https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Што чакае жыхароў Латвіі?


Па замове гандлёвай сеткі Rіmі служба Norstat правяла сацыялагічнае апытанне сярод жыхароў Латвіі, паведаміў Baltnews. Высветлілася, што 48 працэнтаў апытаных эканомяць на прадуктах харчавання, адзенні і абутку. Траціць сродкі на сваю знешнасць гатовыя толькі 42 працэнты рэспандэнтаў. Цяпер жыхары Латвіі радзей купляюць ялавічыну і рыбу, аддаючы перавагу курыцы ці субпрадуктам.

«Шчыра кажучы, я наогул мала ем, таму што цэны вельмі высокія», — прызналася адна з рэспандэнтак. Адзначаецца, што 80 працэнтаў жыхароў Латвіі выбіраюць прадукты па нізкай цане. Як вядома, гэтая прыбалтыйская краіна ўпэўнена трымаецца ў лідарах Еўрасаюза па прадуктовай інфляцыі. Як падлічыў эканаміст Яніс Херманіс, калі агульная інфляцыя пачынаючы з 2020 года склала 32 працэнты, то прадуктовая — ажно 42 працэнты. Прычым толькі летась прадукты падаражэлі ў сярэднім на 24 працэнты. Напрыклад, кілаграм мукі ў Латвіі каштуе каля 1,95 еўра, у той час як у Літве яна абыходзіцца ў 1,59 еўра, у Швецыі — 1,53 еўра, у Францыі — 1,29 еўра, а ў Польшчы — 90 цэнтаў. Пры гэтым сітуацыя пагаршаецца ўжо каторы год, а ва ўлад зусім іншыя прыярытэты, ім не да надзённых патрэб насельніцтва. Людзі проста даведзены да адчаю. Што ж чакае жыхароў Латвіі?

Без «падушкі бяспекі»

Кандыдат у Еўрапарламент, дзейны дэпутат парламента Латвіі ад партыі «Саюз зялёных і сялян» Ліга Клявіня заявіла, што пасля абрання ў Еўрапарламент плануе паляпшаць дабрабыт насельніцтва краіны. Па яе меркаванні, сёння ўзровень жыцця ў гэтай прыбалтыйскай дзяржаве складае ўсяго толькі 35 працэнтаў ад сярэднестатыстычнага паказчыка па Еўрасаюзе.

Як стала вядома, у Латвіі павялічваецца доля насельніцтва без зберажэнняў — гэты паказчык дасягнуў 26 працэнтаў, тады як восенню мінулага года такая сітуацыя датычылася 24 працэнтаў рэспандэнтаў, паведамілі агенцтву LETA прадстаўнікі SEB Banka, спасылаючыся на звесткі праведзенага даследавання. Таксама па яго выніках стала вядома, што амаль кожны чацвёрты рэспандэнт быў вымушаны выкарыстоўваць «падушку бяспекі» для пакрыцця штодзённых выдаткаў на працягу апошніх шасці месяцаў.

Пры гэтым і зарабіць тут не выпадае. У мінулым годзе ў Латвіі беспрацоўных было ў 2,5 раза больш, чым свабодных рабочых месцаў, піша Dіena. Летась у краіне працавалі 884,2 тысячы чалавек, што складае 64,2 працэнта насельніцтва ва ўзросце 15–74 гадоў. У той жа час 61,5 тысячы чалавек у гэтай узроставай групе былі беспрацоўнымі. Летась узровень беспрацоўя ў Латвіі склаў 6,5 працэнта, пры гэтым самы высокі паказчык быў у Латгале, а ніжэйшы — у Рызе, паведаміла Dіena. Эканамісты банкаў і эксперты Міністэрства фінансаў адзначаюць, што асноўнай тэндэнцыяй, якая ўжо ўплывае на рынак працы і ўсё мацней будзе ўплываць на яго ў будучыні, з’яўляецца скарачэнне колькасці працаздольнага насельніцтва — грамадства старэе, а моладзі мала.

«Сярэдні ўзрост у Латвіі павялічыўся, мы паступова становімся больш сталымі. Напрыклад, у 2000 годзе сярэдні ўзрост складаў 38,3 года, цяпер — 42,7 года, — адзначыў іz.ru прафесар Латвійскага ўніверсітэта Зайга Крыш’янэ. — У 2030 годзе амаль палова жыхароў будуць старэйшыя за 50 гадоў, а колькасць працоўных скароціцца на 20 працэнтаў».

