Іван Паўлавіч. — Не буду прыклад далёка шукаць: нават з маіх трох унучак дзвюх прыйшлося досыць рана перавесці на штучнае кармленне. Дык вось, казінае малако значна лепш засвойваецца арганізмам малога, а тут яшчэ — з жаночым бялком! Гэта стала б выдатнай дапамогай для неанатолагаў і педыятраў. Чалавечы лактаферын — найкаштоўнейшы бялок, ён стымулюе імунную актыўнасць дзіцяці, валодае супрацьмікробнымі, антыаксідантнымі, рэгенератыўнымі ўласцівасцямі, спрыяе правільнаму развіццю мозга, сардэчна-сасудзістай і стрававальнай сістэм. Рэвалюцыйны падыход да яго атрымання, які ўдалося рэалізаваць у рамках саюзных праграм «БелРасТрансген» і «БелРасТрансген-2», дазваляе вырашыць пытанне дэфіцыту сыравіны і атрымліваць чалавечы лактаферын, адаптаваны менавіта да патрэб нашага арганізма.

Зрэшты, прэпараты і прадукты з лактаферынам у свеце ўжываюць не толькі ў педыятрыі — яны выдатна паказалі сябе і пры рэабілітацыі дарослых людзей пасля цяжкіх захворванняў, і ў спартыўным харчаванні, і для людзей на шкодных вытворчасцях, і ў многіх іншых сферах. Але ўсе гэтыя прэпараты, БАДы і спецыялізаваныя прадукты харчавання, як ужо гаварылася, вырабляюцца з каровінага малака — з яго атрымліваюць лактаферын каровы.

— Пра чалавечы лактаферын у свеце раней наогул не было гаворкі. Лічылася, што гэта немагчыма, — падкрэслівае навуковец.

Каб ужывіць генную канструкцыю ў геном казы, спатрэбілася больш за 190 перасадак: арганізм жывёл адпрэчваў канструкцыю. Удалымі аказаліся 197-я і 199-я перасадкі, распавядае Іван Паўлавіч.

— У выніку мы атрымалі двух козлікаў — мы назвалі іх Лак-1 і Лак-2, і ў іх пацвердзілася наяўнасць патрэбнага нам гена. Тое, што гэта былі «хлопчыкі» — вельмі каштоўна: такім чынам ген мы замацавалі адразу, і праз пару гадоў у нас было ўжо 300 коз з генам чалавечага лактаферыну. Не кожны нашчадак нашых «першынцаў» нясе ў сваёй ДНК патрэбны ген, але працэнтаў 45 жывёл нараджаецца трансгеннымі.

Лактаферын у сучасным навуковым свеце — адзін з ключавых кірункаў работы ў сферы геннай інжынерыі, і кожныя два гады ён становіцца тэмай спецыялізаванай міжнароднай канферэнцыі, дзе збіраюцца генетыкі ўсяго свету.

— Калі мы далажылі на міжнароднай канферэнцыі ў Ніцы аб атрыманні чалавечага лактаферыну з малака коз-прадуцэнтаў, зала выбухнула апладысментамі. Мы прадставілі навуковай грамадскасці вынікі экспертызы: 5-6 грамаў бялку, на сто працэнтаў ідэнтычнага лактаферыну жаночага малака, на літр малака трансгеннай казы.

Заўважым, што цана за грам чалавечага лактаферыну ў свеце вымяраецца многімі сотнямі долараў. Так што ў адкрыцця — яшчэ і велізарны экспартны патэнцыял.

Справа будучыні?

Атрыманне тых ці іншых неабходных чалавеку рэчываў з дапамогай генна-мадыфікаваных жывых арганізмаў — сусветная практыка. Бактэрыі «вырабляюць» для фармацэўтыкі інтэрфероны і інсуліны, козы — антытрамбін (тэхналогію адкрылі амерыканскія навукоўцы). Падобныя распрацоўкі ідуць у многіх краінах. Піянерамі ў «навучанні» арганізма казы вырабляць чалавечы лактаферын сталі навукоўцы нашай краіны. Трэба адзначыць, што «работа» своеасаблівым «біярэактарам» для вытворчасці малака з лактаферынам ніякай шкоды арганізму жывёл не наносіць. Невялікі статак — крыху больш за 400 коз — адчувае сябе выдатна.

— Цяперашні статак — ужо чацвёртае і пятае пакаленні, праўнукі і прапраўнукі нашых Лакаў, — кажа прафесар Шэйко. — Такім чынам, ген лактаферыну трывала ўбудаваны ў геном гэтых жывёл і перадаецца ў спадчыну.

Дарэчы, абодва Лакі ўжо завяршылі натуральным чынам свой жыццёвы шлях, пражыўшы доўгае і шчаслівае казлінае жыццё. Але вучоныя-тэхнолагі зрабілі вялікі запас спермы ад іх, якую замарозілі ў вадкім азоце — хопіць на многія гады. Не ўсе жывёлы ў статку трансгенныя — іх усяго каля 230, а яшчэ каля паловы статка ўтрымліваецца для ўзнаўлення нашчадкаў з унікальным наборам генаў. Статак «лактаферынавых» коз размешчаны ў падсобнай гаспадарцы інстытута. Дояць іх не «дасуха», а вельмі ашчадна і ўмерана, прыкладна па літры з жывёлы — бо атрыманае малако пакуль выкарыстоўваецца толькі для даследаванняў у розных навуковых установах Акадэміі навук, а таксама замарожваецца на базе МНС «Заходні». Спецыяльныя ўмовы шокавай замарозкі дазваляюць пасля размарожвання вылучыць лактаферын і выкарыстоўваць яго па прызначэнні — для вытворчасці фармацэўтычных прэпаратаў, біялагічна актыўных дабавак, дзіцячага харчавання і г. д. Запас ужо ёсць, і вытворчасць можна адкрываць хоць сёння, неабходны толькі дазвол Міністэрства аховы здароўя.

Сам лактаферын, які атрымліваецца з малака коз, за гэтыя гады ўсебакова вывучылі: праведзены цэлыя серыі даследаванняў, напісана нямала навуковых работ. Рэчыва зноў і зноў даказвае сваю каштоўнасць у многіх сферах медыцыны, уключаючы анкалогію і геранталогію. Рэкамбінантны лактаферын чалавека запатэнтаваны і атрымаў таварны знак «Капрабел». Запатэнтаваны і трансгенны статак. Аднак для пацвярджэння бясшкоднасці ўнікальнай субстанцыі — рэкамбінантнага лактаферыну чалавека — патрабуецца заключэнне Міністэрства аховы здароўя. А медыкі з асцярожнасцю падыходзяць да настолькі інавацыйнага прадукту, бо пакуль для яго ацэнкі няма ні методык, ні нарматыўнай базы: навука ў сучасным свеце крочыць настолькі хутка, што заканадаўства (не толькі ў нашай краіне) часам за ёй не паспявае.

— З лактаферынам мы крыху апярэдзілі час, — канстатуе суразмоўнік.

А пакуль што навукоўцам застаецца толькі чакаць рашэння Міністэрства аховы здароўя, праводзіць даследаванні і распрацоўкі, якія датычацца згаданага рэчыва, і частаваць калег і нешматлікіх журналістаў, што часам зазіраюць у НПЦ жывёлагадоўлі, казіным малаком з лактаферынам. Налілі па кубачку і нам з фотакарэспандэнтам. Аказалася — смачна.

Аўтар:
Аляксандра Анцэлевіч
Звязда, 23 траўня 2023

Кoличество переходов на страницу: 175