https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: «У нас не толькі для абароны, бяспекі, а і для мірнага жыцця дастаткова ўсяго»


З найноўшымі навуковымі распрацоўкамі беларускіх навукоўцаў і студэнтаў кіраўнік дзяржавы азнаёміўся на пляцоўцы Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа». Дасягненні айчыннай навукі тут прадстаўлены ўзорамі электратранспарту і лятальных апаратаў, распрацоўкамі ў сферы штучнага інтэлекту і ІТ-тэхналогій, інавацыйным прыборабудаваннем, біятэхналогіямі, мецынскай тэхнікай і фармацэўтыкай. Апошнія ноў-хаў Прэзідэнту прэзентавалі таксама ваенныя навукоўцы, прадстаўнікі аграпрамысловага комплексу, эколагі. Адным словам, каля тысячы ўнікальных распрацовак — ад космасу да здаровага харчавання — дэманструюць, што беларуская навука не проста ідзе ў нагу з часам, а на некалькі крокаў нават апераджае яго. 

Падчас знаёмства з распрацоўкамі маладых вучоных, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта наша будучыня. Па словах міністра адукацыі Андрэя Іванца, сёння кожны пяты даследчык у Беларусі з’яўляецца маладым вучоным, ва ўзросце да 35 гадоў. 

«Мы калісьці дамовіліся з кіраўніком акадэміі (старшынёй прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімірам Гусаковым.), што мы павінны паказаць тое, што ўмеем, — адзначыў Прэзідэнт. — І ўмеем не штосьці — тут, як мяне інфармуюць, каля тысячы навейшых распрацовак. Людзям патрэбна паказаць гэту выстаўку. Мы ўвесь час паказваем трактар, аўтамабіль, страляем, узрываем... А ў нас не толькі для абароны, бяспекі, а і для мірнага жыцця дастаткова ўсяго». 

Прэзідэнт папрасіў прадэманстраваць, што канкрэтна распрацоўвае моладзь. Каля стэнда, які прэзентуе распрацоўкі для космасу, кіраўніку дзяржавы далажылі, што першы спадарожнік ужо актыўна працуе, і прадэманстравалі новы, які ўжо ў маі будзе запускацца ў космас з касмадрома «Усходні». Як заўважыў Андрэй Іванец, распрацоўка поўнасцю маладзёжная. «Гэта вялікая перспектыва», — кажучы пра дасягненні вучоных у касмічнай сферы, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Азнаёміўшыся з апошнімі біямедыцынскімі распрацоўкамі, беларускі лідар спыніўся каля ўзораў, якія дэманструюць поспехі беларускіх вучоных у галіне штучнага інтэлекту. «Да якога ўзроўню мы ўжо дайшлі ў штучным інтэлекце?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы ў вучоных. «Да сусветнага ўзроўню дайшлі ўжо даўно», — адказалі навукоўцы. Вучоным, якія ў нацыянальную скарбніцу айчынных распрацовак уносяць канкрэтныя дасягненні ў галіне штучнага інтэлекту, Прэзідэнт паабяцаў асабістую падтрымку і дапамогу.

Каля экспазіцыі з беларускімі камп’ютарамі вытворчасці «Гарызонт» Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што на яго рабочым стале ўжо з’явілася айчынная тэхніка, якая замяніла замежны камп’ютар, што стаяў дагэтуль. Генеральны дырэктар ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Гарызонт» Юрый Прэдка далажыў, што сёлета прадпрыемства дойдзе да ўзроўню 80% інавацыйнай прадукцыі. Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі апошнія ўзоры, створаныя на прадпрыемстве, сярод якіх — празрысты экран. Гэта, па словах генеральнага дырэктара прадпрыемства, распрацоўка нават не заўтрашняга, а ўжо паслязаўтрашняга часу. 

Прэзідэнт заўважыў, што «Гарызонт» замахнуўся на многае, нягледзячы на тое, што прадпрыемства знаходзіцца пад сур’ёзным ціскам і крытыкай. «Вы малайцы, — пахваліў Аляксандр Лукашэнка. — Вы паказалі, што мы вырабляць можам усё. І, як бы ні было складана, мы гэта зробім». Ужо, па словах беларускага лідара, і на Захадзе пачынаюць разумець, што з Беларуссю трэба супрацоўнічаць. 

Гаворачы пра распрацоўкі «Гарызонта», Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта будучыня на вялікім нашым рынку. «Пакуль дзякуй, але 70% да канца года», — такую задачу паставіў ён, маючы на ўвазе пра складнікі беларускага камп’ютара. Па словах Прэзідэнта, за развіццём сферы штучнага інтэлекту і мікраэлектронікі — будучыня.

«Калі мы хочам быць вялікай з пункту гледжання інтэлекту, цывілізаванай дзяржавай — гэта аснова, гэта будучыня», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Беларускаму лідару расказалі аб прымяненні лазерных тэхналогій у медыцыне і іншых сферах, перавагах інавацыйных акумулятарных батарэй, прадэманстравалі апошнія ўзоры электратранспарту. Вучоныя падзяліліся сваімі распрацоўкамі ў галіне абароны і бяспекі. У прыватнасці, прадэманстравалі спектр беспілотных лятальных апаратаў, якія, дарэчы, прызначаны не толькі для ваенных мэт. Беспілотнікі айчыннай вытворчасці выкарыстоўваюцца і ў аграпрамысловым комплексе — у прыватнасці, для апрацоўкі зямлі ад шкоднікаў. 

Выстаўку навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная», якая працуе на працягу гэтых выхадных, можа наведаць кожны. Аўтары навуковых распрацовак, сярод якіх як вопытныя навукоўцы, так і маладыя вучоныя, у тым ліку школьнікі, падрыхтавалі шмат цікавага нават для самага запатрабавальнага наведвальніка. 

У тэму

Як у размове з журналістамі адзначыў старшыня Прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў, на выстаўцы навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная» прадстаўлены самыя апошнія навінкі, самыя апошнія распрацоўкі.

«Тут іх больш за тысячу, — звярнуў увагу ён. — Тут няма старых распрацовак. Усё самае новае. Мы прадставілі кіраўніку дзяржавы шэраг распрацовак сусветнага ўзроўню. Нават ёсць такія рэчы, дзе мы ідзем наперадзе: у вобласці штучнага інтэлекту, мікраэлектронікі».

Уладзімір Гусакоў расказаў, што беларускія вучоныя асвоілі чыпы і мікрасхемы. Гэта, па яго словах, стопрацэнтныя нашы распрацоўкі, без якіх-небудзь замежных камплектуючых.

«Навука ніколі не была стратнай, — падкрэсліў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі. — Навука заўсёды акупная і высокаакупная. Літаральна на ўсе нашы распрацоўкі ўжо ёсць дагаворы. Я дэманстраваў маленькі мікраэлектронны датчык — учора падпісаны дагавор на мільён долараў. Перад новым годам прадалі лазераў розных памераў таксама на мільён долараў. У нас ёсць праграмы, якія маюць акупнасць больш за 100 долараў на рубель затрат. Ніжэй за 5-10 долараў на рубель затрат — такіх распрацовак няма».

Беларускі тэтрапак і вакцына супраць раку

Удзельнікі выстаўкі навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная» падзяліліся сваімі распрацоўкамі

Андрэй Мамаеў — адзіннацацікласнік адной са школ Рагачова і навучэнец Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку. А яшчэ ён адзін з аўтараў шэрагу ўнікальных біяраскладальных упаковачных матэрыялаў. Юны вучоны прадэманстраваў ядомыя плёнкі і біяраскладальныя ўпаковачныя матэрыялы, якія ствараюцца з крухмалу, іншых полімераў і не маюць аналагаў на тэрыторыі краін СНД. «Упершыню ў свеце ў такія плёнкі мы ўпакавалі мёд, цукеркі, дазаваныя наборы спецый, дазаваныя наборы для супу і кашы, — расказаў школьнік. — Мы зрабілі ўпаковачны матэрыял з антыаксідантнымі, антымікробнымі ўласцівасцямі для падаўжэння тэрміну захоўвання шматлікай прадукцыі. Напрыклад, у такую ўпакоўку можна змясціць сметанковае масла: яно не будзе псавацца, пры гэтым смакавыя якасці масла палепшацца. Для аматараў падарожжаў мы стварылі гарбату ў выглядзе плёнак. Для касманаўтаў распрацавалі зубную пасту, калі для чысткі зубоў не патрабуецца вада». 

Навучэнцы Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку знайшлі і беларускую замену тэтрапаку. «Пакрываючы афсетную паперу растворамі полімераў, мы атрымалі такую ўпакоўку, — падзяліўся дэталямі Андрэй Мамаеў. — Яна складаецца з картону, крухмальнай плёнкі, воску, плёнкі з гарбатай і актываваным вуглём. Дзякуючы гэтаму яна поўнасцю біяраскладаемая. Пры гэтым захоўвае ўсе карысныя рэчывы, зяўляецца вільгаценепранікальнай, не прапускае кісларод і ўльтрафіялетавыя прамяні, што дазваляе прадукту захоўвацца доўгі час. Выраблены тэтрапак поўнасцю з айчыннай сыравіны». 

Для тых, хто не можа справіцца з такой далікатнай праблемай, як храп падчас сну, навукоўцы прапаноўваюць спецыяльную капу. Пра распрацоўку ў галіне медыцынскай тэхнікі распавёў рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, член-карэспандэнт НАН Беларусі Сяргей Рубніковіч: «Капа прымяняецца для лячэння пацыентаў з храпам і сіндромам абструктыўнага апноэ сну, які характарызуецца часовым спыненнем дыхання падчас сну ад 10 да 20 секунд, у цяжкіх выпадках — да 2-3 хвілін. У некаторых выпадках чалавек не спіць больш як палову ночы. У выніку — санлівасць, разбітасць, апатыя. Наша распрацоўка дазваляе высунуць ніжнюю сківіцу ў індывідуальнае становішча і не перашкаджае закрыццю дыхальных шляхоў падчас сну». Як паведамілі распрацоўшчыкі, спецыяльная капа ўжо ёсць у продажы, цана даступная. 

Два топавыя прадукты ў галіне фармацэўтыкі, якія, па меркаванні вучоных, зменяць нашу будучыню, прэзентаваў намеснік дырэктара РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М.Аляксандрава, акадэмік НАН Беларусі Сяргей Красны. Па-першае, гэта вакцына супраць раку яечнікаў «Еленаген».

«Скончыліся клінічныя выпрабаванні, атрыманы самыя лепшыя вынікі ў свеце, — звярнуў увагу Сяргей Красны. — Ні ў якой краіны нават блізка няма падобнага! У цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь распачата лабараторная вытворчасць гэтага прэпарату. Выпускаецца прыкладна па 40 флаконаў у тыдзень. У наступным месяцы мы плануем пачаць маштабізацыю вытворчасці. Спадзяёмся выйсці прыкладна на тысячу флаконаў у тыдзень. У такім разе можна будзе яшчэ праводзіць даследаванні ўздзеяння прэпарату на іншыя віды злаякасных пухлін». 

Другі прадукт, які айчынныя анколагі распрацавалі разам з Кобрынскім масларобчым—сыраробчым заводам, — лячэбнае харчаванне новага віду для хворых на анкалагічныя захворванні.

«Гэты прадукт вырашае дзве вялікія праблемы: па-першае, дазваляе нам адмовіцца ад закупкі імпартных адпаведных прадуктаў і аднаўляе нашым пацыентам бялковы абмен, — заўважыў Сяргей Красны. — Другая праблема, якую мы вырашылі, — выкарыстанне вялікай колькасці малочнай сыроваткі, якая ўтвараецца пры вытворчасці масла і сыру. Раней яна прадавалася за капейкі, а цяпер выкарыстоўваецца для комплекснага харчавання, якое вельмі дапамагае нашым пацыентам. Пры гэтым такое харчаванне неабходнае не толькі анкалагічным пацыентам. Яно выкарыстоўваецца пры любым хранічным захворванні, якое суправаджаецца бялковай недастатковасцю. Такое харчаванне дазваляе значна павысіць выжывальнасць анкалагічных пацыентаў амаль на 30%. Такога эфекту не даюць ні адныя лекі».

Аўтар: Вераніка Канюта
Звязда, 21 студзеня 2023

Кoличество переходов на страницу: 210