Краіна вымірае

Натуральны прырост насельніцтва ў Латвіі адмоўны з 1990 года. Але настолькі дрэнна з дэмаграфічнай сітуацыяй, як апошнім часам, яшчэ ніколі не было. Пачынаючы з 2021-га колькасць памерлых удвая перавышае колькасць нованароджаных. І гэта адбываецца ўжо трэці год запар, паведаміла Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне прыбалтыйскай краіны.

Пастаўлены чарговы антырэкорд: летась у Латвіі нарадзілася 14 121 дзіця, і гэта мінімум за ўсю 123-гадовую гісторыю сучаснай статыстыкі. Менш за ўсё дзяцей нарадзілася ў чацвёртым квартале 2023 года — на 2,7 працэнта, ці на 92 дзіцяці менш, чым за аналагічны перыяд 2022-га. 

Акрамя таго, у кожным месяцы 2023 года нарадзілася менш дзяцей, чым у адпаведным месяцы папярэдняга года, што з’яўляецца найменшай колькасцю нараджэнняў у кожным месяцы за апошнія 100 гадоў.

У адкрытай базе Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення ёсць даныя аб колькасці народжаных пачынаючы з 1920-га (адзіны пропуск — за 1944-ы). З іх відаць, што ў гэтым дзесяцігоддзі антырэкорды па колькасці народжаных у Латвіі перапісваюцца цяпер штогод: папярэдні (15 954) быў зафіксаваны ў 2022-м, а да гэтага — у 2021-м (17 420) і 2020-м (17 552). За мінулы год колькасць жыхароў краіны зменшылася на 18,5 тысячы чалавек. Сёлета на пачатак года ў Латвіі налічвалася 1 мільён 873 тысячы жыхароў. Летась было зарэгістравана амаль на 10 працэнтаў шлюбаў менш, чым у 2022-м.

Дэмографы прагназуюць, што да канца стагоддзя ў Латвіі застанецца ўсяго каля паўмільёна жыхароў. «Краіна вымірае без войн і катастроф. Так хутка не растваралася ніводная дзяржава свету. Цэлыя рэгіянальныя цэнтры ператвараюцца ў пустыя гарады-здані, — з горыччу заўважыў іz. ru журналіст Яніс Шкупеліс. — Фактычна ў Латвіі застануцца толькі старыя людзі, жыццё якіх будзе, на жаль, нікчэмным».

Выцвярэзнік для дзяцей

Як вядома, будучыню вызначае моладзь. Тут у Латвіі, мякка кажучы, вялікія праблемы. Краіна лідзіруе сярод краін Балтыі па колькасці падлеткавых цяжарнасцяў. Пра гэта заявілі медыкі ў эфіры праграмы «Падрабязнасці» на Латвійскім радыё 4, паведаміў партал навін латвійскага радыё і тэлебачання Rus.LSM.lv. Паводле статыстычных даных, у 2022 годзе больш за 90 непаўналетніх дзяўчат ва ўзросце 15–17 гадоў сталі мамамі. Па словах урачоў, калі ў прыкладна сотні непаўналетніх у Латвіі штогод нараджаюцца незапланаваныя дзеці, то каля 30 працэнтаў незапланаваных цяжарнасцяў у гэтай узроставай групе завяршаецца абортамі.

Акушэры лічаць, што за высокімі паказчыкамі абортаў і нараджэння дзяцей у непаўналетніх маці стаіць беднасць, неадукаванасць і недаступнасць сродкаў кантрацэпцыі. Яны заклікаюць дзяржаву забяспечыць дзяўчатам да 25 гадоў бясплатную кантрацэпцыю і адшукаць на гэтыя патрэбы сродкі з дзяржбюджэту — прыкладна 2,7 мільёна еўра. Кіраўнік Латвійскай асацыяцыі акушэрак Лінда Вейдэманэ лічыць, што для зніжэння ўзроўню абортаў і падлеткавых цяжарнасцяў у краіне трэба скарыстацца вопытам суседніх краін, у якіх ёсць даступная бясплатная кантрацэпцыя і ўпарадкаваны пытанні сексуальнай і рэпрадуктыўнай адукаванасці. «Калі абедзве гэтыя рэчы адбываюцца ў краіне ў нармальным парадку, то і падлеткавых цяжарнасцяў менш», — адзначыла кіраўнік акушэрак.

