Доўгачаканыя летнія канікулы ўжо на нізкім старце. Пару тыдняў — і вось яна, воля ад урокаў, школьных класаў і хатніх заданняў. Студэнты пару летняга адпачынку адкрыюць крыху пазней, пасля сесіі. Але ад гэтага канікулы для іх не стануць менш прывабнымі — яны будуць самымі доўгімі ў годзе і для таго, каб напоўніць іх яркімі і незабыўнымі падзеямі: знайсці новых сяброў і захапленне па душы, зрабіць першыя крокі ў прафесію або зарабіць свае першыя грошы. Часу хопіць на ўсё.
Займальны погляд на прафесію
З набліжэннем лета часовая занятасць і працаўладкаванне моладзі ў гэты перыяд сталі аднымі з самых актуальных тэм, нараўне з цэнтралізаваным экзаменам і тэставаннем. Кіраўнікі і спецыялісты прадпрыемстваў і арганізацый ужо гатовы расказаць аб тым, якую работу могуць прапанаваць школьнікам, з якой прафесіяй пазнаёміць.
Першым працоўным месцам могуць быць і заводскі цэх, і фруктовы сад ці прышкольны ўчастак, дзе ўлетку заўсёды шмат спраў. Толькі ў Мінску моладзь гэтым летам зможа папрацаваць на 250 аб’ектах, сярод якіх, дарэчы, ёсць вельмі цікавыя. Пра адзін з іх расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Вікторыя Пашко.
— Наш цэнтр — найбуйнейшая ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў галіне экалогіі і краязнаўства. А калі гаварыць аб матэрыяльна-тэхнічнай базе ўстаноў адукацыі краіны (а гэта 10 аднапрофільных і 82 установы, у структуру якіх уваходзіць эколага-біялагічны профіль), то ў іх ёсць і прысядзібныя ўчасткі, і цяпліцы, і аранжарэі. Ёсць жывыя куткі і акварыумныя класы, якія патрабуюць пастаяннага догляду.
Паводле слоў Вікторыі Вітальеўны, гаспадарка агульнай плошчай у профільных установах адукацыі, якія маюць экалагічны напрамак, складае 18 гектараў. Тут заўсёды маюць патрэбу ў рабочых руках.
— Калі дзіця цікавіць эколага-біялагічны кірунак і яно наведвае аб’яднанні па інтарэсах на працягу года, то падчас летніх канікулаў можна папрацаваць і на базе нашага цэнтра экалогіі і краязнаўства, а таксама абласных і раённых цэнтраў дадатковай адукацыі, — працягнула намеснік дырэктара. — Акрамя гэтага, на працягу шэрагу гадоў у краіне рэалізоўваецца праект «Сад надзеі». У садах працы хапае з вясны да восені, як і з надыходам цяпла: пасадка, а летам — нагляд за саджанцамі і дрэўцамі. Увосень — збор ураджаю.
Працуючы ў агародзе ці кутках жывой прыроды, дзіця не проста дапаможа раслінам і жывёлам, а атрымае карысную практыку. Гэта выдатны вопыт для тых школьнікаў, хто вырашыць звязаць сваё далейшае жыццё з біялогіяй ці экалогіяй.
Па літары закона
Якое б поле летняй дзейнасці ні абраў падлетак, работадаўцам важна дакладна выконваць усе прадпісаныя заканадаўствам правілы.
Пра іх нагадвае намеснік начальніка аддзела арганізацыі садзейнічання занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Наталля Сілістроўская.
Пра іх нагадвае намеснік начальніка аддзела арганізацыі садзейнічання занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Наталля Сілістроўская.
— Працаўладкаванне навучэнскай моладзі магчыма толькі з 16 гадоў. Аднак з пісьмовай згоды аднаго з законных прадстаўнікоў дзеці з 14 гадоў могуць таксама падпрацаваць у вольны ад вучобы час. Для атрымання накіравання на працу хлопчыкам і дзяўчынкам неабходна звяртацца ў гарадскую службу занятасці, якая знаходзіцца ў Мінску па адрасе Берасцянская, 20. Пры сабе неабходна мець пашпарт, працоўную кніжку (пры яе наяўнасці), даведку з месца вучобы.