Таксама стала вядома, што ў найбуйнейшай бальніцы Латвіі плануюць стварыць выцвярэзнік для... дзяцей. За апошнія тры гады ў яе паступілі каля 850 непаўналетніх у стане ап’янення, 80 працэнтаў з іх ужывалі алкаголь, паведаміў партал навін латвійскага радыё і тэлебачання LSM. lv. Паводле звестак партала, у мінулым годзе ў бальніцу паступілі каля 200 непаўналетніх, якія ўжывалі наркатычныя рэчывы. Галоўны ўрач гэтай медыцынскай установы Рэната Сніпэ лічыць праблему надзвычай сур’ёзнай. Паводле яе слоў, п’яныя непаўналетнія пацыенты паводзяць сябе часам шумна і агрэсіўна, адбіраюць у персаналу час, энергію і псіхічныя рэсурсы. Урачы з-за гэтага менш часу могуць удзяліць хворым маленькім дзецям і іх маці.

«Чорныя дзіркі» адукацыі

Высветлілася, што ў Латвіі каля шасці працэнтаў школьнікаў ва ўзросце ад 10 да 11 гадоў не ўмеюць... чытаць. Пра гэта паведамляе Baltnews са спасылкай на заяву кіраўніка Цэнтра дзіцячай літаратуры Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі Сільвіі Траццяковай. Паводле яе слоў, адсутнасць такога базавага навыку не дае магчымасці атрымаць якасную адукацыю ў будучыні. Пры гэтым, паводле вынікаў міжнароднага даследавання PІRLS, толькі 16 працэнтаў школьнікаў у Латвіі станоўча ставяцца да чытання. 37 працэнтаў апытаных заявілі аб адмоўным стаўленні да чытання, а 47 працэнтаў сказалі аб сваім нейтральным стаўленні. Як адзначае Baltnews, асноўная прычына падзення пісьменнасці ў краіне — востры недахват настаўнікаў. На 1 верасня мінулага года ў Латвіі не хапала каля дзвюх тысяч педагогаў. Але паляпшэнне сітуацыі не прагназуецца: у новым навучальным годзе латвійскі ўрад плануе скараціць 115 бюджэтных месцаў у сферы падрыхтоўкі настаўнікаў.

Вышэйшую адукацыю ў Латвіі цяпер атрымліваюць 74 тысячы студэнтаў — найменшы паказчык за апошнія 20 гадоў. Аб гэтым сведчаць даныя Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення краіны, паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Сіньхуа». Зніжэнне колькасці студэнтаў напрамую звязана з дэмаграфічнай сітуацыяй і нізкімі паказчыкамі нараджальнасці. Прадстаўнікі ВНУ прызналі, што ўсё больш маладых людзей вывучаюць інжынерныя навукі, а навучальныя ўстановы гатовы дапамагчы работнікам асвоіць неабходныя для рынку веды і навыкі, паведаміла Латвійскае радыё.

«Мая краіна мяне выкінула»

У такой сітуацыі зусім нядзіўна, што жыхары Латвіі імкнуцца трапіць у нашу краіну. На YouTube-канале БелТА латышка Вольга Самуль расказала аб прычыне пераезду ў Беларусь. «Шмат каментарыяў было мне пасля інтэрв’ю на іншых беларускіх каналах, што я праплачана, што кажу толькі пра добрае, што я завербавана. Ёсць жа шыльдачкі, на якіх напісана „Не прыязджайце, вас завярбуюць“. Гэта не так, гэта поўнае глупства. Мне ніхто не плаціць. Я проста на сваім прыкладзе хачу паказаць, што ўсё не так, як расказваюць вашы збеглыя, наша тэлебачанне», — сказала Вольга Самуль.

Па словах латышкі, Еўрасаюз нясе парадак дня разрухі і краху. «Я перажываю за сваю краіну. На жаль, я не магу туды прыехаць і не магу змірыцца з кірункам, які выбраў урад Латвіі. Не народ, а ўрад Латвіі абраў за нас. Таму я выбрала Беларусь, каб тут жыць, ствараць сваю сям’ю. Душою жыць у першую чаргу і імкнуцца быць карыснай краіне, якая мяне прыняла, у якой я адчуваю сябе як дома», — дадала яна.

«На жаль, мая краіна мяне выкінула, нягледзячы на тое, што я там нарадзілася, што я патрыётка, змагалася за інтарэсы менавіта Латвіі, латвійскай дзяржавы і латвійскага народа. Я разумею, што я там не патрэбна. Я хачу быць карысная там, дзе адчуваю сябе добра, — заўважыла Вольга Самуль. — Спадзяюся, што буду карысная тут, таму буду далей асвятляць, адукоўваць, казаць праўду».

Разважаючы аб тым, з чым прыйшлося сутыкнуцца ў Беларусі, Вольга Самуль адзначыла: «Вельмі шмат маладых матуль. Я цяпер таксама ў становішчы, мне трошачкі не па сабе. Мне 38 гадоў. Тут у гэтым узросце нараджаюць ужо трэцяга, калі не чацвёртага. Усе маладыя бацькі. Мой узрост у Латвіі для першага дзіцяці ўжо з’яўляецца нормай. Там было страшна з-за няўпэўненасці. Тут, нягледзячы на тое, што я яшчэ на птушыных правах, толькі легалізоўваюся, я не адчуваю гэтага страху. Таму што бачу, што ваша краіна за дзяцей, за развіццё і садзейнічае дэмаграфіі, таму што ведае, што толькі ў дзецях дабрабыт дзяржавы. Бо калі не будзе нараджальнасці, не будзе народа, не будзе тых, хто будзе працаваць і будаваць дзяржаву. У нас у Латвіі гэтага не разумеюць. Таму і ставяцца да гэтага вельмі павярхоўна».

Улада супраць народа

Затое мілітарызацыя прыбалтыйскай краіны адбываецца без праблем. Як стала вядома, еўрапейскія фінансавыя эксперты міжнароднай фінансава-кансалтынгавай кампаніі SІA Grant Thornton Baltіc прапанавалі Латвіі ўвесці спецыяльны падатак на абарону, каб давесці фінансаванне выдаткаў на абарону да трох працэнтаў ВУП (цяпер 2,4 працэнта). Відавочна, што гэта першы інфармацыйны ўкід, за якім улады разгорнуць наступныя дзеянні.

Проста шакавальным стала паведамленне аб тым, што паліцыя Латвіі забараніла мясцовым жыхарам прыносіць кветкі ў знак салідарнасці з народам Расіі ў сувязі з жахлівым тэрактам у канцэртнай зале «Крокус Сіці Хол» у Краснагорску. Пра гэта паведаміла расійскае пасольства ў Рызе, перадае ТАСС. «У знак падтрымкі Расіі і сем’яў загінулых у выніку трагічных падзей у Падмаскоўі сотні жыхароў Латвіі, якія падзяляюць боль нашага народа, працягваюць прыносіць кветкі і лампадкі да сцен пасольства ў Рызе. Вось толькі мясцовым „ахоўнікам парадку“, мяркуючы па ўсім, невядомыя такія паняцці, як спачуванне чужому гору, — латвійская паліцыя забараняе неабыякавым грамадзянам набліжацца да будынка дыпмісіі, каб ушанаваць памяць ахвяр жахлівага тэракта», — адзначылі ў дыппрадстаўніцтве.

Афіцыйная Рыга не грэбуе блакоўкай сайтаў. Нацыянальным саветам па электронных СМІ Латвіі было прынята рашэнне аб закрыцці доступу да беларускіх медыярэсурсаў ont.by і sb.by. Як адзначылі ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі, гэта «недапушчальныя дзеянні, накіраваныя на абмежаванне свабоды слова і мэтанакіраванае пазбаўленне латышскіх грамадзян права на атрыманне поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі». «Атрымліваецца, яны сказалі наступнае: „Ідэалагічна няправільная інфармацыя, якая не адпавядае жаданням латвійскіх эліт, цэнтраў інфармацыйна-псіхалагічных аперацый НАТА. Гэтую інфармацыю мы вам чытаць забараняем, вы павінны быць абалванены натаўскай прапагандай“. Латвія, па вялікім рахунку, не суверэнная дзяржава, — адзначыў у эфіры „Альфа Радыё“ палітолаг Пётр Пятроўскі. — Ёсць сцяг, герб, гімн, але не Латвія вырашае, што ёй забараняць, яна поўнасцю падкантрольная адпаведным гаспадарам». У такой сітуацыі простым жыхарам Латвіі, на жаль, спадзявацца на лепшае не выпадае. Няма будучыні…

Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 29 сакавіка 2024

Кoличество переходов на страницу: 50