Асобна Наталля Сілістроўская спынілася на такім важным моманце, як працягласць рабочага дня для непаўналетніх, і падкрэсліла, што, згодна з працоўным заканадаўствам, тут ёсць абмежаванні: на працягу навучальнага года моладзь ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў мае права працаваць не больш як 2 гадзіны 18 хвілін у дзень. Ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў — не больш чым 3 з паловай гадзіны. А ў перыяд летніх канікулаў гэтыя лічбы падвойваюцца і складаюць не больш за 4 гадзіны 36 хвілін для першай катэгорыі і не больш за 7 гадзін — для другой. Акрамя гэтага, дзеці могуць выконваць лёгкія віды работ, прадугледжаныя пералікам, і не могуць быць прыцягнуты да работы ў выхадныя і святочныя дні, звышурочна і ў начны час.
Ад палёў да ўскраін
Шырокі фронт работ — ад сельскай гаспадаркі да Байкала-Амурскай магістралі — чакае гэтым летам і студатрадаўцаў. Дзе сёння будуць працаваць студэнты, якія аб’екты для іх стануць ключавымі, расказвае камісар Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў Анастасія Яленская.
— У 2024-м, які аб’яўлены Годам якасці, акцэнт будзе зроблены на павышэнне якасці працы студэнцкага руху. Мы працягнем старыя праекты — такія, напрыклад, як на прадпрыемстве «Атлант», сумесныя праграмы з прамысловымі флагманамі Беларусі — МАЗам, Мінскім трактарным заводам. З Беларускай чыгункай будзем рэалізоўваць яшчэ адну сваю задумку — «Дарога магчымасцяў».
У гэтым годзе захаваны сем кірункаў работы студэнцкіх атрадаў: будаўнічы, экалагічны, сельскагаспадарчы, педагагічны, сэрвісны, вытворчы і медыцынскі. Да сярэдзіны траўня ў Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў пададзена больш за 10 тысяч заявак. Да пачатку мая працаўладкавана больш як 3,6 тысяч чалавек. Палова з іх — непаўналетнія. Трапіць у струдатрад могуць хлопцы ва ўзросце ад 14 гадоў да 31 года, якія не маюць медыцынскіх супрацьпаказанняў для працы і акадэмічных запазычанасцяў па месцы вучобы.
Адной з прыкмет развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы моладзевай палітыкі стаў той факт, што сярод наймальнікаў расце колькасць замежных партнёраў.
— Ужо ў гэтым годзе наша моладзь адправіцца працаваць на БАМ. Пашырылася лінейка атрадаў, якія паедуць у Татарстан і будуць там працаваць у лагерах. Рыхтуем студэнтаў і для працы на КамАЗе, — сказала Анастасія Яленская. — Хачу падкрэсліць асабліва, што, акрамя працоўнай дзейнасці, у студэнцкіх атрадах будзе працягвацца і выхаваўчая работа, асноўныя мэты якой — захаванне традыцый, грамадзянска-патрыятычная пазіцыя і гістарычная памяць.
Камісар Рэспубліканскага штаба расказала і аб тым, як ідуць работы на Усебеларускай моладзевай будоўлі — праекце па стварэнні моладзевага патрыятычнага цэнтра на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Маладыя людзі з усіх рэгіёнаў Беларусі там працуюць з лістапада 2023 года. На аб’екце ўжо адпрацавала дзевяць студэнцкіх атрадаў. Гэтым летам у праекце разам з беларускімі студэнтамі возьмуць удзел і студэнты з Расіі.
Студатрадаўскім рухам у Беларусі ў 2024 годзе ахоплена не менш як 50 тысяч моладзі. Каля 25 тысяч з іх будуць працаваць у летні перыяд.
Аўтар: Алена Вінаградава
Звязда, 26 траўня 2024
Кoличество переходов на страницу: 107
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |